Меню
Курс $  3.31 | €  3.5 | ₽100  3.3 |
Погода 1 °C

Лёс касцёла ў Новых Навасёлках

Светлана 1 месяц назад 0 192

Пост опубликован: 11.10.2024

Вёска Новыя Навасёлкі з’яўляецца спадарожнікам радзівілаўскага нясвіжскага двара. У 1598 г. князь Мікалай Хрыстафор Радзівіл па мянушцы Сіротка, будучы заснавальнікам Нясвіжскай ардынацыі, перадаў ва ўласнасць езуітам гэту вёску ў рамках спонсарства і падтрымкі парафіі касцёла Божага Цела ў Нясвіжы.

У 1673 годзе езуіты пабудавалі там драўляны ўніяцкі храм. Мяркуецца, што ён стаяў на тым месцы, дзе праз пэўны час вырасце новы, мураваны і велічны, праўда ужо не ўніяцкі, а каталіцкі.



У сярэдзіне XVIII стагоддзя пабудовай новага касцёла ў Новых Навасёлках займаўся нясвіжскі езуіт Трацкевіч (заўв. аўтара — імя невядома). Касцёл быў у архітэктурным стылі барока, пабудаваны ў выглядзе крыжа. Арыентаваны на ўсход, ён атрымаўся значна меншым, чым у Нясвіжы, хоць выглядаў сурова і магутна. Трацкевіч стаў пробашчам храма і служыў там да самай смерці (1771 г.). Пахаваны ён быў у магільным склепе пад алтарнай часткай, дзе планавалася хаваць манахаў ордэна езуітаў. Па адной з версій, у 1853 годзе мясцовы жыхар склаў рэшткі яго цела ў адноўленую труну.

Лёс касцёла ў Новых Навасёлках

Крыж з капліцы ў Новых Навасёлках, які перадалі мясцовыя жыхары ў касцёл у Нясвіжы

У 1773 годзе Папа Рымскі скасаваў ордэн езуітаў, галоўны Нясвіжскі касцёл Божага Цела стаў парафіяльным, а храм у Навасёлках — яго філіялам. У 1820 годзе значная частка канструкцый касцёла абвалілася, але капітальны рамонт там не праводзіўся. Прыкладна ў 1826 годзе здарылася нешта малазразумелае: тагачасны ксёндз-пробашч Бужаноўскі разбурыў дзве часткі гэтага касцёла, пакінуўшы толькі адну — прастольную. Паданне сцвярджае, што ён шукаў схаваныя ў сценах грошы.

Пасля паўстання 1863 года касцёл увогуле быў перададзены праваслаўнай царкве. На той час неразбуранай заставалася толькі апсідная частка, якую было вырашана перагарадзіць сцяной з цэглы, якая засталася з руін разбуранай часткі. Гэтая сцяна павінна была стаць фасадам новай царквы. Пры перабудове некранутай засталася арыгінальная барочная ляпніна ў алтарнай частцы.
У 1867 годзе новая царква была асвечана ў імя святога Вялікапакутніка Георгія Пераможцы і стала прыпісная да царквы святога Івана Прадцечы ў суседнім мястэчку Гавезна (сучасны Вішнявец).

З прыходам польскай улады на землі Заходняй Беларусі ў 1920-х гадах царква зноў стала касцёлам, у якім мясцовым вернікам асабліва запомніліся статуі Пана Езуса і Маткі Боскай. Потым, амаль да канца мінулага стагоддзя, там быў размешчаны калгасны склад.

Сёння, на жаль, будынак касцёла пустуе і працягвае разбурацца, а ў вёсках Новыя Навасёлкі і Амлынцы амаль не засталося каталіцкіх вернікаў.
Месяц таму пачаліся праводзіцца комплексныя навукова-даследчыя і праектныя работы па распрацоўцы праекта зон аховы і праграмы першачарговых супрацьаварыйных работ гісторыка-культурнай каштоўнасці “Руіны касцёла в. Новыя Навасёлкі Нясвіжскага раёна”, але зноў жа, на жаль, гэта робіцца дзеля так званай “кансервацыі”. Пытанне рэстаўрацыі касцёла застаецца вісець у паветры…

Святлана
РЫЖАКОВА-ЛУЦЭВІЧ.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!