1 кастрычніка ў ваенным камісарыяце Нясвіжскага і Капыльскага раёнаў прайшло планавае пасяджэнне
прызыўной камісіі, на якой прысутнічала каля 60 чалавек прызыўнога ўзросту.
Маладым людзям было аб’яўлена рашэнне аб прызыве на тэрміновую ваенную службу, вызначаны род і від войскаў, дзе яны бу- дуць служыць. Ім былі ўручаны павесткі на адпраўку ў войскі з указаннем канкрэтнай даты яўкі ў ваенны камісарыят.
Як расказала начальнік групы прызыву капітан Вольга Кныш, падчас мерапрыемстваў па прызыве перад выстаўленнем выніковай катэгорыі прыдатнасці прызыўнікі праходзілі медыцынскі агляд. Толькі пры вынясенні катэгорыі прыдатнасці да вайсковай службы, грамадзяне выклікаліся на пасяджэнне прызыўной камісіі. Падчас пасяджэння камісіі агучвалася агульная інфармацыя з асабістай справы прызыўніка: прозвішча, імя, імя па бацьку, узрост, наяўнасць дзеючых адтэрміновак па вучобе або сямейным становішчы. Вялося апытанне, выслухваліся скаргі, прапановы і пажаданні па якім-небудзь родзе войскаў.
У складзе камісіі, якую ўзначаліў намеснік старшыні Нясвіжскага райвыканкама Аляксандр Балцянкоў, працавалі ваенны камісар Нясвіжскага і Капыльскага раёнаў Кірыл Маглыш, прадстаўнік Нясвіжскага РАУС падпалкоўнік міліцыі намеснік начальніка РАУС Алег Клачко, прадстаўнікі УАЗ “Нясвіжская ЦРБ” — намеснік галоўнага ўрача па медыцынскім абслугоўванні насельніцтва Галіна Сікірыцкая і ўрач-рэабілітолаг (загадчык раённага Цэнтра ранняга ўмяшальніцтва) Іна Непачыловіч.
Як растлумачыла Вольга Каролеўна, сярод прысутных у гэты дзень прызоўнікоў былі хлопцы ад 18 да 27 гадоў, прыкладна палова якіх — гараджане і палова — жыхары сельскіх Саветаў. Пераважная колькасць з іх — больш за 40 чалавек — маюць сярэднюю спецыяльную адукацыю. 12 чалавек, або 15%, — вышэйшую, і трое — сярэднюю. У шлюбе знаходзіцца толькі адзін з прызыўнікоў, які па сваім жаданні ідзе ў дэсант.
Хлопцы будуць служыць у войсках СПА, у дэпартаменце транспартнага забеспячэння, у навучальных падраздзяленнях у в/г Печы, у сілах спецыяльных аперацый і ў вайсковых часцях Віцебска, Баранавіч, Барысава, Фаніпаля, Жодзіна.
Пасля атрымання павестак некаторыя прызыўнікі падзяліліся сваімі ўражаннямі з чытачамі “НН”.
Цімур Плакса,
жыхар аг. Лань:
— Я скончыў Ланскую сярэднюю школу, у мяне яшчэ ёсць старэйшыя сястра і брат. Праз два месяцы ён, дарэчы, павінен вярнуцца са службы, якую праходзіць у пагранічных войсках у Гродне. Таму пра армію на прыкладзе брата я ўжо ведаю нямала і перспектыва ісці служыць мяне не толькі не палохае, а, наадварот, вельмі цікавіць. Я сам папрасіўся ў дэсантныя войскі, і вельмі рады, што да маёй просьбы прыслухаліся. Пасля заканчэння школы я паспеў адвучыцца ў Слуцкім дзяржаўным каледжы на зваршчыка і папрацаваць у нашым ААТ “Лань-Нясвіж”. А трапіць у дэсант я марыў ужо даўно, яшчэ са школы. І вось мая мара збылася. Я лічу, што адслужыць у арміі і быць гатовым абараняць сваю радзіму — гэта абавязак кожнага сапраўднага мужчыны. Калі служба пойдзе добра, магчыма, застануся на кантракт, а магчыма, пасля арміі буду старацца пайсці на службу ў МНС. Мне гэта таксама падабаецца. Адным словам, галоўнае — трапіць у войска, а там будзе бачна, як атрымаецца.
Ілья Ярашэвіч,
жыхар аг. Сноў:
— Мне трэба будзе з’явіцца па павестцы ў ваенкамат 11 лістапада, і пакуль маё канкрэтнае месца службы невядомае, гэта вызначыцца ў дзень маёй яўкі. Пасля заканчэння Сноўскай школы я паступіў у Палескі дзяржаўны ўніверсітэт на спецыяльнасць “Інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі”, дзе атрымаў кваліфікацыю “інжынер-праграміст, эканаміст”. Калі адслужу, хачу працаваць па спецыяльнасці праграмістам у якой-небудзь ІТ-кампаніі або, магчыма, арганізаваць сваю справу праз стварэнне папулярнага сэрвісу. У любым выпадку я зараз займаюся праграміраваннем кожны дзень, каб паглыбляць свае веды ў гэтай справе.
Што тычыцца роду войскаў, дзе я б хацеў служыць, то я чуў, што ў нашай арміі ёсць ІТ-рота, і хацеў бы аказацца менавіта там. Але куды б мне не давялося патрапіць, цяжкасці воінскай службы мяне не палохаюць: я яшчэ ў школе займаўся футболам, валейболам, баскетболам і добра плаваў. Упэўнены, што кожны здаровы, фізічна развіты юнак павінен прайсці армейскую загартоўку, каб адпрацаваць свае дысцыплінаванасць і адказнасць.
Соф’я ЛЮБАНЕЦ.