Валянціна Уладзіміраўна Клішэвіч — адна з самых вопытных і паважаных загадчыкаў дзіцячых садкоў у нашым раёне. І, нягледзячы на тое, што сваю адказную пасаду яна пакінула 17 гадоў таму, ёй і сёння з удзячнасцю ўсміхаюцца пры сустрэчы яе былыя выхаванцы, цяпер ужо — дарослыя, сур’ёзныя людзі, якія ў свой час пад яе клапатлівым крылом прайшлі шлях ад першага дня ў дзіцячым садку да школьнага парога.
Гераіня гэтага аповеду нарадзілася і вырасла далёка ад Нясвіжчыны — у Віцебскай вобласці, у гарадскім пасёлку Бягомль. У Барысаўскім медвучылішчы атрымала спецыяльнасць медсястры, пачала паспяхова працаваць па ёй. І нават падумаць не магла, якія сюрпрызы рыхтуе ёй лёс. Аднойчы на танцах у яе родным Бягомлі з’явіліся студэнты політэхнічнага інстытута (цяпер — БНТУ), якія прыехалі на вяселле да сябра. Моладзь з вяселля прыйшла ў мясцовы клуб, і там Валянціна пазнаёмілася з будучым мужам Уладзімірам, які вучыўся на меліяратара.
11 гадоў мая суразмоўца працавала медсястрой, большую частку з іх — хірургічнай. Спачатку маладая сям’я прыехала ў Смаргонь. Адпрацаваўшы там па размеркаванні, Уладзімір Клішэвіч пераехаў з жонкай на сваю радзіму — у Чырвоную Слабаду Салігорскага раёна. Так Валянціна Уладзіміраўна першы раз аказалася ў ролі медыка ў дзіцячым садку — там патрэбна была медсястра, а ў бальніцы месцаў не было. Так прайшло яшчэ 10 гадоў жыцця.
— Праца з дзецьмі мне спадабалася, — расказвае Валянціна Ула- дзіміраўна, — і я за кампанію са сваімі калегамі, якія вырашылі паступаць у педагагічную ВНУ, таксама вырашыла атрымаць вышэйшую адукацыю. Для гэтага паступіла ў Мінскі педагагічны інстытут імя М. Горкага (зараз — Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка), дзе атрымала спецыяльнасць “Выкладчык педагогікі і псіхалогіі”. Пасля заканчэння ВНУ стала загадчыцай дзіцячага садка.
Але і Чырвоная Слабада таксама аказалася не канчатковым пунктам на яе працоўным шляху. Пасля таго, як мужа накіравалі ў Нясвіж начальнікам міжраённага ўпраўлення меліярацыйных работ, якое аб’ядноўвала Клецкі і Нясвіжскі раёны, Валянціна Уладзіміраўна стала працаваць загадчыкам кругласутачнага ясляў-сада ў пасёлку біязавода. Дзетак туды прыводзілі з паўтара годзіка і ўвагі яны, вядома, патрабавалі вельмі шмат. Многія бацькі працавалі пазменна і ноччу не маглі быць дома, таму давяралі сваіх дзяцей выхавацелям.
На пытанне, ці не пашкадавала яна, што памяняла медыцыну на педагогіку, мая суразмоўца адказала, што не. І яна вельмі ўдзячная лёсу за тое, што яе першая адукацыя была менавіта медыцынскай.
— Гэта моцна дапамагала ў працы, — кажа Валянціна Уладзіміраўна, таму што захаванне календара прышчэпак, рашэнне санітарных пытанняў, забеспячэнне якаснага харчавання дзяцей — усё гэта я адсочвала не толькі як педагог, але і як медык. Гэта, безумоўна, садзейнічала таму, каб дзеці захоўвалі ў садку сваё здароўе і менш хварэлі.
Усяго загадчыцай
дзіцячага садка Валянціна Уладзіміраўна адпрацавала амаль 30 гадоў, з іх 15 — загадчыкам сада №5, які зараз — № 3. З гэтага
месца працы яна і пайшла на заслужаны адпачынак.
— Я заўсёды любіла маленькіх дзяцей, — узгадвае мая суразмоўца. — Яны засталіся ў маёй душы і зараз. Для мяне было вельмі важна, каб усе яны былі здаровыя, каб атрымлівалі добрае харчаванне — гэтаму я надавала вялікую ўвагу. Вельмі цікавай была і падрыхтоўка да школы па розных методыках. У апошнім садзе, якім я загадвала, былі дзве рознаўзроставыя групы. Лягчэй, калі дзеці аднаго ці блізкага ўзросту, але калі яны розныя, трэба за адзін і той жа час арганізаваць занятак і для самых маленькіх дзяцей, і для сярэдняга ўзросту, і для старэйшых. Гэта вельмі складана.
У мяне была магчымасць весці самой заняткі, але загружанасць не дазваляла гэта рабіць часта. Трэба было сачыць за шматлікімі аспектамі знаходжання дзяцей у садку, за захаваннем методыкі, падрыхтоўкай педсаветаў. Але каб перадаць свой досвед выхавальнікам, асабліва маладым, часам вяла ўзорныя заняткі. Яны не аплачваліся, але вельмі хацелася паказаць, як трэба.
Сваіх выхаванцаў Валянціна Уладзіміраўна называе вельмі здольнымі і таленавітымі. І тут жа дадае:
— Гэта заслуга не мяне адной. У мяне заўжды былі вельмі добрыя кадры. Некаторыя, на жаль, ужо пайшлі з жыцця. Былі вельмі таленавітыя выхавацелі, музычныя кіраўнікі, кіраўнікі па фізічным выхаванні. Яны вельмі старанна рыхтаваліся, добра працавалі з дзецьмі. Шчыравалі, як пчолкі. У нас было дзве лагапедычныя групы. Вельмі плённа вяла заняткі з такімі дзецьмі Валянціна Сікорская, якая займаецца гэтым і зараз. Яшчэ робяць там, напрыклад, Галіна Сень і Жанна Кальчыцкая, якія працавалі ра- зам са мной. Наш садок часта займаў першыя месцы ў раёне сярод устаноў дашкольнай адукацыі.
Дарэчы, сама наша гераіня — уладальнік шматлікіх узнагарод, ад раённага да міністэрскага ўзроўню, але галоўным сваім дасягненнем яна лічыць шчырую ўдзячнасць сваіх выхаванцаў і іх бацькоў за час, праведзены ў дзяцінстве пад яе клапатлівым наглядам.
— Бачу, што зараз у былым маім садзе вельмі адказная, граматная загадчыца Іна Анатольеўна Скрыба, — падзялілася сваімі разважаннямі Валянціна Уладзіміраўна напрыканцы нашай гутаркі. — Некаторыя моманты яна змяніла на больш сучасны лад, павяла людзей за сабой. І гэта вельмі радуе.
Нагадаем, што пасля выхаду на заслужаны адпачынак В.У. Клішэвіч працавала яшчэ тры гады, і ў 2007-м канчаткова пакінула сваю любімую работу. Але работа не забылася пра яе. У сувязі з надыходзячым Днём настаўніка яе запрашаюць на сустрэчы з педагогамі-ветэранамі раёна і самога дзіцячага садка №3. І без сумнення, ёй будзе што на іх расказаць.
Здароўя Вам, паважаная Валянціна Уладзіміраўна, і няхай з Вамі яшчэ доўга будзе бадзёры настрой і ўдзячнасць Вашых выхаванцаў!
Соф’я ЛЮБАНЕЦ.