Меню
Курс $  3.31 | €  3.5 | ₽100  3.3 |
Погода 1 °C

З пашанай да хлебаробаў

Нясвіжскія навіны 4 недели назад 0 21

Пост опубликован: 22.10.2024

У мінулую суботу, 19 кастрычніка, у Валожыне адбыўся абласны фестываль-кірмаш «Дажынкі-2024». З усіх раёнаў міншычны з’ехаліся сюды працаўнікі сяла — людзі, чыімі рукамі ўзрошчваецца хлеб, тыя, хто паказаў выключныя вынікі на жніве. Ужо з раніцы ў горадзе пачалі работу тэматычныя пляцоўкі, інтэрактыўныя зоны, гандлёвыя рады, гарады майстроў і фотазоны, выставы сельскагаспадарчай тэхнікі, тавараў арганізацый і прадпрыемстваў вобласці, рамеснікаў, устаноў сацыяльнай сферы, грамадскіх арганізацый. Мясцовыя жыхары і госці змаглі наведаць і падворкі нацыянальнасцей, якія пражываюць на тэрыторыі Міншчыны. «Дажынкі-2024» падрыхтавалі для гледачоў і ўдзельнікаў шмат прыемных сюрпрызаў.



Адным з падарункаў для ўдзельнікаў фестывалю-кірмашу было выступленне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Нягледзечы на свой шчыльны графік, кіраўнік дзяржавы завітаў у Валожын, каб павіншаваць аграрыяў Міншчыны з галоўным сельскагаспадарчым святам года.

Да гэтага Прэзідэнт пабываў у гарадскім пасёлку Карма і ў Мікашэвічах, якія таксама сталі фестывальнымі цэнтрамі ў сваіх рэгіёнах. На ўзроўні Кіраўніка дзяржавы «Дажынкі» не праводзіліся ўжо даўно, таму некаторыя воляй-няволяй — у асноўным, вядома, за мяжой — сталі задавацца пытаннямі: а ці не звязаны гэтыя паездкі з выбарчай кампаніяй? У Валожыне Аляксандр Лукашэнка вырашыў сам развеяць гэтую канспіралогію, але да гэтага расказаў, за што можна пакрытыкаваць і пахваліць Мінскую вобласць, чаму губернатару варта рыхтавацца да «жорсткага жыму» і якая якасць беларусаў у свой час выратавала нашу краіну.

«Нашы людзі ўмеюць усё!»
Першы борт прызямліўся раніцай у Валожыне на тэрыторыі мясцовай вайсковай часці. Выйшаўшы з верталёта, кіраўнік дзяржавы перш за ўсё падзяліўся сваімі ўражаннямі аб культуры земляробства ў рэгіёне — у палёце, як вядома, усё бачна, як на далоні. Паводле слоў Прэзідэнта, крытыкаваць Мінскую вобласць у цэлым няма за што, аднак шэраг заўваг усё ж ёсць.

— Крытыкаваць цябе не буду. Можна пакрытыкаваць толькі ў тым плане, што ўсё ты рабіць умееш, але не робіш пакуль усюды, — звярнуўся Аляксандр Лукашэнка да старшыні Мінскага аблвыканкама Аляксандра Турчына. — Ведаеш, як апрацаваць прыфермерскія ўчасткі. Па маршруце няма да чаго прычапіцца. Ведаеш, як араць. Якасць яшчэ нікудышная бо плугі не адрэгуляваныя, але гэта папраўна. Меліярацыю ўмееш рабіць як трэба, дровы ляжаць. …Усё як трэба. Не горш, чым на Захадзе, дзе ўсё прыватнае. І як своечасова пасеяць азімыя ведаеш. Засталося прыбраць кукурузу. Але невялікія плошчы, прыбяром. Гэта значыць умееш рабіць усё. Пажадана, каб гэта было ўсюды. Чаму не ўсюды дысцыпліна. Усяго хапае, умеем рабіць, трактары, тэхніка. Але дысцыпліна дзесьці недацягвае. За зіму ўсіх трэба закруціць, закруціць. Ты ж будзеш працаваць губернатарам, таму трэба прымушаць людзей працаваць так, як трэба.

