Меню
Курс $  3.31 | €  3.5 | ₽100  3.3 |
Погода 1 °C

Каб ажыць душой

Нясвіжскія навіны 1 месяц назад 0 34

Пост опубликован: 20.10.2024

Каб ажыць душой, трэба дакрануцца да святыняў. І як добра, што сёння настаўнік можа запрасіць на класную гадзіну святара, арганізаваць падарожжа ў храм свайго горада ці вёскі, пазнаёміць дзяцей са святынямі роднага краю. І такіх шляхоў у Беларусі нямерана. Адзін з іх абралі ўдзельнікі канферэнцыі “Асаблівасці правядзення духоўна-асветніцкай работы і выкладання асноў праваслаўнай культуры ў навучальных установах краіны”, якая прайшла ў рамках дзейнасці сумеснага праекта “Узыходжанне” Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Паўлюка Пранузы і Слуцкай епархіі Беларускай праваслаўнай царквы.



У канферэнц-зале бібліятэкі сабраліся настаўнікі агульна-адукацыйных школ раёна, выкладчыкі Нясвіжскага дзяржаўнага каледжа імя Якуба Коласа, бібліятэкары. Са святарскім благаславеннем да ўсіх прысутных звярнуўся благачынны цэркваў Нясвіжскай акругі, настаяцель храма Узнясення Гасподня протаіерэй Аляксандр Данчанка. Пасля абвяшчэння праграмы канферэнцыі ўсім было прапанавана адправіцца ў паломніцтва па святых мясцінах салігорскай зямлі. Найперш — у храмавы комплекс у вёсцы Чыжэвічы. На яго тэрыторыі знаходзіцца адзін са старэйшых храмаў Беларусі — храм Пакрова Найсвяцейшай Багародзіцы 1795 года пабудовы. Побач месціцца нядзельная школа і пякарня. Была тут і майстэрня па пашыву аблачэння.

Ёсць і адносна малады храм, асвечаны ў гонар навамучаніка нашага часу Іаана Чыжэвіцкага, які служыў у тых мясцінах. Першапачаткова гэты храм быў асвечаны ў імя Іаана Прадцечы ў 1995 го- дзе, але ў жніўні 2017 года епіскапам Слуцкім і Салігорскім Антоніем храм быў пераасвечаны ў гонар свяшчэннамучаніка. Справа ў тым, што ў 1999 годзе сінод Беларускай Праваслаўнай Царквы кананізаваў іерэя Іаана Панкратовіча як мясцовашанаванага святога ў ліку 23 навамучанікаў Мінскай епархіі.
У комплекс уваходзіць духоўна-адукацыйны цэнтр, дзе знахо- дзіцца музей гісторыі праваслаўя, а таксама дом-музей свяшчэннамучаніка Іаана Панкратовіча Чыжэвіцкага. Ёсць і званіца.

Пра гісторыю гэтых святынь падарожнікам з Нясвіжа расказала дырэктар нядзельнай школы храма Пакрова Найсвяцейшай Багародзіцы Галіна Цемчына, запрасіўшы ўсіх на экскурсію. Вельмі ўразіў несвіжан і лёс айца Іаана.
Будучы святы нарадзіўся ў Клецку ў 1870 годзе. Аб яго жыцці і дзейнасці напісана мала, але вядома, што ў 1894 годзе ён паступіў ў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю. Пасля заканчэння семінарыі Іаан вярнуўся назад у Клецк, дзе пачаў выкладаць у народным вучылішчы. Менавіта там ён сустрэў чалавека, які выкладаў Закон Божы так, што многія вучні заставаліся на перапынках, каб працягнуць размову. У 1904 годзе ён рукапалажыўся ў сан іерэя. А далей было служэнне Богу і людзям. У працы на ніве духоўнай вельмі дапамагала святару жонка, Любоў Аляксандраўна Скараходава, выпускніца Мінскага духоўнага вучылішча.
Першае іх месца служэння — Прэабражэнскі храм у вёсцы Язынкі, на Брэстчыне. Гэты храм святар узвёў сваімі рукамі з дапамогай прыхаджан. На багаслужэнні туды накіроўваліся не толькі мясцовыя жыхары, але і шматлікія паломнікі. Святар праводзіў хрэсныя хады, стварыў прыходскую школу. Ён асабіста хадзіў па хатах, угаворваючы бацькоў дазволіць наведваць заняткі не толькі хлопцам, але і дзяўчатам.
У 1913 годзе айцец Іаан быў прызначаны настаяцелем Свята-Пакроўскай царквы ў вёсцы Чыжэвічы. Ён стаў апошнім настаяцелем гэтага храма перад яго закрыццём.
У айца Іаана і матушкі Любові было васьмёра дзяцей. Матушка не аправілася пасля апошніх родаў і праз год з паловай клопаты па іх выхаванні цалкам леглі на плечы святара.

