Меню
Курс $  3.19 | €  3.47 | ₽100  3.77 |
Погода 10 °C

Шчырае сэрца Марыны Шарапы абагрэла 56 дзяцей

Нясвіжскія навіны 6 месяцев назад 0 340

Пост опубликован: 24.09.2024

Нездарма так многа прыгожых слоў прысвечана матулям. Сапраўды, для кожнага
чалавека адно толькі гучанне гэтага слова ўздымае ў душы цэлую хвалю пачуццяў і асацыяцый.
Тут і цёплыя дзіцячыя ўспаміны, і пяшчота рук, і голас. І колькі б гадоў не было чалавеку, пакуль на зямлі ёсць той, каго ён можа
назваць ласкавым словам “мама”, яго ахоўвае святая і адвечная любоў. Мацярынскае сэрца вялікае, і любові ў ім хопіць на ўсіх сваіх дзяцей. У аграгарадку Астроўкі Нясвіжскага раёна жыве жанчына, любоў якой абагрэла 56 дзяцей.



Шчырае сэрца Марыны Шарапы абагрэла 56 дзяцей

 

Марына Шарапа нарадзілася і вырасла ў Баранавічах, і менавіта з гэтага горада пачынаецца яе вялікая гісторыя. Калісьці яна працавала поварам, але ўжо шмат гадоў яе прафесія — быць прыёмнай мамай.
— Усё пачалося сапраўды многа гадоў таму назад, — успамінае Марына Браніславаўна. — Аднойчы я ўбачыла адну аб’яву аб тым, што ёсць магчымасць на навагоднія канікулы ўзяць да сябе ў госці выхаванцаў дзіцячага інтэрната. Як зараз помню, там былі такія словы “Падарыце дзецям свята”. І я падумала: а сапраўды, чаму б і не падарыць. У мяне на той час ужо былі свае, біялагічныя, дзеці — дачка і сын. І, параіўшыся з блізкімі, я направілася ў інтэрнат. Амаль усіх дзетак ужо разабралі па сем’ях, засталіся толькі хлопчык і дзяўчынка, іх чамусьці ніхто не захацеў забіраць. Так у маёй сям’і правялі зімовыя канікулы Тамарачка і Ягорка. У мяне ўзніклі неверагодныя пачуцці, мне так хацелася паказаць дзеткам, што такое сапраўднае свята, я купіла ім шмат падарункаў, ра- зам мы вадзілі карагоды вакол ёлкі, сядзелі за святочным сталом… Калі прайшлі канікулы, безумоўна, давялося вярнуць іх у інтэрнат, і гэта было сапраўды цяжка. Але ў той жа дзень, калі я іх адвезла, як толькі закрыла дзверы інтэрната, убачыла на парозе хлопчыка: ён быў такім маленькім, ху- дзенькім… І нешта адбылося ў маім сэрцы, я вярнулася да загадчыка інтэрната і паказала праз акно на хлопчыка са словамі “Я хачу яго забраць назаўсёды”.
Таго малога звалі Марк, і загадчык інтэрната адгаворвала Марыну Браніславаўну забіраць яго, маўляў, хлопчык хворы, а такія нікому не патрэбныя. Але мая гераіня была настойлівай: так у яе з’явіўся першы прыёмны сын. І яна палюбіла яго ўсім сэрцам. Хто ведае, можа сапраўдная мацярынская любоў адагрэла хлопчыка: яго здароўе стала папраўляцца.
— Так, з Марка ўсё пачалося, потым я ўзяла дзяўчатак, — працягвае Марына Шарапа. — З цягам часу мы пераехалі ў Нясвіжскі раён і сталі жыць у Астроўках. Усяго ў маёй сям’і выхавалася 56 прыёмных дзетак. Зразумела, хтосьці трапіў зусім маленькім, хтосьці ўжо большым. Але ўсе яны — мае дзеці і я з гонарам іх называю сваімі. Вы не ў’яўляеце, якія пачуцці абуджаюцца ў душы, калі такое дзіцятка ўпершыню вымаўляе гэта слова — “мама”. Паверце, адбываецца гэта далёка не ў першы дзень. Многія дзеткі спачатку быццам вожычкі: яны з насцярожаннасцю ставяцца да ўсяго, што вакол іх, многія з іх зусім не ўмеюць паказваць свае пачуцці. І гэта зразумела, бо жыццё большасці з іх было няпростым, і тыя выпрабаванні, якія яны пераадолелі за сваё кароткае жыццё, часам не пад сілу вытрымаць і даросламу чалавеку. Таму адным трэба менш часу, другім больш, але яны павінны зразумець, што іх любяць у гэтай сям’і, што яны патрэбны тут. Да таго ж я кожнага са сваіх дзяцей прывучаю да працы, і лічу, што гэта проста неабходна. Нават самыя маленькія па меры сваіх магчымасцей дапамагаюць мне: прыбіраюць раскіданыя цацкі, расстаўляюць кніжкі на палічках, падмятаюць падлогу, няхай атрымліваецца не вельмі добра, але гэта значна для іх саміх. Такім чынам у іх з’яўляецца трывалае пачуццё таго, што яны частка сям’і, што яны робяць свой унёсак у наш агульны дабрабыт.

Марына Браніславаўна зазначае, што некаторых сваіх дзяцей яна вучыла нават простым, на першы погляд, рэчам: таму, што трэба любіць сваіх братоў, маму, тату, берагчы адзін аднаго, умець раздзяліць не толькі шчаслівыя моманты, але і нягоды. Сапраўды, інтэрнат, ці дзіцячы дом, якім бы добрым ён ні быў, якім бы добразычлівым і шчырым ні быў персанал у ім, сапраўдную сям’ю
не заменіць.

Сёння ў сям’і Марыны і Сяргея Шарапа выхоўваюцца 8 дзетак. І ўсе яны розныя, да кожнага трэба свой падыход. Усе яе выхаванцы — сацыяльныя сіраты, якія трапілі ў інтэрнат, як кажуць, пры жывых бацьках. І лёс кожнага з іх надзвычай складаны. А прыёмныя бацькі сталі ў іх жыцці сапраўднымі анёламі-ахоўнікамі. На пытанне аб тым, як гэта — быць прыёмнай мамай, — Марына Шарапа адказвае сціпла і шчыра:

— Быць прыёмнай мамай — тое ж самае, што проста быць мамай, для мяне няма ніякай розніцы. Усе мае дзеці, і біялагічныя, і прыёмныя, дадзены мне Богам, і я люблю кожнага з іх.
Я помню іх першыя крокі, усе іх поспехі і дзіцячыя расчараванні. Яны — маё жыццё, маё сэрца і мая душа.Я сумую толькі аб тым, што час ідзе вельмі хутка, і мне ўжо за пяцьдзясят, а ў душы яшчэ столькі нерастрачанай пяшчоты і любові, якой хопіць не на адно дзіця. І хочацца абагрэць усіх, але жыццё чалавечае вельмі абмежавана. Мне радасна, калі я сустракаюся з маладымі жанчынамі, які абралі для сябе такі ж шлях — сталі прыёмнымі мамамі. А для тых, хто толькі думае аб гэтым, хочацца сказаць: калі вы адчуваеце, што ваша сэрца здольна палюбіць чужых дзетак, не сумнявайцеся ні ў чым. Цяжкасці будуць, але ўсё можна пераадолець. І як бы складана не было, адно толькі слова “мама”, сказанае прыёмным сынам або дачкой у ваш адрас, стане галоўнай узнагародай.
Ірына ЕФІШОВА.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!