Пасля гэтых слоў Аляксандр Лукашэнка звярнуўся непасрэдна да прысутных, да аграрыяў Мінскай вобласці.

— Па шматгадовай традыцыі, закладзенай на світанку незалежнай Беларусі, мы сабраліся разам, каб найперш пакланіцца вяскоўцам за працу і ўручыць заслужаныя ўзнагароды нашым героям. Міншчына — рэгіён незвычайны. Гэта геаграфічны цэнтр краіны. Яе землі знаходзяцца ва ўсіх прыродных фізіка-геаграфічных зонах рэспублікі, уключаючы Палессе і Паазер’е — адзначыў Прэзідэнт у сваім выступленні на цырымоніі ўшанавання працаўнікоў вёскі.

Мінскую вобласць ён назваў практычна Беларуссю ў мініяцюры. З пункту гледжання земляробства тут на практыцы ведаюць патэнцыял урадлівасці, плюсы і мінусы ўсіх глеб і палёў і ўмела гэтыя веды выкарыстоўваюць. У рэгіёне размешчаны возера Нарач і Нацыянальны парк «Нарачанскі», Бярэзінскі біясферны запаведнік, найвышэйшы пункт рэспублікі — гара Дзяржынская, а ў Салігорску залягаюць 20 працэнтаў сусветных запасаў калію. «І гэта толькі невялікая частка прыродных рэсурсаў рэгіёна», — заўважыў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт канстатаваў, што сёння Мінская вобласць — адзін з лідараў у прамысловасці і сельскай гаспадарцы. А калісьці беларусы стаялі ў прамым сэнсе «на ростанях», выбіраючы свой шлях, нагадаў кіраўнік дзяржавы.

— Мы вызначаліся, куды і як ісці: развіваць прамысловасць, станавіцца аграрнай краінай ці ўвогуле распрадаць замежнікам савецкую спадчыну і засяродзіцца, як тады казалі, на нейкіх паслугах, як я казаў, быць халуямі? Вынікі нашага выбару сёння бачаць усе — мы самі, і нашы сябры, і зайздроснікі, — успомніў Аляксандр Лукашэнка.

У Беларусі высокапрадукцыйны АПК, развітая горназдабыўная прамысловасць, машынабудаванне сусветнага ўзроўню, мадэрнізаваная нафтаперапрацоўка і многае- многае іншае.
— Нічога не разбазарана, не страчана. Мы прымножылі спадчыну наймагутнага Савецкага Саюза, ператварыўшы гэты здабытак у нацыянальныя брэнды сучаснай Беларусі. Як нам гэта ўдалося? Дзякуючы людзям, якія жывуць на блаславёнай беларускай зямлі, іх мудрасці, цярпенню і, самае галоўнае, працавітасці,— падкрэсліў Прэзідэнт. — Яна дапамагала нам выжываць у любое ліхалецце. І тое, што мы маем сёння — агульная заслуга ўсіх рэгіёнаў нашай Беларусі.

Але самы важкі кавалак — больш за 2,5 млн т збожжавых і зернебабовых культур, кукурузы і рапсу — сёлета менавіта ў Мінскай вобласці. Тут выгадавалі чвэрць ад цяперашняга каравая. А калі параўноўваць з сярэдзінай 1990-х — гэта палова таго, што збіралі ўсёй Беларуссю.

Сярэдняя ўраджайнасць збожжавых (разам з кукурузай) дасягнула ў рэгіёне амаль 44 ц/га. Гэта больш, чым у суседніх еўрапейскіх краінах. А лепшыя гаспадаркі рэгіёну — «Гастэлаўскае», «Сноў», «Грыцкевічы», «Пяцігор’е» — сабралі каля 100 ц з гектара і вышэй. Гэта ўжо ўзровень сусветных лідараў, звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы.
— Як я гаварыў, вы ўмееце рабіць усё, — канстатаваў Прэзідэнт.

Завяршаюцца ўборка бульбы, кукурузы, нарыхтоўка кармоў. У тэрмін пасеяны азімыя культуры. Выдатна, паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, паказаў сябе азімы ячмень — ураджайнасць 45 ц/га.

