Меню
Курс $  3.28 | €  3.57 | ₽100  3.36 |
Погода 8 °C

Ад ранняга “Каваленкаўскага” да позняй “Алесі”

Нясвіжскія навіны 3 дня назад 0 32

Пост опубликован: 13.10.2024

Расказваючы аб уборцы ўраджаю на палях раёна, нельга абмінуць і клопаты садаводаў у гэты восеньскі час. Тым больш, мы добра ведаем, якое вялікае значэнне развіццю садоўніцтва надае Прэзідэнт нашай краіны. У верасні падчас рабочай паездкі ў Маладзечанскі раён ён наведаў садаводчую фермерскую гаспадарку, на месцы абмеркаваў яе далейшае развіццё. Падкрэсліў задачу для ўсіх беларусаў: “Нам трэба, каб мы перасталі кланяцца імпартнаму яблыку. Трэба, каб быў свой яблык…”.



Садоўніцтвам у нас займаецца калектыў ААТ “ГАРАДЗЕЙСКІ ЦУКРОВЫ КАМБІНАТ”. Яго садовая плантацыя на Нясвіжчыне знаходзіцца каля вёскі Малева. Другая — у Стаўбцоўскім раёне. Вось пра першую і павядзём зараз гутарку.

Начальнік садаводчага ўчастка Віталь Дамінікоўскі расказвае:
— Закладваць сад пачыналі ў 2011 годзе, закончылі ў 2012-м. Ён займае 170 гектараў. Вырошчваем сарты беларускай селекцыі: “На- дзейны”, “Беларускае салодкае”, “Антэй”, “Мінскае”, “Заслаўскае”, “Вербнае”… Наогул, ад ранняга “Каваленкаўскага” да позняй “Алесі”. Сёлета ўборку пладоў пачалі 31 ліпеня. Працавалі каля 30 работнікаў цукровага камбіната. Дзесяць дзён на яблыках былі заняты вучні старэйшых класаў устаноў адукацыі раёна. Вялікую дапамогу нам аказаў Нясвіжскі дзяржаўны каледж. Навучэнцы працавалі ў дзве змены па чатыры гадзіны. Іх вахта ў садзе доўжылася з 9 верасня да 4 кастрычніка.

Па дагаворы падраду на ўборку яблыкаў наймаюцца жыхары горада і вёсак. Хто мае час, здароўе і патрэбу ў заробку. За кілаграм сабраных з зямлі яблыкаў плаціцца 8 капеек. Як паказвае практыка, чалавек за дзень збірае каля тоны, значыць, можа зарабіць каля 80 рублёў.
Другі год працуе ў садзе па дагаворы падраду жыхарка аграгарадка Заазер’е Галіна Богуш.

— Я пенсіянерка, маю вольны час — дык чаго сядзець дома?! — апавядае Галіна Ільінічна. — Еду на веласіпедзе да дарожнага кальца сноўскага напрамку, а там забірае аўтобус цукровага камбіната. Прыязджаюць і на ўласных машынах. Працуем і ў суботу, і ў нядзелю. Гэта ж добрая справа: і грошы заробіш, і яблык з’ясі. Яблыкі смачныя, проста растаюць у роце.
Фрукты, што зараз збіраюць, адразу ідуць у цэх камбіната на перапрацоўку. З іх вырабляюць павідла і яблычную падварку. Частка пладоў паступае ў продаж праз фірменныя магазіны адкрытага акцыянернага таварыства. Дарэчы, 1 кастрычніка камбінатаўцы адкрылі ў Стоўбцах гандлёвую кропку “Сахарок”, аналагічную гарадзейскай. І з першага дня прапанавалі пакупнікам яблыкі з уласнага саду.

У 2022 годзе на ўчастку, што ўзначальвае Віталь Дамінікоўскі, было атрымана 870 тон яблыкаў. У 2023-м — 2002 тоны. Не меней чакаецца і сёлета. Ва ўсякім разе, па стане на 10 кастрычніка сабралі 1470 тон, вызваліўшы 101 гектар.

Каб мець належны ўраджай, сад трэба даглядаць. Гэтым пастаянна займаецца малады трактарыст Вячаслаў Беразоўскі. Добра ведае сваю справу і садавод Святлана Казлова. Калі наступаюць тэрміны абрэзкі дрэў, у сад прыязджаюць рабочыя цукровага камбіната, навучаныя гэтай справе, — у іх на прадпрыемстве на той час закончаны сезон перапрацоўкі буракоў.
Вось так калектыўнымі намаганнямі робіцца добрая справа. На сваёй зямлі людзі вырошчваюць беларускія яблыкі. Прыгожыя і духмяныя. Чырванабокія і зеленаватыя, салодкія і з кіслінкай. Смачныя, на розныя густы. Уласным яблыням не грэх і пакланіцца. Каб лепей радзілі.

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ,
заслужаны журналіст
Беларускага саюза журналістаў.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!