“У далёкім 1939-м Беларусь уз’ядналася ў сваіх нацыянальных граніцах. Народ, які вякамі раздзялялі паміж княствамі, каралеўствамі і імперыямі, упершыню атрымаў шанс пабудаваць уласную дзяржаву на сваёй гістарычнай зямлі. Гэта здарылася больш 80-і гадоў назад 17 верасня.
Што значыць гэты дзень для нас, сённяшніх пакаленняў? Гэта наша гістарычная памяць. Памяць, якая звязвае ў адно людзей і эпохі, перадае вопыт і перасцерагае ад фатальных памылак. Уся наша гісторыя часам цяжкага і драматычнага шляху да набыцця і захавання сваёй дзяржаўнасці не раз пацвярджала старажытную мудрасць: сіла ў адзінстве”.
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр ЛУКАШЭНКА, падчас выступлення на форуме патрыятычных сіл “Сімвал адзінства”, прысвечаным Дню народнага адзінства, 17 верасня 2021 года.
Лёсавызначальнае рашэнне
17 верасня 1939 года войскі Чырвонай Арміі ступілі на землі Заходняй Беларусі, вызваліўшы ад 18-гадовай акупацыі і прыгнёту буржуазнай Польшчы, а таксама папярэдзіўшы іх захоп нямецкімі нацыстамі, якія ўжо дайшлі да Брэста і Гродна, за два тыдні разграміўшы польскія войскі. Урад панскай Польшчы ўцёк у Вялікабрытанію, кінуўшы свой народ на расправу гітлераўцам. Польшча як дзяржава перастала існаваць. І што тады чакала заходніх беларусаў, воляй трагічнага лёсу пакінутых у 1921-м годзе пад панамі і зведаўшы іх здзекі, паланізацыю, катаванні? Далейшае знішчэнне нашай нацыі, толькі ўжо “цывілізаванымі арыйцамі”. Апошнія прыйшлі з агнём і смертаноснай зброяй на нашу зямлю амаль праз два гады, але беларусы ўжо былі ў адзінай сям’і савецкіх народаў, і ўсе разам, як браты, сталі на абарону Радзімы.
Кіраўніцтва СССР праінфармавала польскага пасла: “Савецкі ўрад не можа абыякава адносіцца да таго, каб адзінакроўныя ўкраінцы і беларусы, якія пражываюць на тэрыторыі Польшчы, кінутыя на волю лёсу, засталіся безабароннымі. З-за такіх абставінаў савецкі ўрад аддаў распараджэнне Галоўнаму камандаванню Чырвонай Арміі даць загад перайсці граніцу і ўзяць пад сваю абарону жыццё і маёмасць насельніц- тва Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі”.
— І я адважуся сёння сказаць, што, калі б у 39-м, за два гады да нападу фашыстаў на Савецкі Саюз, немцы былі пад Мінскам, баюся, што не было б Вялікай Перамогі ў 45-м. Адзін кідок да Масквы — і Савецкага Саюза не існавала б, — гаварыў наш лідар на форуме патрыятычных сіл.
Прэвентыўны рух Сталіна на Захад і аб’яднанне зямель Беларусі было правільным, справядлівым і заканамерным. І жыхары заходніх тэрыторый з радасцю, кветкамі, надзеяй сустракалі сваіх вызваліцеляў.
Планы польскага панства
Яшчэ ў канцы снежня 1918 года кіраўнік польскай дзяржавы Юзэф Пілсудскі гаварыў у адной са сваіх інструкцый: усходняя граніца павінна забяспечыць польскаму боку чыгуначную лінію Драгабыч — Львоў — Гомель — Пінск — Лунінец — Баранавічы — Мінск — Вільня. “Такім чынам Польшча бярэ сабе краіну, прыстасаваную для каланізацыі”, — гэта яго словы. А вось з яго перапіскі: “Польшча — самая вялікая і моцная з новых дзяржаў, магла б лёгка забяспечыць сабе сферу ўплыву, якая прасціралася б ад Фінляндыі да Каўказскіх гор”. Выказванне міністра юстыцыі Польшчы Мейштовіча пасля трагічнага для нас 1921 года было такім: “Беларусь самой гісторыяй прызначана быць мастом для польскай экспансіі на Усход. Беларуская этнаграфічная маса павінна быць перароблена ў польскі народ. Гэта прысуд гісторыі, мы павінны гэтаму садзейнічаць”.
