Меню
Курс $  3.27 | €  3.55 | ₽100  3.17 |
Погода -0 °C

Быць здаровым — значыць жыць: аповед пра вядомага нясвіжскага ўрача

Софья ЛЮБАНЕЦ 2 месяца назад 0 457

Пост опубликован: 28.09.2024

Мусіць, цяжка знайсці ў нашым раёне жыхара Нясвіжчыны, старэйшага за 35 гадоў, які б не чуў імя ўрача Мікалая Стрэльскага. Калі не сам чалавек, то яго родныя, знаёмыя ці сябры звярталіся да яго па дапамогу і пасля ўзгадвалі з вялікай удзячнасцю за папраўленае здароўе.
Мікалай Мікалаевіч — па спецыялізацыі оталарынголаг, ці як мы звычайна гаворым, лор-урач, з 1985 па 2004 год быў намеснікам галоўнага ўрача Нясвіжскй ЦРБ па медыцынскім забеспячэнні насельніцтва. Ураджэнец Пухавіцкага раёна, ён вырас у блізкай да медыцыны сям’і — бацька, на жаль, загінуў на вайне, а маці была медсястрой у Мар’інагорскай раённай бальніцы, яе сёстры таксама працавалі медыкамі, толькі ў Мінску.



— Я яшчэ дзіцем навучыўся правільна рабіць перавязкі, — узгадвае герой гэтага аповеду. — Ведаў усе таблеткі ад галаўнога болю, якія былі ў хаце, і з радасцю даваў іх бабулям, якія прыходзілі да нас з такой просьбай, калі мамы не было дома. Тады ж не было столькі аптэк, як цяпер, і людзі куды ішлі? — вядома, да адзінага ў акрузе медыка. Захаплялі і аповеды мамы пра розныя выпадкі на рабоце. Так зарадзілася мая цікавасць да медыцыны. А пасля таго, як перанёс вельмі цяжкую дыфтэрыю, з-за якой прапусціў год школы, зразумеў, што без бальніцы проста не выжыў бы. Так я канчаткова прыйшоў да рашэння стаць урачом і ратаваць людзей, як некалі выратавалі і мяне.
Мара Мікалая Стрэльскага збылася: пасля школы ён паступіў у Мінскі медінстытут (зараз — медыцынскі ўніверсітэт), і стаў старанна вучыцца. Напэўна, мала хто ведае, што ў Нясвіж мой суразмоўца мог прыехаць не лор-урачом, а гінеколагам-акушэрам. Як так? А вось так.
— Дваюрадная сястра маёй мамы, — расказвае Мікалай Мікалаевіч, была намеснікам галоўнага ўрача трэцяй клінічнай бальніцы Мінска па родавай дапамозе. І я студэнтам жыў у яе. Там пазнаёміўся з прафесурай гэтай бальніцы. Мяне так добра ведалі, што ўжо к 6-му курсу рыхтавалі акушэр-гінеколагам менавіта ў Нясвіж. Была такая дамоўленасць. Але… як кажуць, у Бога свае планы.

