У гэтым годзе наша краіна ў чацвёрты раз адзначае самае маладое свята —
Дзень народнага адзінства.
У кожным населеным пункце нашай рэспублікі прайшлі мерапрыемствы,
прысвечаныя гэтай значнай для нашай гісторыі падзеі, —
ўз’яднанню Усходняй і Заходняй Беларусі.
Дзень народнага адзінства прайшоў ярка, маштабна і самабытна — патрыятычныя акцыі, мітынгі, аўта-мота- і велапрабегі, фестывалі і канцэрты… Своеасаблівым заключным акордам стала абласное святочнае мерапрыемства, якое адбылося ў мінулую суботу, 21 верасня, у Маладзечне.
Ужо ў дзве гадзіны апоўдні жыццё ў горадзе літаральна кіпела: пешаходная вуліца Прытыцкага напоўнілася маладзечанцамі і гасцямі. Фотазоны, лакацыі, інтэрактыўныя пляцоўкі, інсталяцыі, выставы народных рамёстваў… Чаго там толькі не было!
Наведаў абласное свята і старшыня Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Аляксандр Турчын. Губернатар пазнаёміўся з тэматычнымі пляцоўкамі, лакацыямі, усклаў кветкі ля мемарыяльнага комплексу ў гонар вызваліцеляў горада.
Праграма абласнога свята пачалася з кінапаказа. Усе жадаючыя маглі наведаць мясцовы кінатэатр і паглядзець фільмы айчыннай вытворчасці. Безумоўна, цэнтральнай кіналентай стаў фільм “На другом берегу”, прысвечаны падзеям 1939 года. Яго прэм’ера прайшла ў кінатэатрах краіны яшчэ ў мінулым годзе, але яго мастацкая вобразнасць, мнагапланавасць, выдатная акцёрская ігра і, безумоўна, актуальнасць сюжэту забяспечвае карціне папулярнасць і сёння. Сапраўды, кожнаму беларусу варта яго паглядзець — і знойдуцца адказы на многія пытанні.
Цэнтральная раённая бібліятэка арганізавала для аматараў кніг сустрэчу з сучаснымі беларускімі аўтарамі. Тут можна было не толькі паслухаць цікавую інфармацыю пра сучасную беларускую паэзію ці прозу, але задаць свае пытанні і атрымаць аўтографы.
Уздоўж усёй вуліцы Прытыцкага размяшчаліся тэматычныя пляцоўкі. Бліжэй да кінатэатра — прысвечаныя 80-годдзю вызвалення Беларусі, падзеям 17 верасня 1939 года і нават Першай сусветнай вайне. Тут можна было пабачыць не толькі пазнавальныя інфармацыйныя стэнды, выставы, але і рэальныя тагачасныя рэчы, ваенную амуніцыю. Вельмі незвычайнымі і адметнымі былі “жывыя” інсталяцыі: своеасаблівыя сцэнкі з тагачаснага жыцця. Напрыклад, салдат, які перабірае шэрыя ваенныя лісты-трохвугольнікі, быццам шукае сярод іх свой, доўгачаканы. І адзенне, і бліндаж, і трохвугольнікі быццам рэальныя і, калі засяродзіцца на пастаноўцы, узнікае дзіўнае пачуццё — быццам ты і сам перанёсся на 80 гадоў назад.
Свае тэматычныя пляцоўкі прадставілі беларускія прадпрыемствы, грамадскія аб’яднанні і палітычныя партыі.
Немагчыма ўявіць мерапрыемства падобнага маштабу без выставы народных майстроў. У суботу ўмельцы са ўсіх куточкаў Міншчыны прадставілі свае лепшыя работы на маладзечанскай зямлі.
