Сярод шэрагу ўрачыстых мерапрыемстваў і падзей верасня ёсць адно свята, якое непасрэдна звязана з гісторыяй нашай Нясвіжчыны. Сёлета раённая газета святкуе юбілей — 85 гадоў! Першы нумар раёнкі ўбачыў свет у верасні 1939 года, амаль праз некалькі дзён пасля ўз’яднання Беларусі. Савецкая ўлада бачыла ў сродках масавай інфармацыі найвялікшую падтрымку, таму заснаванне раённых газет стала першачарговай задачай. Так на Нясвіжчыне пачаў выдавацца “Чырвоны сцяг”.
Ірына ЕФІШОВА, галоўны рэдактар:
— Гісторыя раённай газеты — гэта гісторыя Нясвіжчыны, нашага роднага краю, змешчаная ў радках журналістаў. За 85 гадоў ужо шмат разоў змяніўся калектыў, ды і сам працэс выдання газеты стаў іншым. Але нязменнымі засталіся прафесіяналізм, адданасць сваёй справе і шчырая любоў да землякоў — герояў нашых публікацый.
85 — гэта ўзрост сталасці і мудрасці, вялікае чалавечае жыццё. Складана сабе нават уявіць, колькі пакаленняў чытачоў трымала ў руках нашу газету. Для нас, калектыву рэдакцыі, гэта вельмі значная і хвалюючая па- дзея. Кожны дзень мы прыхо- дзім на работу дзеля таго, каб два разы на тыдзень вы атрымалі газету. І нам вельмі хочацца зрабіць цікавым для вас кожны нумар, кожны матэрыял. У сваёй паўсядзённая працы мы імкнёмся асвятліць значныя падзеі раёна, дасягненні працоўных калекты- ваў, расказаць пра людзей, якімі ганарыцца Нясвіжчына. Што- дзённа, нягледзячы на святочныя і выхадныя дні, мы імкнёмся першымі расказаць вам пра галоўнае, значнае і цікавае. Работа журналіста — не тая, на якую можна забыцца, зачыніўшы дзверы свайго кабінета. Гэта сапраўды стан душы. І мы заўсёды разам з вамі, шаноўныя нашы падпісчыкі і чытачы. Ведайце, што кожны раз мы радуемся вашым поспехам і перажываем за кожную няўдачу, калі штосьці не атрымліваецца. Мы заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу, калі гэта неабходна, падказаць, як вырашыць тое ці іншае пытанне, выслухаць. У бясконцай плыні інфармацыі нам часам хочацца спыніцца, але не — толькі наперад! Нам яшчэ столькі ўсяго трэба вам расказаць. І дзеля некалькіх радкоў мы гатовы зноў накіравацца ў дарогу.
Нам вельмі прыемна, што такія рубрыкі, як “Лёсам і сэрцам з Нясвіжчынай”, “Якасць — справа кожнага”, “Твае людзі, Нясвіжчына” знаходзяць водгук у вашых сэрцах. І мы імкнёмся адпавядаць нашым чытачам, няспынна развіваемся. У гэтым годзе нам пашчасціла адшукаць пяць нумароў “Чырвонага сцяга” за 1944 год, якіх у рэдакцыі дагэтуль не было. Вельмі хутка вы зможаце прачытаць, аб чым пісалі 80 гадоў таму назад на старонках раённай газеты. Наперадзе ў нас яшчэ адзін значны пошук: першыя выданні газеты за 1939 год. Спадзяёмся, што і ён будзе паспяховым.