Пасля заканчэння інстытута малады доктар пайшоў не на работу, а ў армію. Якраз тады выйшаў указ, што студэнты, якія скончылі ВНУ, павінны пасля яе заканчэння прайсці тэрміновую службу. І Мікалай Стрэльскі трапіў у Сяміпалацінск — сумнавядомае месца, дзе Савецкі Саюз праводзіў выпрабаванні ядзерных бомб. Тут быў закрыты гарнізон і закрыты шпіталь на 200 ложкаў. Прыехаўшы туды, адразу пайшоў у хірургічнае аддзяленне. Загадчык з задавальненнем яго прыняў, і дазволіў прыходзіць кожны дзень. Праз месяц-паўтара мой суразмоўца сустрэўся з загадчыкам лор-аддзялення, падпалкоўнікам Аленікам, які і “пераманіў” яго да сябе.
— Цэлыя два гады я займаўся там оталарынгалогіяй, — узгадвае Мікалай Мікалаевіч. — І аперыраваць як след навучыўся, і ўнік у лор-хваробы. Таму выйшаў з арміі як гатовы оталарынголаг.
А як не хацелі яго адтуль адпускаць! 7-8 разоў выклікалі ў аддзел кадраў, угаворвалі застацца ў Сяміпалацінску, прапаноўвалі адразу палкоўніцкую пасаду. Але, на шчасце несвіжан, ён адмовіўся, нягледзячы на тое, што там дзейнічаў шпіталь з добрым абсталяваннем і надзвычай высокай кваліфікацыяй ўрачоў. І растлумачыў, чаму. Адзін або два разы ў месяц ў Сяміпалацінску ці яго наваколлі адбываліся землятрусы сілай 6-7 балаў.
— Я бачыў, — узгадвае мой суразмоўца, — як калываецца корпус нашай казармы, адчуваў, як вагаецца пада мной лаўка, на якой я сядзеў у яе двары. А аднойчы, падчас паездкі ў машыне, бачыў, як воддаль падымаюцца і апускаюцца горы. Жанчыны з дзецьмі ў такі час выходзілі з дому і ішлі ў гарадскія паркі. Іх было цэлых два на беразе Іртыша. Яшчэ адзін момант — тое, што мы ведалі: час ад часу салдат і нават афіцэраў з прамянё- вай хваробай адпраўлялі ў Ленінград. Зна- чыць, выкіды радыяцыі недзе былі, хоць нас і ўпэўнівалі, што яна ў норме. Дарэчы, наземных выпрабаванняў там ужо не праводзілі, толькі падземныя, але ж… Адным словам, як толькі скончыўся тэрмін службы, я адразу вярнуўся на радзіму.

Дарэчы, нейкая сіла нібыта цягнула Мікалая Стрэльскага ў армію, але ўсё ж такі яна не перамагла: яшчэ на 4-м курсе медінстытута яму прапаноўвалі перавясціся ў Куйбышаў, каб атрымаць спецыяль- насць ваеннага ўрача, але ён не пагадзіўся. Не хацеў надоўга пакідаць удалечыні маці, для якой быў адзінай апорай.
Пры ўсіх “своеасаблівасцях” знаходжання ў Сяміпалацінску Мікалай Мікалаевіч з удзячнасцю ўзгадвае той час, таму што там, па яго словах, былі вельмі кваліфікаваныя, выдатна падрыхтаваныя ўрачы, якія валодалі не толькі сваімі спецыяльнасцямі, але і сумежнымі.
— Лор-аддзяленне, афтальмалагічнае і стаматалагічнае былі аб’яднаныя, — расказвае ён. — Загадваў усім гэтым менавіта лор-урач. І я за гэтыя два гады на практыцы вывучыў усю вобласць галавы як свае пяць пальцаў: ліквідаваў касавокасць ра- зам з афтальмолагамі, дапамагаў стаматолагам і, само сабой, оталарынголагам. І калі ў Нясвіжы ў новай бальніцы адкрылася лор-аддзяленне, там менавіта гэтак жа ляжалі ра- зам лораўскія, а таксама афтальмалагічныя і стаматалагічныя пацыенты. І я, дзякуючы армейскай школе, мог дапамагчы ўсім ім.
Пасля заканчэння службы Мікалай Стрэльскі два гады адпрацаваў лор-урачом у роднай Мар’інай Горцы, адкуль яго таксама не хацелі адпускаць, але ўсё ж такі ў 1972 годзе прыехаў разам з жонкай Таццянай Аляксандраўнай, ураджэнкай вёскі Кіркаўшчына нашага раёна і таксама ўрачом, на яе радзіму — у Нясвіж.
— Пра Нясвіж я ведаў даўно, — расказвае Мікалай Мікалаевіч. — На час нашага пераезду сюды мы ўжо былі пяць гадоў у шлюбе, таму я ўжо неаднойчы бываў тут і горад мне вельмі спадабаўся. А калі мы даведаліся, што ў Нясвіжы будуецца новая бальніца і тагачасны галоўны ўрач Мар’ян Заслававіч Івашкевіч з задавальненнем бярэ нас на работу, адназначна вырашылі ехаць. Помню як цяпер першы працоўны дзень у Нясвіжы — 1 верасня 1972 года. Ужо 52 гады, як я стаў несвіжанінам, і 42 з іх аддадзены нясвіжскай медыцыне.