У канцы 1937 г. польскім МУС быў распрацаваны план “Перспектывы ўнутранага асадніцтва”. Ён прадугледжваў для дасягнення “стабільнай перавагі польскага насельніцтва” ажыццяўляць каланізацыю асаднікаў, высяленне няпольскага насельніцтва або абмен яго на палякаў. На “крэсы ўсходнія” планавалася перасяліць 6 млн палякаў. Яны атрымлівалі значныя надзелы зямлі — ад 15 да 45 гектараў. Польскія чыноўнікі, асаднікі, паліцэйскія вялі сябе як лю- дзі вышэйшага гатунку сярод плябеяў, пагардліва ставіліся да беларускай мовы, нашу культуру называлі пародыяй на іх вялікапольскую. Крытыкавалі: “… Карыстаецеся не каталіцкім абрадам, як мы, а верыце ў ерась — у праваслаўе”.
— Палякі ўспрымалі беларусаў не як нацыю, а як этнаграфічную масу, якую яны збіраліся асіміляваць і ператварыць у этнаграфічную групу польскага народа, — робіць выснову доктар гістарычных навук, прафесар Ігар Марзалюк.
Вось што казаў у чэрвені 1939 года беластоцкі ваявода Асташэўскі пра лёс беларусаў: “Мы жадаем аднаго і настойліва патрабуем, каб гэта нацыянальная меншасць думала па-польску. Нічога ўзамен не даваць і нічога не рабіць у іншым накірунку. Цяпер яшчэ можна беларусаў асіміляваць у адзінае русла польскай культуры… Рана ці позна беларускае насельніцтва будзе паланізавана”.
Пры перапісах нашых продкаў не запісвалі беларусамі, а “тутэйшымі”, каб не мелі яны сваёй сапраўднай нацыянальнасці, а рабіліся палякамі. Імі запісвалі нават яўрэйскіх равінаў. Многія людзі, каб пазбегнуць непрыемнасцей з уладамі, каб рухацца па службовай лесвіцы, свядома запісвалі сябе палякамі. Такая фальсіфікацыя праводзілася правячымі коламі, мела мэту даказаць польскі характар нашых тэрыторый, якія Польшча захапіла падчас вайны 1919 — 1921 гг.
А тых, хто не быў згодзен, хто змагаўся за нацыянальную год- насць беларусаў, кідалі ў турмы. У іх у 1923 г. знаходзіліся 1300 палітвязняў, а ў 1927-м — ужо 3 тысячы.
Пад ігам акупантаў
Згодна з Канстытуцыяй Польшчы і Рыжскім дагаворам 1921 г., польскі ўрад павінен быў гарантаваць нацыянальным меншасцям мець свае партыі, школы, магчымасць выбіраць сваіх прадстаўнікоў у сейм. На справе ж польскія ўлады ігнаравалі і ўласны Асноўны закон, і міжнародныя дамоўленасці. Яны вялі палітыку паланізацыі, апалячвання, акаталічвання беларускага народа. У верасні 1934 г. польскі міністр замежных спраў Бек на пасяджэнні Лігі Нацый агучыў тэзісы аб адмове Польшчы ад дадзеных раней гарантый па абароне правоў нацыянальных меншасцей. У органы ўлады выбіраліся толькі палякі. Беларусам забаранялася размаўляць ва ўстановах на роднай мове.
Зачыняліся беларускія ўстановы адукацыі. У 1939-м ужо не было ні адной беларускай школы, а апошняя гімназія, віленская, стала філіялам польскай дзяржаўнай гімназіі. У адзінай вышэйшай навучальнай установе на тэрыторыі Заходняй Беларусі, польскіх “крэсаў усходніх”, — Віленскім універсітэце — у канцы 1930-х вучыліся каля трох тысяч студэнтаў, з іх беларусаў не было і ста чалавек. А ва ўсёй Польшчы ў 1938/39 навучальным годзе налічвалася толькі 218 студэнтаў-беларусаў.
