У мастацкай галерэі “Мара” адкрылася выстава “Формула лёсу” нашай зямлячкі Марыны Канавалавай — мастака і педагога, якая многім вядома як загадчык мастацкага аддзялення Нясвіжскай дзіцячай школы мастацтваў і выкладчык выяўленчага мастацтва Нясвіжскага дзяржаўнага каледжа імя Якуба Коласа.
Як расказала сама Марына Пятроўна, назва выставы прыйшла да яе пасля пэўнага роздуму.
— Паколькі я некалі вельмі любіла матэматыку, — патлумачыла мастачка, — паняцце “формула” блізкае маёй душы і для мяне формула — гэта нешта накшталт рэцэпта ці парадка дзеянняў, які вядзе да пэўнага выніку. У маім выпадку — да лёсу мастака.
Па словах маёй суразмоўцы, гэта выстава для яе знакавая, бо праходзіць у юбілейны для яе год і таму рыхтавалася з асаблівым хваляваннем. Марыне Пятроўне хацелася, каб па адной толькі гэтай выставе наведвальнік змог атрымаць як мага больш поўнае ўяўленне аб усёй яе творчасці. Наколькі гэта ўдалося, меркаваць гледачам, а мы можам толькі абазна- чыць, што экспазіцыя сапраўды маштабная: на ёй сабрана каля 50 жывапісных і графічных работ, створаных у часавым прамежку ад 12 гадоў таму да цяперашніх дзён.
Выстава атрымалася вельмі гарманічная, а калі гаварыць пра яе цэнтральныя вобразы, то гэта, безумоўна, выявы знакамітых гістарычных асоб — менавіта выявы, а не партрэты, таму што мастачка паставіла тут перад сабой мэту не дабівацца пазнавальнасці твараў, а ўкласці ў іх сваё бачанне гэтых людзей, паказаць іх такімі, якімі яны стаяць перад яе ўнутраным позіркам.
Гэта, напрыклад, адзін з самых славутых жыхароў Нясвіжа — князь Мікалай Радзівіл Хрыстафор Сіротка.
— Калі я думаю пра яго, — гаворыць М.П. Канавалава, — я адразу ўзгадваю радкі з верша Наталлі Плаксы “Пахавайце мяне ў плашчы пілігрыма”. І я згодна з тымі, хто лі- чыць, што ён недаўшанаваны ў нашым гора-дзе, таму што чалавек, пры якім быў пабудаваны ўвесь каменны Нясвіж з яго самымі славутымі гістарычнымі помнікамі і які быў ініцыятарам запрашэння ў горад ордэна іезуітаў і славутага архітэктара Яна Марыі Бернардоні, заслугоўвае больш яскравай памяці.
Менавіта ў плашчы і шапачцы пілігрыма мастачка і намалявала гэту гістарычную асобу, нібы падкрэсліваючы тэзіс аб тым, што чым багацейшая ў чалавека душа, тым менш яму патрэбна знешняя пыха.
Нельга было б тут забыцца і пра чорную панну Нясвіжа — Барбару Радзівіл — і пра Жыгімонта Аўгуста.
— Для мяне, — расказвае Марына Пятроўна, — Барбара Радзівіл — гэта ўвасабленне жаноцкасці, прывабнасці і абаяльнасці. Гэта была незвычайная жанчына — вельмі адукаваная і смелая для свайго часу. Пазнаёміўшыся з каралём Польшчы Жыгімонтам Аўгустам, яна адчувала, што гэта можа скончыцца вельмі дрэнна для яе, бо яго маці, Бона Сфорца, катэгарычна працівілася іх каханню. Аднак Барбара ўсё роўна не адступіла ад яго. Род Сфорцаў, вельмі ўплывовы ў Італіі ў той час, часта выкарыстоўваў атручванне як адзін са спосабаў палітычнай барацьбы. Усе несвіжане ведаюць гэту гісторыю, і нягледзячы на тое, што Барбара Радзівіл ні дня не жыла ў Нясвіжы, яна стала легендай нашага замка. Яе часта малююць даволі самотнай і пахмурнай, аднак я яе бачу гарэзлівай, прывабнай прыгажуняй з птушачкай на руцэ, якая сама лёгкая і пяшчотная, як тая птушачка.
А берэтку на галаве Барабары мастачка “пазычыла” ў Лукаса Кранаха старэйшага, славутага жывапісца эпохі Адраджэння. Дарэчы, калі яна вывучала моду і строі гэтага часу, то заўважыла вялікую разнастайнасць галаўных убораў — ад бэрэта да цюрбана, што і пастаралася выкарыстаць у сваіх карцінах.
Па-свойму мастачка ўявіла і Жыгімонта Аўгуста. Тут яна таксама не прытрымлівалася тых гістарычных выяў, якія захаваліся, а даверылася свайму “шостаму пачуццю”. Кароль на яе палатне — вельмі прывабны чалавек з разумным тварам, у адзенні, якое сваімі чырвона-карычневымі адценнямі пераклікаецца з адзеннем каханай. У яго руцэ — лілея, якую ён зараз падорыць Барбары. Яшчэ адзін вельмі цікавы падбор карцін звязаны з легендамі замка Сапегаў у Ружанах. Калі Марына Пятроўна ў свой час пабывала там, то была проста захоплена гісторыяй гэтага роду і самога замка, што і вылілася ў шэраг яшчэ некалькіх выдатных алейных работ. Адна з іх звязана з легендай пра дзвюх дачок Сапегаў — Ружу і Ганну, якія ў бачанні нашай зямлячкі паўсталі ў фантастычных уборах аранжава-залатых адценняў.
— Гісторыя рода Сапегаў, містычная кветка ружа, якую часта паэтызавалі, каталіцкая малітва “Ружанец” — усё гэта аб’ядналася ў маім успрыманні і стала той творчай “глебай”, з якой і вырас мой цыкл пра Ружаны, — па- дзялілася разважаннямі Марына Пятроўна.
Дарэчы, яе выстава вызначаецца багаццем не толькі вобразаў, але і тэхнік: акрамя ўжо названых алейных работ на ёй можна ўбачыць і шэраг пастэльных карцін, і малюнкі алоўкам і сэпіяй — фантазійныя партрэты і партрэты канкрэтных людзей, якія маляваліся пад музыку. Аднак не бу- дзем раскрываць да канца ўсе тайны гэтай выставы, няхай штосьці застанецца сюрпрызам для гледачоў.
Тым жа, хто яшчэ не пабываў на выставе Марыны Канавалавай у галерэі “Мара”, нагадаем, што яна працягнецца да канца кастрычніка. Не прапусціце!
Соф’я ЛЮБАНЕЦ.
Фота Ганны КІСЕЛЬ.