Першы год давялося парабіць яшчэ ў старой бальніцы. Цяпер нават равеснікі аўтара гэтых радкоў з вялікай цяжкасцю ўяўляюць сабе, у якіх умовах тады працавалі медыкі і лячыліся пацыенты. Бальніца ўяўляла сабой два драўляныя карпусы ў раёне цяперашняга магазіна “Друзья”, у адным з якіх размяшчаліся хірургія і тэрапія, а ў другім — педыятрыя. Быў яшчэ маленькі будынак паліклінікі, у калідоры якой змяшчаліся максімум 10 чалавек, а астатнія былі вымушаны чакаць на вуліцы пры любым надвор’і. Зараз ад тых пабудоў застаўся толькі невялікі дом, дзе жыў адзін з урачоў.
Нягледзячы на такія “спартанскія ўмовы”, новы малады лор-урач арганізаваў у перавязачнай невялікую аперацыйную, дзе стаў праводзіць аперацыі па выдаленні адэноідаў і міндалін, чаго раней у Нясвіжы не было. Людзям даводзілася ехаць у Мінск ці яшчэ куды-небудзь, каб атрымаць аператыўнае лячэнне, што было вельмі нязручна. І вось неабходнасць ездзіць па свеце у хворых і іх бацькоў (сярод пацыентаў было вельмі шмат дзяцей) адпала. Што і казаць, гэта была вялікая палёгка для нашых людзей!
У 1973 годзе запрацавала новая камфартабельная бальніца, якая аб’яднала ў сабе лячэбныя аддзяленні і паліклініку. У ёй было запланавана лор-аддзяленне на 20 ложкаў. Там ужо разгарнулася грунтоўная работа ў добраўпарадкаваных памяшканнях. Першым у новы будынак пераехала хірургічнае аддзяленне.
— Дзяжурым мы ў першую ноч у новай бальніцы з Мікалаем Мікалаевічам Падгайскім, — дзеліцца ўспамінамі мой суразмоўца. — І тут прывозяць жанчыну, якая задыхаецца, і я зрабіў ёй трахеатамію. Без гэтай аперацыі яна загінула б. Назаўтра яе павезлі ў Мінск і ў выніку ўсё склалася для яе добра. Падгайскі зазначыў: “Ты зрабіў першую аперацыю ў новай бальніцы!”. А потым я, працуючы тут, усіх урачоў вучыў рабіць яе, таму што ў экстранных выпадках гэта адзіны спосаб выратаваць чалавеку жыццё.