Паважаныя чытачы! Сёння наша з вамі агульнае свята. Так, не толькі ў членаў калектыву і ветэранаў рэдакцыі, але і ва ўсіх нас. Вось ужо 85 год, як у дамы несвіжан прыходзіць “раёнка”. Няхай не самае вялікае, аднак, дакладна самае чаканае выданне. І яно б не праіснавала столькі часу, калі б жыло ў адрыве ад чытачоў. І ўсё, што мы робім, мы робім выключна для вас: паведамляем пра па- дзеі, дапамагаем у праблемах, а бывае, што і крышачку падымаем настрой. Мы вельмі цэнім вашу падтрымку і мяркуем, што разам сустрэнем і стагоддзе “Нясвіжскіх навін”. Усяго вам самага найлепшага, і шчыры дзякуй за ўсе тыя гады, што вы былі разам з намі!
На ніве газетнай працы
Гісторыя Нясвіжскай раённай газеты пачынаецца
з верасня 1939 года, калі нашы землі былі вызвалены ад польскай акупацыі і далучаны да Савецкай Беларусі. Называлася “раёнка” “Чырвоны сцяг”. Першым яе рэдактарам быў мінскі журналіст Віктар Фінкевіч, ваеннаслужачы. Ён стаяў ля калыскі
“Чырвонага сцяга”, рэдагаваў першыя нумары газеты.

Адзін з першых супрацоўнікаў “раёнкі” 1939 года Ануфрый Дрозд,
заслужаны работнік культуры БССР, пакідае аўтограф у Кнізе
летапісу рэдакцыі падчас святкавання 50-годдзя газеты ў 1989 годзе
Захаваліся ўспаміны работніка Нясвіжскай друкарні Уладзіміра Маеўскага пра выпуск першых яе нумароў. Ён працаваў наборшчыкам. Уладзімір Іванавіч апавядаў, што самы першы нумар выйшаў на пяты дзень пасля ўз’яднання Беларусі, значыць — 22 верасня 1939 года. Толькі іменна яго Уладзіміру Іванавічу набіраць не давялося, бо ў Нясвіж яшчэ не даставілі беларускага шрыфту. Наш “Чырвоны сцяг” фактычна зрабілі ў Капыльскай раённай друкарні. А вось другі нумар нясвіжцы выпускалі ўжо сваімі сіламі. Друкарня знаходзілася на вуліцы Савецкай, і ў 1979 годзе, якім датуюцца ўспаміны Маеўскага, гэтага будынку, як ён сцвярджаў, ужо не было.
Пасля выбараў у Народны сход Заходняй Беларусі, якія прайшлі 22 кастрычніка 1939 года, Віктар Фінкевіч адбыў у сваю часць. А ў Нясвіж з Пінска рэдактарам прыехаў Дзіамінскі. Аб гэтым у 1989 годзе апавядаў былы літсупрацоўнік газеты Ануфрый Дрозд, ветэран вайны і працы, заслужаны работнік культуры БССР, які ў далёкім 1939-м займаўся выпускам першых нумароў “раёнкі”. Імя рэдактара, на жаль, ён запамятаваў.
Кіраўнікоў нашага выдання за 85 гадоў змянілася шмат па розных прычынах, але газета дастойна выконвала сваю галоўную функцыю — прапагандыста, агітатара і арганізатара. Яна заўсёды была з народам, у гушчыні падзей. Да вайны яе яшчэ рэдагаваў т. Горбараў. А Вялікая Айчынная перапыніла выпуск “Чырвонага сцяга”. Апошні перадваенны нумар выйшаў у ноч на 22 чэрвеня 1941 года.
Узнавіўся выпуск у 1944 го- дзе. Работнікі газеты збіралі інфармацыю аб жыцці раёна, аб узнаўленні разбуранай народнай гаспадаркі і сацыяльнай сферы, аб дапамозе фронту, якую нашы землякі аказвалі для хутчэйшай перамогі над ворагам. У розныя гады газету рэдагавалі Марыя Дзмітрыеўна Ухваронак, Уладзімір Пятровіч Гуль, Вікенцій Вікенцьевіч Наркевіч, Яфім Ільіч Капелян, Уладзімір Максімавіч Перасятнік, Аляксандр Міхайлавіч Кляўко, заслужаны дзеяч культуры Беларусі Іван Паўлавіч Тартоўскі, Уладзімір Уладзіміравіч Маковіч, Дзмітрый Леанідавіч Яшчанка, Святлана Анатольеўна Шатрун і аўтар гэтых радкоў. Цяпер галоўным рэдактарам працуе былая слухачка школы юных карэспандэнтаў “раёнкі”, выпускніца журфака БДУ Ірына Віктараўна Ефішова.