Калі ў 1934 годзе храм у Чыжэвічах закрылі, бацюшка працягваў правіць службы ў сваім доме, за што і быў зняволены. З 23 жніўня па 6 кастрычніка айца Іаана трымалі ў Слуцкай турме. Яго абвінавачвалі ў тым, што ён парушыў забарону. Адзін з яго катаў прапаноўваў зняць падраснік, крыж, ісці ў свет і зноў стаць настаўнікам. Святар не пагадзіўся, таму 6 кастрычніка 1937 года яго расстралялі.
Несвіжане пабачылі асабістыя рэчы айца Іаана: келейную ікону, малітоўнік. “Новы Запавет” матушкі Любові, які яна атрымала пасля заканчэння духоўнага вучылішча. У музеі знаходзіцца шмат вышываных рэчаў, зробленых рукамі Любові Аляксандраўны. Гэтыя сямейныя рэліквіі захавала іх унучка.
У музеі гісторыі праваслаўя удзельнікі канферэнцыі пабачылі анціменс, старажытную плашчаніцу, Біблію 1703 года, старыя царкоўныя кнігі. Некаторыя з іх належалі Мітрапаліту Філарэту, чалавеку, які, па словах Галіны Пятроўны, аддаў усё сваё жыццё для таго, каб праваслаўе жыло на нашай беларускай зямлі, каб былі на ёй мір, разуменне і згода, каб мы сёння хадзілі ў храм і ніхто нам у гэтым не перашкаджаў.

Галіне Пятроўне пашчасціла асабіста ведаць Уладыку Філарэта, ла- дзіць тэлесустрэчы з яго ўдзелам.
Частка экспазіцыі прысвечана айцу Іаану Чыжэвіцкаму: фотаздымкі, ікона, Евангелле, ключы ад Пакроўскага храма, выпіска з пратакола, дзе вынесены прысуд святару.
Сёння на салігорскай зямлі шмат паслядоўнікаў Іаана Чыжэвіцкага, якія праводзяць у жыццё яго духоўныя запаветы і пачынанні. Нядзельная школа прыхода храма Пакрова Найсвяцейшай Багародзіцы ўключае тры ўзроставыя групы, у якіх навучаюцца Закону Божаму дзеці і моладзь з 5 да 16 гадоў. Акрамя таго, Галіна і Ігар Цемчыны (Ігар Яўгенавіч — званар храма і выкладчык нядзельнай школы) актыўна супрацоўнічаюць з навучальнымі ўстановамі Салігорска. Галіна Пятроўна адзначыла, што калі настаўнікі — прафесіяналы сваёй справы, але не ўцаркоўлены, работа па духоўным выхаванні не ідзе ўвогуле.
— Каб зацікавіць дзяцей, каб яны да нас ішлі, каб яны нас чулі, патрэбна асаблівая любоў, — лічыць Галіна Пятроўна. — У мяне ёсць цікавы прыклад. У пяцігадовай дзяўчынкі тата спытаў, дзеля чаго яна ходзіць у нядзельную школу. На што тая адказала: “А мяне там любяць”. Яна разумее, што ёй тут цікава, яе тут любяць і яе тут чакаюць. Яна радуецца гэтаму. У нас сёння класы абсталяваны вельмі добра, але дзеці прыходзяць, і ў іх няма радасці. “Няхай узрадуецца сэрца ваша і радасці вашай ніхто не адбярэ”. (Ев. ад Іаана, г.16, в.20). Сям’я — гэта малая царква, і калі ў дзяцей няма такой радасці, недзе ёсць недапрацоўка бацькоў.