Праз 13 гадоў пасля прыезду ў Нясвіж М.М. Стрэльскага прызначылі намеснікам галоўнага ўрача па медыцынскім забеспячэнні насельніцтва. Акрамя сваёй непасрэднай працы, ён адказваў за работу такіх складаных галін, як педыятрыя, фтызіятрыя, анкалогія і г.д. Узначальваў камісію па расследаванні запушчаных выпадкаў анкалогіі, па выніках якой, час ад часу, як кажуць, “ляцелі голавы”. Можа, нехта і крыўдзіўся, але ніхто не мог паспрачацца з тым, што патрабуючы нечага ад іншых, Мікалай Стрэльскі яшчэ больш патрабуе з сябе. Нягледзячы на шматлікія абавязкі намесніка, ён не пераставаў лячыць людзей, а па чацвяргах рабіць аперацыі. Адных толькі адэнатамій (не кажучы ўжо пра ўсе астатнія) у год рабіў 200 — 250, за 32 гады работы толькі ў Нясвіжы гэта ад 6400 да 8000 аперацый. І гэта ж былі ўсё дзеці!
— Толькі той, хто працуе з малымі, можа зразумець мяне як лор-урача, які аперыруе. Ты бярэш трохгадовае, для прыкладу, дзіця на аперацыю, пры якой нічога не зашываецца. І яе трэба зрабіць так чыста, каб не было крывацёку. Я разумеў, што калі страчу дзіця, бацькі мяне “чацьвяртуюць” — калі не ў прамым, то ў пераносным сэнсе дакладна. І я не ганаруся ніякімі пасадамі, ніякімі ўзнагародамі, але калі чым і ганаруся, то толькі адным: што за ўсе гады работы не страціў ніводнага пацыента. Можа, гэта была міласць Божая, можа, яшчэ што, але сумленне маё чыстае.
І дадаў:
— Крывацёкі, вядома, здараліся, але я заўсёды з імі спраўляўся сам. Нікога не адправіў на Мінск. Лор-урач павінен умець з гэтым спраўляцца.
Пры гэтым адэнатамія ці танзілаэктамія (выдаленне міндалін) — гэта яшчэ далёка не самыя складаныя аперацыі, якія право- дзіў Мікалай Стрэльскі. Куды цяжэй, напрыклад, пазбавіць пацыента ад паліпоза носа, які хаваецца ў рашэтчатым лабірынце, што падыходзіць да заснавання мозга, так званага “турэцкага сядла”. З аднаго боку — вока, з другога — буйныя сасуды, зверху — “турэцкае сядло”. Найменшы няправільны рух можа каштаваць хвораму жыцця. А такіх аперацый герой гэтага аповеду зрабіў вельмі шмат.
І калі ўжо ўзгадваць тут міласць Божую, то, мусіць, Усявышні ў першую чаргу дапамагае тым, хто не шкадуе сваіх фізічных і разумовых рэсурсаў для дапамогі бліжняму, не працуе ў палову сілы. Мікалай Стрэльскі заўсёды вельмі любіў вучыцца, каб мець магчымасць дапамагаць сваім пацыентам самымі прагрэсіўнымі метадамі. Ён пабываў на курсах у Кіеве, Ленінградзе, Маскве, Казані. І каб апісаць усё, што ён адтуль прывозіў, не хопіць нават дзвюх газетных палос, але ж пра інгаляцыю па Яўдошчанка, якую ён прывёз з Кіева, узгадаць варта. У яе склад уваходзіла пяць лякарстваў, спалучэнне якіх хутка здымала ў дзяцей ацёк гартані, выкліканы крупозным запаленнем лёгкіх. Да гэтага, каб выратаваць маленькага пацыента, яму трэба было рабіць трахеатамію.
Пасля выхаду на заслужаны адпачынак у 2004 годзе Мікалай Мікалаевіч пакінуў пасаду намесніка галоўнага ўрача і стаў загад- ваць аддзяленнем пералівання крыві. І тут не мог сядзець спакойна: арганізаваў у сваім аддзяленні правядзенне такіх работ з гэтым найкаштоўнейшым матэрыялам, якія не выконвалі нават асобныя станцыі пералівання крыві. Вельмі хацеў укараніць у нашай бальніцы лячэбны плазмаферэз, які падымае на ногі нават самых цяжкіх хворых і выдатна дзейнічае пры вялізным мностве хвароб, аднак пасля пераводу аддзялення ў Гарадзею пакінуў не толькі саму гэту ідэю, але і работу ўвогуле. “Хопіць, — сказаў. — Няхай спрабуюць іншыя”. На той час яму было 70 гадоў.

У мінулым годзе М.М. Стрэльскі адзначыў сваё 80-годдзе, на парозе — 81-ы дзень нараджэння. На жаль, у адным артыкуле немагчыма падрабязна ўзгадаць нават самыя цікавыя выпадкі з яго працоўнай біяграфіі — складаную аперацыю дзяўчынцы-сіраце, за якую ён змагаўся як за ўласнае дзіця, ці выратаванне ад смерці маладога хлопца з раненнем сэрца. Тады Мікалай Стрэльскі у прамым сэнсе не даў спыніцца сэрцу другога чалавека, трымаючы яго на сваёй далоні падчас аперацыі, якую вёў другі знакаміты хірург М.М. Падгайскі. Шчаслівы тандэм двух таленавітых урачоў тады падарыў 18-гадоваму хлопцу другое нараджэнне.
Зараз Мікалай Мікалаевіч знаходзіцца дома, на заслужаным адпачынку, а медыцынскую эстафету перанялі яго дачка і ўнучка, якая зараз вучыцца на трэцім курсе мед- універсітэта.
У заключэнне хочацца дадаць, што М.М. Стрэльскага неаднойчы запрашалі на розныя добрыя пасады ў Мінск, але на шчасце яго пацыентаў ён сапраўды застаўся душой і сэрцам з Нясвіжчынай.
Нізкі паклон Вам за гэта, паважаны Доктар з вялікай літары, і няхай Вас заўсёды падтрымлівае і аберагае шчырая ўдзячнасць тых, каму Вы вярнулі здароўе, а значыць, і сілы жыць.
Соф’я ЛЮБАНЕЦ.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!