Цукровыя буракі ў ААТ “Грыцкевічы” займалі сёлета 210 гектараў. Па стане на раніцу 17 кастрычніка яны былі ўбраны на 155 гектарах, што складае 74%. На буракаўборачным камбайне “Грымме” працуе вопытны, добрасумленны механізатар Сяргей Гаспадарык. Сем гадоў водзіць ён гэтую машыну, зарэкамендаваў сябе высокім прафесіяналам. За дзень выкопвае карані на плошчы 15 гектараў.
— Дарэчы, вясной усё бурачнае поле засяваў таксама Сяргей Гаспадарык,, — расказвае галоўны аграном адкрытага акцыянернага таварыства Іван Валетаў. — Ён усе аперацыі выконвае граматна. Уклад ва ўраджай ёсць і многіх іншых механізатараў. Мінеральныя ўгнаенні ўносіў Юрый Случак. Арганічныя — Генадзь Сяргей і Анатоль Богуш, а на пагрузчыку працаваў Юрый Зінкевіч. Зяблевае ворыва глебы рабіў Ігар Наумовіч. Яе перадпасяўную апрацоўку — Міхаіл Клімовіч. А даглядаў пасевы Георгій Закудоўскі. Усе механізатары добрасумленныя, свае абавязкі выконваюць якасна.
Сёлетняя ўраджайнасць салодкага кораня ў “Грыцкевічах” — 686 ц/га — досыць высокая ў параўнанні з іншымі гаспадаркамі раёна. Апераджаюць іх толькі сноўскія буракаводы.
Згодна з прагнозамі спецыялістаў Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, у Беларусі сёлета валавы збор цукровых буракоў дасягне 5,2 млн тон. Гэта на 0,4 млн больш мінулагодняга. Летась было атрымана 580 тысяч тон цукру. Цяпер мяркуюць мець яго болей за 600 тысяч тон. Гэта дазволіць павялічыць экспарт салодкага прадукта — летась ён склаў 200 тысяч тон.
Паказчык “Грыцкевіч” мог быць яшчэ вышэйшы, калі б не засуха. Для гэтага глеба атрымала ўсё неабходнае. Не хапіла вільгаці.
На Гарадзейскі буракапрыёмны пункт гаспадарка здала больш за 9773 тоны карэння.
У ААТ “Грыцкевічы” зараз дбаюць пра новы ўраджай салодкага кораня. Пасля ўборкі папярэдніка — пшаніцы — унеслі ў глебу мінеральныя ўгнаенні, далі па 40 — 50 тон арганікі. Механізатар Міхаіл Клімовіч усё гэта задыскаваў. А Ігар Наумовіч зноў выйшаў з плугамі, уздымае зябліва.