Традыцыйныя вырабы з дрэва і саломкі, эпаксіднай смалы, гліны, тканіны, вязаныя цацкі і вырабы са скуры — многія з іх былі сапраўднымі шэдэўрамі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і дызайну. Любы жадаючы мог набыць тое, што прыйдзецца даспадобы: ад сувенірнага магніціка да скураной сумкі ці кашалька. Асабліва незвычайна і стыльна выглядалі карункавыя ўпрыгажэнні. Немагчыма нават уявіць, што яны выкананы з самых звычайных вязальных нітак. Модніцы маглі выбраць сабе ўпрыгожванні на любы густ — ад сціплых пярсцёнкаў і бранзалетаў да самых сапраўдных авангардных і этнічных завушніц! Прадставілі майстры і прадметы хатняга ўжытку ручной работы. Вырабы з гліны, напрыклад, могуць не толькі служыць арыгінальным дызайнерскім дадаткам да інтэр’еру, але і мець практычнае ўжыванне, бо ўсім вядома, што посуд з гэтага матэрыялу выдатна захоўвае ўласцівасці прадуктаў і іх смакавыя якасці. А шкатулкі і куфэркі, дэкараваныя саломкай, могуць упрыгожыць любое памяшканне, надаўшы яму арыгінальнасць і тую самую непаўторную адмет- насць. Лакацыі з вязанымі цацкамі карысталіся асаблівай папулярнасцю, бо акрамя традыцыйных мядзведзікаў, зайчыкаў і кацянят там можна было ўбачыць любімых персанажаў сучасных мультфільмаў.
Для маленькіх удзельнікаў свята прапаноўвалі майстар-класы па пляценні з бісера і маляванні сімвала нашай Радзімы — васілька.
У гэты дзень артысты радавалі ўдзельнікаў свята на дзвюх пляцоўках. Каля кінатэатра, на малой сцэне, прайшоў канцэрт дзіцячых і маладзёжных калектываў Мала- дзечанскага раёна, а пасля — аматарскіх калектываў Мінскай вобласці. Тут гучалі песні розных гадоў і жанраў, але ўсе яны — добра вядомыя і мілыя сэрцу кожнага беларуса.
На вялікай сцэне выступілі знакамітыя беларускія спевакі — вакальная група “Чысты голас”, заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Жанэт, арт-праетк “Brand.by” і іншыя.
Настрой ва ўдзельнікаў мерапрыемства быў проста цудоўны: выдатнае надвор’е, добрая музыка, урачыстасць вакол. Сапраўднае беларускае свята!
— Мне вельмі прыемна, што такое мерапрыемства праходзіць у маім родным горадзе, — з задавальненнем расказвае карэнная жыхарка Маладзечна Вольга. — Не адно пакаленне маіх продкаў нарадзіліся і вырасла тут, на Маладзечыншчыне. Я добра ведаю са слоў сваіх бабуль і дзядоў гісторыю нашай зямлі, яны шмат расказвалі пра жыццё пад польскім прыгнётам, і ўсё жыццё памяталі той дзень — 17 верасня 1939 года, хаця сустрэлі яго яшчэ дзецьмі. Амаль 20 гадоў Маладзечанскі раён, як і ўся заходняя Беларусь, быў у складзе Польшчы. І гэтыя маўклівыя сведкі той гісторый вакол нас: да гэтага часу захаваліся польскія будынкі, казармы. Гісторыю нельга змяніць, але мне радасна, што ў тым далёкім верасні беларусы ўз’ядналіся і сёння мы маем магчымасць жыць супольна. А сённяшняе свята, на якое прыехалі людзі са ўсёй Мінскай вобласці, — яшчэ адно яскравае пацверджанне таму, што мы адзіныя, што мы разам!
Яшчэ адным падарункам для гасцей свята стаў канцэрт гурта «Hi-Fi». Цэнтральная плошча горада літаральна ператварылася ў адзіны танцпол, на якім весяліліся людзі розных узростаў. Многія аматары творчасці гэтай групы расказалі, што дзеля таго, каб паслухаць яе выступленне прыехалі здалёк. Свята завяршылася маштабнай дыскатэкай з удзелам гурта COSA NOSTRA.
Ірына ЕФІШОВА.
Фота Ганны КІСЕЛЬ.