— Павелічэнне яго пасяўных плошчаў у паўтара раза — правільны напрамак. Малайцы, што заняліся кукурузай. Высявайце больш за ўсіх у краіне, — заўважыў кіраўнік дзяржавы. — Добрая работа з кармамі адразу дае прадукцыйнасць у жывёлагадоўлі. Вы абяцаеце, што да канца года будзе надоена 7 тыс. кілаграмаў малака з кожнай каровы. Але давайце будзем адкрытыя: гэта, як часта гавораць, сярэдняя тэмпература.

Вы здольныя на большае. За спінамі лідараў мінскай «перапрацоўкі» (агракамбінат «Дзяржынскі», «Смалявічы Бройлер», «Вялес-Міт» і іншыя) яшчэ хапае прадпрыемстваў, якім неабходна ўзяць на сябе, мякка кажучы, павышаныя абавязацельствы — перакананы беларускі лідар.

Паводле слоў Прэзідэнта, пункты росту — у разумным кіраванні, укараненні інавацый, жалезнай тэхналагічнай і вытворчай дысцыпліне.
— Наглядны прыклад таго, як можна падысці да справы з розумам, — сады «Спартан- Агра» ў Маладзечне. Фермер — не супернік, а партнёр для дзяржавы. Добрыя ініцыятывы трэба стымуляваць і даваць ім зялёнае святло. Мы павінны падтрымліваць эфектыўнага, дзяржаўнага прыватніка, — лічыць Аляксандр Лукашэнка. — Але незалежна ад таго, дзяржаўнае гэта прадпрыемства або прыватнае, якасць вышэй за ўсё. Менавіта ў гэтым была мэта аб’яўлення гэтага года Годам якасці. Але мы неяк расслабіліся, яшчэ не ўсё зрабілі. У 2025 годзе якасці будзе нададзена прыярытэтная ўвага. У гэтым залог як нашага эканамічнага росту, так і павышэння прэстыжу на сусветных рынках. А гэта грошы.

Прэзідэнт заклікаў кожнага на сваім месцы выкладвацца па максімуме. Тады, паводле яго слоў, і вынікі будуць высокія.
— Тады ў нас заўсёды будуць магчымасці павышаць зарплаты і пенсіі, будаваць жыллё, дарогі і сацыяльныя аб’екты, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Пагля- дзіце, бо ўжо нямала зроблена ў сферы аховы здароўя, адукацыі, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, культуры, спорту. Міншчына, напрыклад, стала першай вобласцю, дзе практычна ў кожным раёне ёсць свой басейн. Калісьці мы ўвялі сістэму мінімальных сацыяльных стандартаў. Сёння настаў час узняць іх на больш высокі, новы ўзровень.

Ён падкрэсліў, што неабходна стварыць у райцэнтрах, аграгарадках, вёсках і пасёлках такія камфортныя ўмовы, каб людзі імкнуліся жыць, працаваць і гадаваць дзетак менавіта там. Каб туды ехалі з Мінска і вялікіх гарадоў. А не наадварот.

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што ў бліжэйшы час размова на гэту тэму будзе весціся ў Палацы Незалежнасці.
— Больш падрабязна аб гэтым пагаворым. Нельга сцягваць лю- дзей у два-тры гарады ў краіне, а то і ў Мінск. Горкі вопыт нашых суседзяў сведчыць аб тым, што гэта катастрофа для тых, хто жыве, дапусцім, у Мінску або Маскве, — адзначыў Прэзідэнт. Трэба зрабіць так, каб нашы дзеці бегалі басанож па траве, дыхалі свежым паветрам, харчаваліся сваімі прадуктамі. І, самае галоўнае, каб яны ў выніку гэтага не адрываліся ад роднай зямлі, не шукалі сваё шчасце не- дзе далёка. Каб нашы дзеці хацелі і маглі працаваць на сваёй зямлі. Калі мы закладзём у іх з дзяцінства вось гэта жывое, сапраўднае, такія правільныя каштоўнасці, можна быць спакойнымі і за лёс краіны.

