Сёння адзначаецца Сусветны дзень пошты (World Post Day) — адзін з міжнародных дзён, якія адзначаюцца ў сістэме ААН. Ён праводзіцца штогод 9 кастрычніка па рашэнні 14 кангрэса Сусветнага паштовага саюза ў дзень стварэння гэтага саюза ў 1874 годзе. А Сусветным гэты дзень быў абвешчаны на Кангрэсе Сусветнага саюза паштавікоў, які адбыўся ў Токіа ў 1969 годзе.
Людзі заўсёды шукалі спосабы перадачы інфармацыі на далёкія адлегласці, і адным з такіх спосабаў здаўна з’яўляецца пошта. З развіццём сеткі Інтэрнэт папулярнасць пошты значна знізілася, але ў той жа час у многіх месцах яна па-ранейшаму незаменная. Дзіўна, але магчымасць электроннай перапіскі зрабіла напісаныя ад рукі папяровыя пасланні яшчэ больш каштоўнымі. Ёсць нават меркаванне, што калі пошта перажыла тэлеграф і тэлефон, то значыць, перажыве і інтэрнэт.Дарэчы, з
а доўгія гады свайго існавання паштовыя службы розных краін паспрабавалі масу экзатычных варыянтаў. Сярод іх — паштовае метро ў Лондане, дырыжабельная, гарматная, аэрастатная і нават ракетная пошта!
Цікава, што першыя ў свеце паштовыя маркі з’явіліся ў Англіі ў 1840 годзе, а ў Расійскай імперыі — у 1857-м.
Па дадзеных МПС, міжнародная пошта гаворыць на 6800 мовах сваіх кліентаў і ўяўляе сабой самую працяглую ў свеце сетку фізічнай дастаўкі. Яна прызначаная для забеспячэння надзейнай, эфектыўнай і эканамічнай перавозкі тавараў і абмену ідэямі. Маючы сетку з 650000 аддзяленняў і 5,3 млн супрацоўнікаў па ўсім свеце, а таксама мандат на аказанне грамадскіх паслуг ад урадаў многіх краін, пошта не мае аналагаў у сваёй здольнасці прадастаўляць паслугі ўсім і ўсюды.
Сучасная пошта ў многіх прамыслова-развітых краiнах актыўна працуе ў сектары лагістыкі, паштова-банкаўскіх паслуг, каталожнага гандлю і прамой паштовай рассылкі, актыўна развівае інфармацыйныя тэхналогіі, гібрыдную пошту і электронную камерцыю. Паштовыя аператары забяспечваюць каля 1,5 млрд чалавек ва ўсім свеце доступам да асноўных фінансавых паслуг (плацяжоў, грашовых пераводаў і зберажэнняў).
Усё гэта так, аднак… Аднак ні з чым не параўнаць тое чараўніцтва, якое мы адчувалі ад атрымання папяровых лістоў! Вы памятаеце гэтае пачуццё? У руках канверт, а душа радуецца! Хочацца хутчэй яго ўскрыць, але ты вельмі акуратна прамацваеш пальцамі ліст, каб праверыць яго на наяўнасць фота ці паштоўкі. Ірваць ні ў якім разе нельга! Усе лісты ты беражліва захоўваеш у невялікай скрыначцы і перачытваеш. Дрыготкімі ад нецярпення рукамі адкрываеш канверт. Шолах паперы… пах парфуму ці чарнілаў… акуратныя літары або хуткі перарывісты почырк. Чытаеш зноў і зноў!
І хутчэй садзішся пісаць адказ. Імкнешся пісаць вельмі прыгожа і акуратна. Некалькі разоў перачытваеш свой ліст і нават перапісваеш. І вось ён ужо ў канверце з клейкай спінкай. Час заклейваць. Малюеш паралельныя рыскі на стыку. Ты верыш, што гэта абарона ад ускрыцця. Нясеш на пошту. І зноў чакаеш адказ, пазіраючы кожны дзень мімаходзь на бляшаную скрыню ў пад’ездзе ці на плоце ля свайго дому…
Вы памятаеце ўсё гэта? Вядома, памятаеце і адчуваеце лёгкі настальгічны сум. Папяровы ліст — гэта шэдэўр ручной працы, які захоўвае ў сабе цеплыню родных рук, часцінку роднай душы, нашы ўсмешкі і сум, нашу радасць і слёзы. Гэта тое чараўніцтва, якое мы страцілі з-за інфармацыйнага прагрэсу. Але не ўсё так безнадзейна! Мы ўсё яшчэ можам адчуць гэтае цудоўнае трапятанне ў сэрцы, напісаўшы некалькі радкоў блізкаму чалавеку. Пішыце адзін аднаму папяровыя лісты! Дзяліцеся цяплом сваёй душы!
Нездарма ж сёння не толькі адзначаецца Сусветны дзень пошты, але і стартуе Міжнародны тыдзень папяровага ліста, які будзе праходзіць па 15 кастрычніка.
Не адкладвайце, пішыце! Магчыма, нехта гэтага вельмі ад вас чакае!..