Да таго ж, навучанне пры Польшчы было платным. Па ўспамінах былога вучня гімназіі, нашага земляка Уладзіміра Пятровіча Гуля, вучням 1 — 4 класаў трэба было плаціць 15 злотых у месяц, 5 — 8 класаў — 20 злотых. Бедныя беларусы не мелі магчымасці вучыць сваіх дзяцей. І па медыцынскую дапамогу маглі звярнуцца толькі заможныя. Візіт да ўрача каштаваў 5 злотых, а дзень лячэння ў шпіталі — 7 злотых. Сярэдні ж дзённы заробак у Навагрудскім ваяводстве, куды ўвахо- дзіла нясвіжчына, у 1934 г. складаў 2 злотыя. Столькі ж плацілі ў вёсцы селяніну за дзве капы жыта ці пшаніцы (120 снапоў). А тыя снапы яшчэ трэба было нажаць — сярпом, сагнуўшы спіну. Пра гэты факт апавядала два гады таму нясвіжская настаўніца Валянціна Станіславаўна Хілько, успамінаючы расказы сваёй матулі-сялянкі.
Калі ж параўнаць стан аховы здароўя ў Заходняй Беларусі пры панскай Польшчы і ў БССР, то вынік далёка не на карысць першай. У 1939 г. у ёй налічвалася каля трох тысяч бальнічных ложкаў, або 0,6 на тысячу чалавек насельніцтва, у БССР — 3,2. Каэфіцыент забяспечанасці ў Савецкай Беларусі быў у 5 разоў вышэй.
Палякі не збіраліся развіваць нашу тэрыторыю і ў эканамічным плане. Толькі рабавалі. За 15 гадоў было высечана больш 400 тысяч гектараў лесу. Польскі ўрад прадаў на гэта права камерсантам з Англіі, Францыі і Чэхіі. Высякалася Белавежская і Налібоцкая пушчы. Англічанам палякі выдалі такое права нават без узнаўлення лясных рэсурсаў.
У “крэсах усходніх” амаль не развівалася прамысловасць: да 1935 г. колькасць рабочых скарацілася на 40% у параўнанні з 1913-м. У 1938 г. прадпрыемствы заходніх тэрыторый давалі ў 9 разоў менш прадукцыі, чым БССР, хоць да падзелу Беларусі абедзве яе часткі былі амаль аднолькавымі. Тэрыторыя Заходняй Беларусі займала 24% агульнай плошчы Польшчы, колькасць насельніцтва складала 13%, але выпускалі тут усяго 3% прамысловай прадукцыі. Неаднолькава, несправядліва ацэньвалася праца карэнных палякаў і жыхароў “крэсаў усходніх”. Сярэднегадзінны заробак варшаўскага рабочага дрэваапрацоўчай прамысловасці складаў 0,78 злотага, а жыхара Навагрудка — 0,31.
У сельскай гаспадарцы несправядлівасць таксама была неймаверная. У 1922 г., напрык- лад, 4,5 тысячы памешчыкаў (0,9% гаспадарак) валодалі амаль 4,7 млн гектараў зямлі. Гэта складала 58% прыватнаўласніцкага зямельнага фонду. На 99% сялян прыпадала тольі 42% зямлі. Да таго ж, апошнія пакутавалі не толькі ад малазямелля, а і ад шматлікіх непамерных падаткаў. Шмат у той час было беспрацоўных.