Г.П. Цемчына ўпэўнена, што святарам трэба дапамагаць, каб урок на тэмы духоўныя меў некалькі складаемых, каб можна было перайсці на інтэрактыў, увесці нават нейкія рухомыя элементы. Педагог расказала аб матэрыялах, якія можна выкарыстаць пры падрыхтоўцы: распрацоўкі ўрокаў для 9+ кандыдата педагагічных навук, выкладчыка асноў праваслаўнай культуры Дзмітрыя Бежаўца, да якіх прыкладаецца флэшка з відэаматэрыяламі па тэмах, “Прыходская школа пад ключ” дыякана Іллі Кокіна (у выглядзе чамаданчыка, які ўключае наглядны матэрыял і распрацоўку ўрокаў). Настаўнікі агульнаадукацыйных школ могуць узяць асобныя з гэтых распрацовак. Але сама Галіна Пятроўна не любіць ісці па праторанай дарозе і свае ўрокі распрацоўвае самастойна. Яна падрабязна расказала, як падрыхтаваць цыкл тэм аб хлебе. Слова святара, прымаўкі і прыказкі пра хлеб, відэаматэрыялы … Адзін з момантаў — параўнаць шчаслівае сёння з часамі ваеннага ліхалецця. Дзеці атрымліваюць завернуты ў сурвэтку хлеб, які па картачках выдавалі ў блакадным Ленінградзе.
— І дзеці разумеюць, што такое хлеб вайны, — заўважае выступоўца. — У дадатак — урывак з фільма “Бронзавая птушка” (гэта час грамадзянскай вайны). Мама пакідае сыну на цэлы дзень адну бульбіну і маленькі кусочак хлеба. І яшчэ хлопчык будзе фізічна дапамагаць маці, бо болей няма каму. Вось тут і стаўленне да працы, да маці. Ёсць яшчэ мультфільм “Дзяўчынка, якая наступіла на хлеб” — вельмі эмацыянальны, на прыкладзе якога дзеці вучацца адрозніваць дабро і зло. Урок аб хлебе — адзін з маральных урокаў, дзе выхоўваецца паважлівае стаўленне да хлеба, патрыятызм і духоўнасць.
Вопытам духоўна-асветніцкай дзейнасці падзялілася Алена Герасімовіч, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі № 1 Салігорска, дарэчы, выпускніца Нясвіжскага педвучылішча:

— На працягу двух гадоў мы прыходзілі ў наш храм, знаёміліся з яго гісторыяй, традыцыямі, праваслаўнымі святамі. Вынікам гэтай працы стаў праект “Фарміраванне маральных кампетэнцый малодшых школьнікаў сродкамі сацыяльна-педагагічнага партнёрства ўстаноў адукацыі, сям’і і прыхода Беларускай праваслаўнай царквы”.
Алена Валер’еўна адзначыла, што дзеці з вялікай радасцю наведваюць заняткі ў рамках праекта, удзельнічаюць у шматлікіх творчых конкурсах. Арганізоўваюцца экскурсіі па святых мясцінах роднага краю для бацькоў і дзяцей. Ігар Цемчын ужо некалькі гадоў вядзе гурток “Свет гука. Святло праваслаўя”, падчас заняткаў якога на базе Пакроўскага храма рабяты вучацца майстэрству звона. Вынік гэтай працы — шматлікія перамогі на конкурсах званароў, удзел у святочных літургіях, правядзенне “Стрэчанскіх сутрэч”.

Настаўніца пачатковых класаў гэтай навучальнай установы Галіна Паходзька расказала, што самае першае, што яна стараецца данесці да дзяцей, калі пачынае праца- ваць з новымі першакласнікамі, гэта паважлівыя адносіны да бацькоў:
— Калі дзеці шчаслівыя, педагогі таксама шчаслівыя. Таму самае галоўнае — навучыць дзяцей звяртацца адзін да аднаго з павагай і па-другому сустракаць сваіх бацькоў. Калі на ўроку ты пачынаеш з імі гутарыць, дзеці разумеюць, што мама — гэта самае дарагое. Тата — твой абаронца. І калі ты будзеш дрэнна да іх ставіцца, цябе нічога добрага не чакае. Мама і тата — гэта маленькая дзяржава. Мы з вамі, наш клас, — гэта дзяржава паболей. А далей — і ўся наша дзяржава, дзе мы жывём пад мірным небам…