“Чырвоны сцяг” не толькі адлюстроўваў змены, што адбываліся вакол, але і мяняўся сам. Павялічваўся аб’ём, рос тыраж. 1 мая 1962 года выйшаў першы нумар як газеты Мінскага абкама КПБ і абласнога Савета дэпутатаў працоўных пры Нясвіжскім тэрытарыяльным вытворчым калгасна-саўгасным упраўленні. Яна аб’ядналася з Капыльскай і Клецкай райгазетамі. Ішоў пошук найбольш эфектыўнага гаспадарання і, як вынік, — новых формаў падачы інфармацыі. Журналісты “раёнкі” аператыўна, яскрава падавалі матэрыялы, прыцягвалі да супрацоўніцтва няштатных аўтараў. Аб’яднанай газета была да 1964 года.
У тым жа годзе пры рэдакцыі запрацавала школа юнкораў. Яна дала пуцёўку ў журналістыку многім маладым людзям.
У 1968 і 1989 гг. за арганізацыю масавай работы калектыў узнагароджваўся прэміяй імя М.І. Ульянавай. А ў 1969-м газета атрымала Ганаровую грамату Вярхоўнага Савета БССР.
Пэўны час рэдакцыя і Нясвіжская друкарня імя Сымона Буднага былі адзіным калектывам. Разам старанна працавалі над кожным нумарам, каб даць падпісчыкам якасны прадукт. Пасля іх абавязкі былі раздзелены, і кожны калектыў стаў самастойным суб’ектам гаспадарання.
Ішлі гады, з’явіліся новая тэхніка і новыя тэхналогіі. Калі раней рабочыя друкарні набіралі газету на лінатыпах, а вярсталі на спецыяльным стале, то ў 1989 годзе ў рэдакцыі з’явіўся тыпатайпер, “продак” сённяшняга камп’ютарнага настольна-выдавецкага комплексу, — апошні прапісаўся ў нас у 1997-м.
4 верасня 2002 года газета прыйшла да чытача ў двухкаляровым паліграфічным выкананні і пад новай назвай — “Нясвіжскія навіны”. З часам першая і апошняя палосы, унутраны разварот пачалі выходзіць у поўным колеры. А падчас асаблівых мерапрыемстваў газета ўся поўнакаляровая.
Калектыў рэдакцыі рэгулярна бярэ ўдзел у рэспубліканскіх і абласных творчых конкурсах, неаднойчы выходзіў пераможцам і прызёрам, аб чым сведчаць шматлікія граматы і дыпломы. У 2010 годзе калектыў заваяваў бронзавую статуэтку “Залатая літара” ў VI Нацыянальным конкурсе друкаваных СМІ.
Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ,
заслужаны журналіст
Беларускага саюза
журналістаў, рэдактар газеты ў 1995 — 2001 гг.
Разам з народам
Леанід КРУПЕЦ, старшыня Нясвіжскага райвыканкама ў 1998 — 2002 гг., старшыня Мінскага аблвыканкама ў 2007 — 2010 гг., Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь,
Ганаровы грамадзянін горада Нясвіжа:
— Чытачом і прыхільнікам нашай раённай газеты з’яўляюся даўно. Чытаў “Чырвоны сцяг” — так “раёнка” называлася раней — са школьных гадоў: яе выпісваў дамоў бацька, калгасны брыгадзір. А пасля падпісчыкам стаў сам. Спачатку газета была друкаваным органам раённага камітэта Камуністычнай партыі Беларусі і раённага Савета народных дэпутатаў. Пазней яе заснавальнікамі сталі раённы Савет дэпутатаў і раённы выканаўчы камітэт.