У Бярозе-Картузскай
У Беларусі 17 чэрвеня бягучага года ўспаміналі страшную, трагічную дату. 90 гадоў таму польскія прыгнятальнікі стварылі на нашай тэрыторыі — у Бярозе-Картузскай Палескага ваяводства — канцлагер. Панскія архітэктары перад гэтым з’ездзілі ў нямецкі лагер Дахау, створаны Гітлерам, перанялі вопыт, павучыліся, каб прадугледзець усе здзекі над нявольнікамі. Якраз 17 чэрвеня 1934 года быў падпісаны сумесны дэкрэт прэзідэнта Польшчы Масціцкага і ўрада аб месцах ізаляцыі “сацыяльна небяспечных элементаў”. Гэты дэкрэт парушаў міжнародныя абавязацельствы Польшчы, грамадзянскія правы і нормы правасуддзя. Але рэакцыйныя кіруючыя колы краіны проста ігнаравалі іх.Ка
нцлагер прызначаўся для тых, хто думаў інакш, чым ка́ты рэжыму Пілсудскага, хто хацеў жыць свабодна і вольна, размаўляць і пісаць на роднай мове. Беларусы, рускія, яўрэі, украінцы, польскія патрыёты. Утрымліваць людзей у ім дазвалялася да трох месяцаў без суда, па рашэнні паліцыі або кіраўніка ваяводства. Адміністрацыя лагера мела права дабавіць тэрмін і пакінуць нявольніка на новыя тры месяцы. Рэжым быў вельмі жорсткім. У першы дзень арыштаваных змяшчалі ў “каранцін”. Там не было мэблі, цэментную падлогу пастаянна палівалі вадой. Асабліва невыносна было зімой. Людзі цэлымі днямі стаялі тварам да сцяны, а ноччу спалі на цэментнай падлозе. Трымаць у “каранціне” маглі тыднямі.
Калі вязні адмаўляліся ад супрацоўніцтва з польскай паліцыяй, станавіцца яе агентамі, да іх прымяняліся жорсткія катаванні. Пад пазногці заганялі іголкі, выкручвалі рукі ў суставах…
Пасля пачатку Другой сусветнай вайны палякі разглядалі пытанне аб расстрэле ўсіх вязняў канцлагера. Але 18 верасня 1939 года прыйшло вызваленне войскамі Чырвонай Арміі.
Здзекі і катаванні ў канцлагеры Бяроза-Картузская давялося зве- даць і некаторым жыхарам Нясвіжчыны, якія вялі падпольную барацьбу з польскімі акупантамі. Гэта Ула- дзімір Пятровіч Гуль, Павел Фёдаравіч Казак, Лука Лукіч Капытка, Іван Ігнатавіч Ціхан. Яны не мірыліся з прыгнётам чужынцаў. “Мы і ў камерах турмы не спынялі барацьбы, — узгадваў пазней Іван Ціхан. — Аб’яўлялі галадоўкі, не адзявалі арыштанцкай вопраткі, адзначалі рэвалюцыйныя святы. Не выйсці б мне жывым з праклятых сцен Картуз-Бярозы. І толькі верасень 1939 года даў камуністам-вязням свабоду, за якую яны змагаліся”.
Вось ад якога іга выратавала нас Чырвоная Армія ў верасні 1939-га.
У складзе БССР
Адраджэнне прыйшло на нашы землі пасля аб’яднання з Савецкай Беларуссю. Беззямельныя сяляне атрымалі амаль 431 тысячу гектараў ворыўных палеткаў і сенакосаў, адабраных у памешчыкаў, асаднікаў і царквы. Да канца 1940 г. у заходніх абласцях налічвалася 646 калгасаў, да чэрвеня 1941-га — 1115, і аб’ядноўвалі яны 49 тысяч сялянскіх сем’яў. Іх абслугоўвала 101 МТС, дзе налічвалася 997 трактараў. па падліках даследчыкаў, ва ўсёй даваеннай Польшчы, у 1937 г., іх было толькі 900.
Будаваліся новыя фабрыкі і заводы. Аб’ём валавой прадукцыі прамысловасці ў параўнанні з 1938 г. вырас амаль удвая. Да 1941 г. у рэгіёне практычна было ліквідавана беспрацоўе. Як і праца падлеткаў за палавіну заробку. Медыцына стала бясплатнай. А забяспечанасць бальнічнымі ложкамі ў 1940 г. — на 70% вышэй, чым у даваеннай Польшчы. Запрацавала 5 настаўніцкіх інстытутаў. У панскай Польшчы зусім не было беларускіх тэатраў, а пасля вызвалення нашай тэрыторыі пачалі стварацца тэатры, мастацкія калектывы, адчыняліся кінатэатры, дамы культуры, бібліятэкі. Пачалі выходзіць газеты на беларускай мове.
…Восенню 1939 года Белая Русь зноў стала адзінай. У гэтым адзінстве народа — моц нашай краіны.
Тамара
ПРАЛЬ-ГУЛЬ.