На пачатку кожнага навучальнага года яны разам з вучнямі ідуць у храм Вялікамучаніцы Варвары, дзе святар благаслаўляе рабят на добрую вучобу. І ў экскурсіі па родным горадзе яна абавязкова ўключае наведванне аднаго з храмаў Салігорска. Як і ў экскурсіі па Беларусі. Напярэдадні Свята Вялікадня ўвесь клас збіраецца разам — настаўніца, дзеці, іх бацькі, каб асвяціць велікодныя яйкі і кулічы, атрымаць віншаванне ад святара.
Вопытам арганізацыі і вядзення духоўна-асветніцкай дзейнасці на Нясвіжчыне праз рэалізацыю духоўных сумесных праектаў, у тым ліку і ў рамках праекта “Узыходжанне”, падзяліліся бібліятэкары Таццяна Байкаш і аўтар гэтага матэрыяла. Бібліятэкар Ланскай сельскай інтэграванай бібліятэкі Алена Жук расказала аб адноўленым ёю тэатры Батлейка. Спектаклі тэатра спрыяюць лепшаму ўспрыманню тэм духоўных прадстаўнікамі юнага пакалення. Падабаюцца яны і дарослым.
Протаіерэй Аляксандр Данчанка паразважаў аб значэнні духоўнага выхавання для юнага пакалення беларусаў, аб ролі настаўніка ў гэтым працэсе:
— Кожнаму чалавекам, у тым ліку і нам з вамі, неабходна ўсвядоміць сваё стаўленне да Бога, і тое, што мы зможам набыць, нашым рабятам перадаць: і сваім кроўным дзецям, і вучням. Заўважце, колькі б у нас ні было дабротаў матэрыяльных, вялікай радасці яны не прыносяць. Я не гавару зараз, што ўсе павінны ісці ў царкву, маліцца. У кожнага свой момант ісціны. Але нам дадзена бессмяротная душа і для кожнага настане час, калі ўжо не схаваеш нічога, што ты мог здзейсніць у гэтым зямным свеце. Таму наша задача — спасцігаць таямніцы ісціны Божай праз Свяшчэннае Пісанне, праз удзел у багаслужэнні, каб і нашым дзецям было што перадаць. У свеце ёсць законы фізічныя, ёсць і духоўныя, якія выкладзены ў Запаведзях Божых, каб чалавек стараўся па іх існаваць. Гэта аснова нашага духоўнага жыцця. І тады мы будзем мець маральнае права нашым дзецям нешта сказаць, зрабіць заўвагу, папярэдзіць. Таму што патрэбна ўсім нам у першую чаргу прад’яўляць патрабаванні да сябе. І гэта не проста.

Рэгент хору храма Узнясення Гасподня ў Нясвіжы, сябра раённага літаратурна-музычнага аб’яднання “Валошкі” Алена Шаблоўская падаравала ўсім удзельнікам канферэнцыі хвіліны духоўнай паэзіі.
Напрыканцы падарожжа несвіжане наведалі яшчэ і кафедральны сабор Нараджэння Хрыстова ў Салігорску.
Судакрананне са святынямі салігорскай зямлі, магчыма, натхніць удзельнікаў канферэнцыі на новае падарожжа, ужо з вучнямі ці юнымі чытамі бібліятэк. А размовы на тэмы духоўныя па благаславенні айца Аляксандра, падтрымцы дырэктара бібліятэкі Аксаны Рыжыкавай і загадчыка ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме Святланы Шатрун вырашана працягнуць ўжо ў Нясвіжы, куды запрошаны салігарчане. Нашых педагогаў чакаюць майстаркласы па правя- дзенні ўрокаў духоўнасці для вучняў пачатковых класаў. Будзем спадзявацца на Божае благаславенне на ўсе гэтыя справы.

Валянціна ШЧАРБАКОВА,
кіраўнік праекта “Узыходжанне”.
Фота Святланы ПОЛЬСКАЙ.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!