Газета з’яўляецца сапраўдным летапісам раёна, люстэркам яго жыцця. Яна ўбірае ў сябе столькі ўсяго слушнага, патрэбнага, цікавага, што болей нідзе не сустрэнеш такой канцэнтрацыі, разнастайнасці навін, аналізу, афіцыйных паведамленняў, аповедаў пра людзей, іх працоўныя, баявыя і проста чалавечыя подз- вігі, пра іх творчасць, захапленні і мары. Такі інфармацыйны згустак — проста каштоўнасць. Вось гартаеш старыя падшыўкі “раёнкі” — і перад табой паўстае жыццё землякоў у розныя гады: ад змрочных ваенных 1940-х да пасляваенных 50-х — 70-х, пераменлівых 1980-х, цяжкіх 1990-х. І пазнейшых, калі Беларусь вызначылася са сваім кірункам развіцця на шляху самастойнасці, прысутнічае ў міжнароднай супольнасці ў якасці самастойнага суб’екта міжнародных адносінаў, а не бяссільнага аб’екта геапалітычных памк- ненняў знешніх сіл. Газета была і застаецца правадніком дзяржаўнай палітыкі ў масы.
Вельмі няпроста давялося беларусам на жыццёвым шляху. Толькі, здаецца, залячылі раны Вялікай Айчыннай вайны, адбудаваліся, наладзілі вытворчасць, развівалі ўсе астатнія сферы жыцця — а пасля распаду СССР засталіся на абломках велізарнай дзяржавы. Газета апавядала пра нястачу, пустыя бензакалонкі і пустыя ж паліцы ў магазінах, пра разгул крыміналу і пачуццё беспрасветнасці. Прывяду толькі адзін прыклад. Раённая газета ў верасні 1999 года расказвала пра справы на Нясвіжчыне. Чытаю: “Сёлета нашы хлебаробы вырасцілі самы высокі ў Мінскай вобласці ўраджай збожжавых — па 28,2 цэнтнера на гектары. Валавы збор склаў 59742 тоны…”. А гэта ж нізкія паказчыкі. Тады была бездань, на краі якой стаяла краіна.
Але мы адышлі ад таго краю — усе разам, уключыўшы рэзервы, усё магчымае і немагчымае. У той жорсткай схватцы за існаванне на карце свету незалежнай, самадастатковай Беларусі, за росквіт роднай Нясвіжчыны разам з народам была і раённая газета. Падказ- вала, раіла, крытыкавала, прапагандавала перадавы вопыт, радавалася перамогам. Зараз “раёнка” пад назвай “Нясвіжскія навіны” з гонарам паведамляе, што сёлета хлебаробы намалацілі звыш 151 тысячы тон збожжа, а ўраджай- насць дасягнула 77,4 цэнтнера з гектара. Па-ранейшаму — лепшая на Міншчыне. І якая высокая! Вось ён — вынік усеагульных намаганняў.
З задавальненнем чытаю пра сённяшнія справы землякоў. Пра ветэранаў, якія перадаюць свой вопыт безадказнага служэння роднай зямлі, пра моладзь, што выходзіць на шырокі прастор самастойнасці, пра юных жыхароў горада і раёна, якім будаваць далейшае жыццё, у чые рукі мы перададзім нашу дзяржаўнасць, лёс сінявокай Беларусі.
Віншую “Нясвіжскія навіны” з юбілеем! З удзячнасцю ўспамінаю ўсіх былых рэдактараў і супрацоўнікаў. Жадаю газеце новых поспехаў у ажыццяўленні ўсіх задумак, добрых і верных сяброў, а яе сённяшнім супрацоўнікам — творчага натхнення і моцнага здароўя. Каб жыццё было мірным, але цікавым, яскравым, вірлівым!