Прэзідэнт у час удзелу ў фестывалі-кірмашы «Дажынкі—2024» у Валожыне ўзнагародзіў лепшых аграрыяў Мінскай вобласці.
— Ад усяго сэрца дзякую ўсім, хто працаваў на палях і жывёлагадоўчых комплексах, у садах, на перапрацоўчых аграпрамысловых прадпрыемствах. Сёння са сцэны «Дажынак» я запэўніваю, што Беларусь, якая пастаўляе прадукты харчавання ў больш як 100 краін свету, працягне рабіць усё, каб і ў іншых народаў былі смачныя, якасныя беларускія прадукты і высокія ўраджаі. Мы гэта ўжо робім, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы таксама не застаўся без падарунка: яму ўручылі традыцыйны святочны каравай ад хлебаробаў Мінскай вобласці, а ад жыхароў Валожынскага раёна — макет бацькоўскага дома.

— Яшчэ раз дзякуй вам за цярпенне, за працу, — звярнуўся Прэзідэнт да прысутных. — За тую дапамогу і падтрымку, якую вы заўсёды аказвалі не толькі мне, але і краіне. У перадвыбарчы перыяд усе здаюць іспыт. Калісьці я прыдумаў добрую формулу: не толькі дзейны Прэзідэнт, але ўсе мы перад нашым народам здаём іспыт. Ды што там перад нашым народам: сёння ўсё засяроджана на Беларусі.

Прэзідэнт таксама адзначыў, што зараз у краіне праходзіць шмат розных мерапрыемстваў, у іх ліку і «Марафон адзінства». Аляксандр Лукашэнка параўноўваў гэты фестываль з «Дажынкамі», толькі для прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі.

— У нашых творчых людзей таксама зараз «уборка», як я ім кажу: вы павінны парадаваць нашых людзей, — патлумачыў Прэзідэнт. — Я папрасіў творчых работнікаў, дзяржслужачых гэта вялікае дзейства правесці па краіне, паказаць, што не толькі рабочыя, сяляне, але і творчыя людзі вартыя нашай працы — рабочых і сялян. Такіх мерапрыемстваў будзе шмат. Напрыклад, такое свята рыхтуюць і беларускія спартсмены. Яго таксама плануюць паказаць усёй краіне. І справа тут не ў электаральным перыядзе. Жыццё такое: ад пасяўной да ўборкі. Не паспеем азірнуцца — праляціць гэта восень, пройдзе зіма, і нам зноў трэба выязджаць у поле, хоць мы адтуль і не выходзім нават зімой. У нас ёсць усё. Нават калі чагосьці няма, мы гэта купім. Галоўнае — здароўе.

Узнагароды для Нясвіжчыны
Пасля выступлення Аляксандр Лукашэнка перайшоў да цырымоніі ўзнагароджвання. Сярод тых, хто атрымаў медаль «За працоўныя заслугі» асабіста ад Прэзідэнта, быў і галоўны аграном СВК «Агракамбінат Сноў» Аляксандр Шаманаў.

Увогуле, працаўнікі Нясвіжчыны выдатна правялі жніво, таму з фестываля-кірмашу прывезлі шмат узнагарод рознага ўзроўню.
Падзяка Старшыні Савета Рэспублікі была аб’яўлена старшыні праўлення СВК «Агракамбінат Сноў» Мікалаю Радаману. Падзяка Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — дырэктару ААТ «Грыцкевічы» Яўгену Здановічу і дырэктару ААТ «Сейлавічы» Аляксандру Касперу.

Таксама падчас «Дажынак» былі падведзены вынікі спаборніцтваў, якія праходзілі падчас жніва. Сярод лідараў ёсць і прадстаўнікі Нясвіжчыны.
Вадзіцель «Э/Б «Свеклавічная» Артур Надольскі стаў лепшым у спаборніцтве сярод маладых кіроўцаў. За час сёлетняга жніва ён перавёз 1,159 тыс. тон збожжа.
2-е месца ў штогадовым абласным спаборніцтве за дасягненне высокіх паказчыкаў на ўборцы ўраджаю збожжавых і зернебабовых культур сярод звёнаў аператараў зернесушыльных установак занялі электраманцёры па абслугоўванні электраабсталявання ААТ «НОВАЕ ЖЫЦЦЁ» Валерый Бірыла і Анатоль Казляк.
Бронзавым прызёрам штогадовага абласнога спаборніцтва сярод вадзіцеляў транспартных сродкаў сельскагаспадарчых прадпрыемстваў стаў вадзіцель ГАЗ-3507 ААТ «Нясвіжскія Астроўкі» Віктар Хваль.

