Меню
Курс $  3.24 | €  3.5 | ₽100  3.87 |
Погода 6 °C

Калі праца ў радасць

Софья ЛЮБАНЕЦ 7 месяцев назад 0 32

Пост опубликован: 15.09.2024

У нядзелю — Дзень работнікаў лесу

18 гадоў таму ураджэнка суседняй Ляхавіччыны Вольга Коўш скончыла Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт па спецыяльнасці “інжынер лясной гаспадаркі”. Працаваць вярнулася на радзіму, у Ляхавіцкае лясніцтва, дзе ёй адразу даверылі пасаду памочніка ляснічага. Праз 16 гадоў па запрашэнні тагачаснага ляснічага Нясвіжскага лясніцтва Віктара Бабко Вольга Валер’еўна, пасля некаторага роздуму, усё ж такі вырашыла пераехаць у Нясвіж, дзе стала працаваць на той жа пасадзе.



18 гадоў у зялёным царстве — лёгка гэта ці складана? Для маёй суразмоўцы (як і для многіх іншых яе калег) гэта не лёгка, але надзвычай цікава.

— Каля маёй роднай вёскі Куршынавічы расце лес, і я з дзяцінства любіла бываць у ім, хадзіць разам з дарослымі па грыбы і ягады,— расказвае пра вытокі свайго захаплення прафесіяй Вольга Коўш. — Вядома, гэта не зусім звычайная для жанчыны сфера дзейнасці, але ў мяне былі выдатныя прыклады: бацька адпрацаваў у лясной гаспадарцы 25 гадоў, мамін брат — мой дзядзька — 20 гадоў. Былі і іншыя знаёмыя людзі, якія працавалі леснікамі. І мне з дзяцінства было цікава, як растуць дрэвы, як яны са- джаюцца. У школе я з задавальненнем вясной і восенню ўдзельнічала ў пасадках лесу, мне падабалася дапамагаць нашаму лясгасу яго аднаўляць. Увогуле жыццё лесу — і раслін, і жывёл у ім — мяне вельмі захапляла.

Вольга Валер’еўна па- дзялілася і тым, што яе мама, настаўніца пачатковых класаў, крыху спрабавала адгаварыць дачку ад не надта “жаночай” лясной прафесіі, прапаноўвала паступаць на хімію-біялогію ў Мінскі педуніверсітэт, але гэта не мела выніку: дзяўчына хацела клапаціцца пра лес — і кропка. І гэта ёй удалося.

Цяпер яна як памочнік ляснічага ажыццяўляе тэхнічнае кіраўніцтва вытворчай дзейнасцю лясніцтва, кіруе работамі па высечках галоўнага і прамежкавага карыстання і кантралюе іх якасць, работамі па лесанасеннай справе, вырошчванні пасадачнага матэрыялу, лесааднаўленні, пабочным карыстанні лесам, абароне лясоў ад пажараў, шкоднікаў, хвароб, ахове іх ад самавольных высечак і іншых відаў лесапарушэнняў, арганізуе работы па адвя- дзенні і таксацыі лесасек і непасрэдна ўдзельнічае ў іх, ажыццяўляе ў адпаведнасці з інструкцыямі і палажэннямі рэвізіі абходаў, кантралюе своечасовае і дакладнае выкананне майстрамі лесу, леснікамі, часовымі пажарнымі вартаўнікамі і пажарнымі камандамі ўскладзеных на іх абавязкаў, выкананне ўсімі прадпрыемствамі, што працуюць на тэрыторыі лясніцтва, правілаў водпуску лесу на пні, высечак, пабочнага карыстання лесам, пажарнай бяспекі, аналізуе вынікі вытворчай дзейнасці, удзельнічае ў распрацоўцы праектаў вытворчасці лясных культур і ахоўных лесанасаджэнняў.

І гэта, уявіце сабе, яшчэ няпоўны спіс яе абавязкаў. Але падобна, што яны яе не стамляюць.
— Ні кроплі не шкадую, што выбрала такую прафесію, — гаворыць Вольга Валер’еўна. — Яна складаная тым, што трэба пастаянна знаходзіцца ў лесе, усё кантраляваць (у кабінеце яе можна застаць толькі з васьмі да дзевяці гадзін раніцы, зімой — крыху больш. — Аўт.), але ў той жа час вельмі цікавая: так шмат можна даведацца новага, ёсць над чым працаваць. А ўлічваючы, што наша Нясвіжскае лясніцтва — доследна-вытворчае, мы можам на яго базе праводзіць сумесна з інстытутам лесу розныя доследы і эксперыменты.

Вольга Валер’еўна яшчэ шмат чаго расказала пра тое, як лес дзеліцца на групы па ўзросце і прызначэнні, як вядзецца яго аднаўленне і догляд, як цяжка змагацца з наступствамі летняй спякоты і засухі, якія асабліва моцна трывожаць леснікоў ужо трэці год, але ўсё гэта, на жаль, не змесціцца ў абмежаваныя рамкі газетнага артыкула. Аднак яе парада, як стаць паспяховым у сваёй прафесіі, напэўна, будзе карыснай для ўсіх.

— Каб нечага дасягнуць у сваёй працы, — падвяла вынік нашай гаворкі мая суразмоўца, — трэба яе любіць. І калі я спрабавала сябе ўявіць на нейкім іншым месцы, я разумела, што мне хутка стане сумна і нудна. Як толькі я ўдыхаю лясное паветра, пачынаю кантактаваць з людзьмі — ад навукоўцаў да простых рабочых, — мне становіцца так цікава, што рабочы час пралятае як адна хвіліна, і здаецца, што гадзін у сутках не хапае. А ўсведамленне таго, што я і мае таварышы па рабоце працуем не столькі для сябе, колькі для тых, хто будзе жыць пасля нас, вельмі грэе душу.
Да гэтых слоў, як кажуць, няма чаго дадаць. Хіба толькі тое, што калі праца ў ра- дасць — гэта самае сапраўднае шчасце.

Соф’я ЛЮБАНЕЦ.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!