Героі палёў — героі газетных старонак
Георгій ЛІХУТА,
механізатар
ААТ “Нясвіжскія Астроўкі”,
кавалер ордэна Пашаны:

Першая старонка раённай газеты за 17 лістапада 2005 года.
Яе героі — камбайнер Георгій Ліхута і яго памочнік — сын Дзяніс
— “Раёнка” ў нашай хаце была заўсёды. Цікава ведаць пра ўсе навіны: што робіцца ў Нясвіжы, у вёсках, як ідуць справы ў працаўнікоў сельгаспрадпрыемстваў, якія атрымліваюць ураджаі, надоі, прывагі, тым больш, што ёсць з чым параўноўваць — зрухі да лепшага прыкметныя. Мы, вяскоўцы, вельмі гэтым цікавімся. Мая мама, напрыклад, у даволі паважаным узросце — і па- ранейшаму хоча быць у курсе па- дзей, сястра для яе выпісвае газету.
Я апошнім часам, калі ёсць вольная хвілінка, адкрываю ў тэлефоне TikTok ці “Аднакласнікі” і там чытаю навіны. Добра, што раённыя журналісты выкарыстоўваюць такі аператыўны шлях падачы матэрыялаў. Час цяпер такі імклівы — за новымі тэхналогіямі толькі паспявай.
Жадаю “раёнцы” заўсёды быць аператыўнай, на вастрыні часу, новых цікавых тэм і творчых праектаў. Пішыце пра вёску, пра людзей, пра новыя тэхналогіі і тэхніку. Яна цяпер магутная, камфортная. І сельская праца прыцягальная. Трэба, каб моладзь не баялася яе, ішла на трактар, на камбайн, на ферму. Прафесія земляроба ганаровая. Мы ж ствараем харчовую бяспеку краіны.
— Георгій Міхайлавіч, Вы чалавек паважаны, вядомы не толькі ў раёне, але і за яго межамі. Часта бываеце героем газетных публікацый. Давайце трошкі ўспомнім, з якой нагоды.
— Я ў сваёй гаспадарцы працую з 1982 года, калі прыйшоў пасля школы. Затым былі служба ў арміі, вучоба ў тэхнікуме, праца спецыялістам пасля яго заканчэння. А затым перайшоў на трактар. У жніўны сезон садзіўся за штурвал збожжаўборачнага камбайна. За 35 гадоў работы на жніве ў мяне было толькі два камбайны. Тэхніку люблю, берагу. Яна служыць доўга. І верна. Некалькі гадоў мы з сынам Дзянісам выходзілі жаць сямейным экіпажам. У 2003 годзе занялі трэцяе месца ў рэспубліканскім спаборніцтве. У 2004-м — першае. Намалацілі звыш 4 тысяч тон збожжа. На рэспубліканскіх “Дажынках” Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка ўручыў мне ключы ад легкавога аўтамабіля. У 2005 годзе наш экіпаж занёс на свой рахунак амаль 3800 тон збожжа і зноў выйшаў у лідары…
Цяпер я на ільготнай механізатарскай пенсіі, але працягваю працаваць на трактары. Работы на зямлі многа.
Я са свайго боку дадам, што ў нашым раёне ўстаноўлены імянны прыз Георгія Міхайлавіча Ліхуты, і ён кожны год уручае лепшаму камбайнеру статуэтку. А былы памочнік камбайнера Дзяніс Ліхута закончыў БНТУ, адпрацаваў па накіраванні, адслужыў у арміі і вярнуўся, як некалі бацька, у сваю гаспадарку. Працуе намеснікам начальніка вытворчасці ў ААТ “Нясвіжскія Астроўкі”, арганізуе тэхналагічныя працэсы. У яго таксама шмат работы.
Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.