Як вядома, у Мінскай вобласці праходзіў конкурс на лепшую саламяную фігуру. І вось падчас свята былі падведзены яго вынікі. 2-е месца заняла кампазіцыя, падрыхтаваная ААТ «НОВАЕ ЖЫЦЦЁ».

Узнагароду з рук старшыні Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Аляксандра Турчына атрымала намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Іна Сцяпура і трактарыст-машыніст сельскагаспадарчай вытворчасці ААТ «НОВАЕ ЖЫЦЦЁ» Сяргей Яраш.

Падчас абласных «Дажынак» таксама ўшаноўвалі і лепшыя сямейныя дынастыі рэгіёну. У іх лік увайшлі і нашы землякі — дынастыя Бараноўскіх з СВК «Агракамбінат Сноў». Іх агульны працоўны стаж складае 308 гадоў.

Генеральны дырэктар ААТ «ГАРА- ДЗЕЙСКІ ЦУКРОВЫ КАМБІНАТ» Генадзь Салавей уручыў грашовыя сертыфікаты сельскагаспадарчым прадпрыемствам сталічнага рэгіёну. Сярод узнагароджаных — ААТ «Сейлавічы» і «Э/Б «Свеклавічная».

Ветэрынарны ўрач ААТ «Нясвіжскія Астроўкі» Наталля Ясінская, брыга- дзір комплексу «Дубейкі» ЗАТ «1 Мая» Святлана Шкода і аператар па вырошчванні буйной рагатай жывёлы ААТ «Грыцкевічы» Мікалай Дварэцкі атрымалі ў падарунак ад ЗАТ «Агракамбінат «Нясвіжскі» планшэты.

Брыгадзіру вытворчай брыгады жывёлагадоўчага комплексу «Студзёнкі» ААТ «Нясвіжскія Астроўкі» Сяргею Сідарэнку ААТ «Слуцкі мясакамбінат» падарыла ноўтбук, а галоўнаму заатэхніку ААТ «17 Верасня» Валерыю Шымко такі ж падарунак уручыў прадстаўнік ААТ «Слуцкі сырадзельны камбінат».

Мабільны тэлефон ад ААТ «Веста- аграсэрвіс» атрымала заатэхнік-селекцыянер ЗАТ «1 Мая» Таццяна Грынкевіч.

Новая сталіца вобласці
У Валожыне на абласным свяце працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2024» адбылася ўрачыстая цырымонія перадачы сцяга як сімвала правядзення хлебнага фэсту.
Эстафету ад самага туманнага горада Беларусі прыняў самы старажытны горад Мінскай вобласці — Заслаўе! Прычым ён стане яшчэ і сталіцай Мінскай вобласці 2025 года: такое будзе ўпершыню ў гісторыі!

— Мы сёння заклалі яшчэ адну новую традыцыю на Міншчыне. Ведаеце, яна эвалюцыйна прыйшла да нас. Мінская вобласць — адзіная, якая не мае свайго абласнога цэнтра. Горад Мінск — гэта нашыя сябры, нашыя суседзі, але, тым не менш, гэта асобная адміністрацыйная адзінка, — патлумачыў старшыня Мінаблвыканкама Аляксандр Турчын.

Старшыня Мінскага абласнога выканаўчага камітэта таксама нагадаў, што ён даўно працуе ў аблвыканкаме: амаль 5 гадоў старшынёй, да гэтага 5 гадоў — віцэ-губернатарам, старшынёй камітэта.

— І ўвесь гэты час былі думкі, ідэі наконт сталіцы Мінскай вобласці. Што было з гэтым рабіць? І такая вось думка прыйшла, яна трансфармавалася ў сённяшняе нашае рашэнне. Бо «Дажынкі», насамрэч, ужо даўно сталі не проста святам хлебаробаў, — падкрэсліў Аляксандр Турчын. — Вядома, гэта ўсё ў імя чалавека працы, у імя тых, хто працуе на гэтым полі. Але з кожным годам мы ішлі па нарастаючай, трансфармуючы раённыя цэнтры, дзе праводзілі кірмаш працаўнікоў сяла. Валожын — не выключэнне: у райцэнтр былі ўкладзены немалыя сродкі. І сённяшняя традыцыя вызначае горад як сталіцу абласных «Дажынак» наступнага года, так і пераходнае званне сталіцы Міншчыны 2025 года!

