Азімыя збожжавыя культуры ўраджаю 2025 года ў ААТ “НОВАЕ ЖЫЦЦЁ” зоймуць сёлета 1200 гектараў. З іх 1100 га — азімая пшаніца, 100 га — азімы ячмень.
Па стане на раніцу 30 верасня было пасеяна 1136 гектараў — 95% ад плана. Рыхтуючы гэту заметку ў нумар за сераду, разлічваю, што ўвесь азімы клін “НОВАГА ЖЫЦЦЯ” прыняў у глебу насенне.
Лічы, амаль усю плошчу азіміны на свой рахунак занёс вопытны механізатар Віктар Буйко. За выключэннем каля 160 гектараў, якія засеяў Яўген Кораб. Дзённая прыбаўка двума агрэгатамі дасягала 80 гектараў. Выпрацоўка Віктара Буйко — 40 — 50 га ў дзень. Яго энерганасычаны трактар “Джон Дзір” з 6-мятровым камбінаваным пасяўным агрэгатам “Амазоне” дазваляе выконваць такія значныя аб’ёмы. Дарэчы, у гаспадарцы сёлета пад азімы рапс павялічылі плошчу з 300 да 400 гектараў, і яна засеяна таксама Віктарам Буйко.
Насенне ў поле падвозіць механізатар Мікалай Каў- шэль. Яно з прычэпа падаецца ў сеялку шнэкам.
— Азімыя ідуць пасля кукурузы, цукровых буракоў, шматгадовых траў, крыху — пасля яравога ячменю, — расказаў галоўны аграном адкрытага акцыянернага таварыства Міхаіл Канановіч. — На ворыве глебы заняты механізатары Дзмітрый Смірноў і Юрый Ханцэвіч. Першы васьмікорпусным плугам робіць за дзень 18 — 20 гектараў, другі дзевяцікорпусным плугам — 25 гектараў. Апрацоўка глебы даручана Сяргею Кандрацюку, які кіруе трактарам МТЗ-3522 з агрэгатам АПН-10. Мінеральныя ўгнаенні ўносяць Аляксандр Пабудзей і Віктар Баргулёў. На вывазцы арганікі заняты дзевяць трактараў і два пагрузчыкі.
Пасля рабочага дня мы пагутарылі з Віктарам Буйко. У гаспадарцы ён працуе з 1993 года, як скончыў школу. Пасля службы ў арміі вярнуўся сюды ж. А вось запраўскім сеяльшчыкам з’яўляецца 18 гадоў. Раней працаваў на трактары “Фендт”.
— Трэці год кірую магутным “Джон Дзірам”, — распавядае Віктар Іванавіч. — Сеялка “Амазоне” — яшчэ больш новая. Агрэгат складаны, сам вядзе апошнюю, перадпасяўную апрацоўку глебы. Яе добрая выраўненасць паспрыяе ўраджаю.
— Віктар Іванавіч, у газеце “Мінская праўда” чытала нядаўна артыкул пра вашу гаспадарку. Вы ў размове з журналістам сказалі, што самае цяжкае засталося ззаду. Што мелі на ўвазе?
— Летам я і Дзмітрый Смірноў касілі травы. Люцэрна вымахала — даўно такой не было. Палягла, скруцілася, давялося касіць з заходам. Але зялёная маса была такая цяжкая, такая багатая! Вось першы ўкос і аказаўся той цяжкасцю. Другі, трэці ішлі лягчэй.
— Чым зоймецеся, завяршыўшы сяўбу азімых?
— Магчыма, чацвёртым укосам траў. Магчыма, ворывам глебы. Гледзячы што даручаць.
Вясной Віктар Буйко сеяў яравыя збожжавыя і травы. Усяго за год ён прайшоў з сеялкай звыш 1800 гектараў поля. Некалі для такога аб’ёму патрэбны былі два агрэгаты, каб укласціся ў аптымальныя тэхналагічныя тэрміны.
Кіпіць работа і на іншых палетках гаспадаркі. Васіль Шарапа, Аляксей Гайцюкевіч і Віктар Карачун абмалочваюць кукурузу на зерне. Сабралі яе больш пяці тысяч тон. Кожны гектар дае па 125 цэнтнераў. Механізатар Ілля Стрэльчык убірае кукурузу на сілас. Ураджайнасць зялёнай масы — 401 ц/га. Гэтага спажыўнага корму назапашана 21,5 тысячы тон. Цукровыя буракі ранніх тэрмінаў уборкі выкапаны на 71% плошчы. З гектара іх сабрана па 582 цэнтнеры. Гарадзейскаму цукроваму камбінату здадзена каля 16,5 тысячы тон салодкага кораня.
Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.
Фота Уладзіміра ЖЫЛЯНКОВА,
“МП”.