Аляксандр Турчын перадаў старшыні Мінскага райвыканкама Аляксандру Юргевічу пераходны сцяг, пажадаўшы на высокім узроўні ў наступным годзе правесці свята працаўнікоў вёскі.

— Цяпер мы называемся прысталічча: прыемна стаць сталіцай хоць на кароткі час. Тым больш, вы ведаеце праблемы Мінскага раёна. І калі надасце нам статус сталіцы юрыдычна, я змагу з мэрам Мінска напрамую вырашаць нейкія пытанні і праблемы, — пажартаваў Уладзімір Юргевіч.

Ён падзякаваў Мінаблвыканкаму за давер і права прымаць у сябе ў наступным годзе абласны фестываль хлебаробаў.
— Мы ўбачылі, як падрыхтаваўся Валожын. Думаю, што ў Заслаўі мы таксама пастараемся вырашыць усе пытанні, у тым ліку жыллёва-камунальныя, дарожныя, — сказаў кіраўнік Мінскага раёна. — Сёння Кіраўнік дзяржавы паставіў нам задачу ў 3 млн тон. Упэўнены, ва ўсіх рэгіёнаў ёсць патэнцыял. Спадзяюся, што ў наступным годзе, на такім жа фестывалі працаўнікоў сяла ў Заслаўі (а ў 2025 годзе гораду споўніцца 1040 гадоў), мы дастойна выканаем даручэнне Прэзідэнта. Са святам і да сустрэчы на тэрыторыі Мінскага раёна!

Аляксандр Турчын у сваю чаргу звярнуў увагу: сцяг, сімвал «Дажынак», сімвал сталіцы Мінскай вобласці — не пераходзячы.
— Яно застанецца ў Заслаўі, спа- дзяюся, на доўгія гады і будзе нагадваць пра такую выдатную падзею, якая адбудзецца ў 2025 годзе, — сказаў старшыня Мінаблвыканкама.

Свята ўраджаю
Абноўлены Валожын ператварыўся ў вялізную святочную зону, знайсці забаўку на якой маглі дарослыя, і дзеці. «Дажынкі» — свята ўраджаю, і лакацыі, ўпрыгожаныя ў восеньскай тэматыцы, паказвалі ўрадлівасць краю, адлюстроўваючы самабытнасць кожнага з раёнаў.

У цэнтры горада, недалёка ад галоўнай сцэны, размясціліся пляцоўкі ўсіх раёнаў Мінскай вобласці. Снапы і караваі сталі іх галоўнымі атрыбутамі.
Выстава снапоў і караваяў сабрала шмат захопленых поглядаў — і нездарма. Кожны каравай быў проста дзівосным. Дарэчы, наш каравай таксама быў прадстаўлены тут. Ён увесь глядзеўся нібы карункавы — эфектна і прыгожа!

Валожын падчас святкавання «Дажынак-2024» на працягу шматга- дзіннай праграмы працягваў радаваць жыхароў і гасцей горада. Былі арганізаваны забавы на любы густ і ўзрост: фуд-корты, выставы, інтэрактыўныя зоны, нечаканыя падарункі і госці, час для ўрачыстых цырымоній і вечар для забаўляльнай праграмы.

Удзельнікам дзейства сапраўды спадабаўся розыгрыш прадуктовых кошыкаў сярод жыхароў і гасцей горада. Святочны канцэрт з удзелам творчых калектываў Мінскай вобласці і артыстаў беларускай і расійскай эстрады ўразіў узроўнем арганізацыі, самабытнасцю і талентамі землякоў, парадаваў хітовымі кампазіцыямі гасцей краіны-суседкі. У Валожыне выступілі Аляксандр Саладуха і гурт «Дразды». Сапраўдным падарункам для гасцей абласнога свята стала выступленне гурта «Бліскучыя».
Скончыўся абласны фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2024» у Валожыне яскравым святочным феерверкам.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!