Як ты думаеш, шаноўны чытач, што найперш хочацца чалавеку, які мае хлеб і да хлеба, і больш таго, Гасподзь дараваў яму магчымасць аб’ехаць паўсвета, і не толькі на свет і людзей паглядзець, але і сябе паказаць, скарыстаўшы ў поўнай меры падараваны Богам талент? Не маю магчымасці пачуць меркаванні і таму скажу як ёсць, што хочацца яму мала і адначасова вельмі многа — дакрануцца да Беларусі. Так сталася ў жыцці нашага земляка, настаўніка, перакладчыка, пісьменніка, і як ён сам заўсёды дадае — верніка, Уладзіміра Дзмітрыевіча Бруя, калі ён, да таго моманту ніколі не пакідаўшы не тое што Беларусь, так і без вялікай прычыны вёску Карцэвічы, дзе быў настаўнікам замежнай мовы ў мясцовай школе, чатыры гады працаваў у Сірыі, затым працяглы час у Гвінеі і іншых краінах замежжа. З чатырох гадоў у Сірыі — тры — бязвыязна. Там яшчэ з савецкіх часоў здзяйсняўся вялікі праект “Дваццаць плацін”. Патрэбен быў высокакваліфікаваны перакладчык англійскай мовы. Уладзіміру Дзмітрыевічу прадаставілі камфортную чатырохпакаёўку. Побач былі шыкоўная спартыўная зала і пляж.
— Але чым далей, тым больш шчыміла душу: тры гады без роднай мовы, сяброў, знаёмых, без Радзімы. Нарэшце жонка Ніла Яўгенаўна паехала дадому і, вярнуўшыся, прывезла мне “Новую зямлю” Якуба Коласа. Я чытаў яе ўголас і слёзы засцілалі вочы. Бо гэта — мая Радзіма, мая Гарадзея, адкуль нейкіх дваццаць кіламетраў па прамой да Мікалаеўшчыны вялікага песняра. Так што ўсё злівалася ў душы і ўспаміналіся словы Алеся Ставера: “Каб любіць Беларусь нашу мінулую, трэба ў розных краях пабываць…” — падзяліўся ўспамінамі Ула-дзімір Дзмітрыевіч падчас размовы з удзельнікамі сумеснага праекта “Парады з вуснаў несвіжан”, на той час наведвальнікамі гуртка “Юны журналіст” СШ № 4 г. Нясвіжа.
Тая сустрэча, якая адбылася ў Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Паўлюка Пранузы, мела свой працяг. Пасля юнакі і дзяўчаты неаднойчы прысутнічалі на прэзентацыях кніг нашага земляка — “Трэцяя Бярэзіна”, “Прыгоды сірыйца ў СССР”, “Нябесны банк”, “Дзве душы — адзін лёс”, “Сэрца новае”, “Усмешка верніка” і некаторых твораў у калектыўных зборніках. Зараз рыхтуецца да друку яшчэ адна кніга — пераклад з англійскай мовы апавяданняў Гілберта Кійта Чэстэртана.
Пісьменнік расказаў, што нарадзіўся ў гарадскім пасёлку Гарадзея. Тата — Дзмітрый Ігнатавіч — на той час працаваў вартаўніком у школе. З працаю ў пасёлку было вельмі цяжка. Толькі чыгуначная станцыя і паблізу, за рэчкаю, саўгас. Не было яшчэ ні льнозавода, ні цукровага камбіната. Мама Аляксандра Адамаўна працавала ў школе сакратаром.
А першая сустрэча з Богам для яе сына, калі яму было гадоў пяць, адбылася наступным чынам. Неяк хлопчык вырашыў дапамагчы маці, якая палола грады. Усунуў руку ў зямлю, і так яму непрыемна стала, калі зямля пад пазногцямі апынулася, пра што і прамовіў уголас. Аляксандра Адамаўна разагнулася, каб адпачыць, і кажа:
— Слухай, сынок, Бог то цябе панам стварыў, але маёнтак адпісаць забыўся.
Гэта як паглядзець. Уладзімір Дзмітрыевіч ужо не застаў сваіх дзядоў, але са слоў сваякоў ведае, што ў бацькавага таты было каля дваццаці гектараў зямлі. Дзед Ігнась памёр за тыдзень да вяселля сына. Нехта з сельсавета паведаміў, што ён уключаны ў спіс тых, каго павінны раскулачыць і вывезці. Відаць, гэтая навіна і справадзіла дзеда на той свет раней часу. Дзеда Ігнася па местачковаму называлі Бруй-Галава. Ігнат Іосіфавіч і сапраўды быў вельмі разумным чалавекам і спраўным гаспадаром. Ён параіў Міцю хутчэй падаць заяву ў сельсавет, каб пабрацца шлюбам з яго абранніцай Аляксандрай і сысці з хаты. Да самога вяселля Дзмітрый хаваўся ў хляве нявесты. А дзед Ігнась, наведаўшы ў нядзелю гарадзейскі кірмаш, а пасля дом будучых сваякоў, падаўся ў поле, дзе працавала “пазычаная” кіраўніком калгаса яго веялка. Падышоў да людзей, узяў у руку жменю збожжа і паваліўся на кучу ссыпанага зерня.
У Адама Швакі, мамінага бацькі, было ў Гарадзеі не адзін, не два, а значна болей дамоў. Іх арандавалі габрэі, якія там жылі і трымалі свае крамы. Усе яны былі разбомблены ў вайну. А бацькі нашага суразмоўцы да 1957 года блукалі па кватэрах і жыццё сям’і ў матэрыяльным плане было, як і ў большасці людзей таго часу, вельмі сціплым.
І сёння, калі хто з прадстаўнікоў юнага пакалення крывіцца ад прапанаванага абеду ў школьнай сталоўцы, а ў краме — ад вялікага выбару і не ведае, што і выбраць, то далікатэсы дзяцінства Уладзіміра Дзмітрыевіча — параная бульба, салёныя гуркі ці капуста. Пад весну прыпасы заканчваліся і да бульбы дадаваўся расол, што заставаўся ў бочках ад гэтых смакаў. Але, заўважце, дзеці таго пакалення не мелі моды скардзіцца на бацькоў, што тыя ім нечага не дадалі. Яны штосьці рабілі самі, спачатку для сябе, авалодваючы ведамі, а пасля і для таго, каб мы з вамі жылі лепш за іх.
У 1955 годзе Валодзя пайшоў у першы клас. Вучоба давалася вельмі лёгка, але хлопчыка цікавіла болей тое, што дзеялася за акном, чым тое, што адбывалася ў класе, але адкладвалася ў яго галаве ўсё, што гаварыў настаўнік”.
Замежную мову, а для Уладзіміра гэта была англійская, тады пачыналі вучыць з пятага класа. І, як лічыць Уладзімір Дзмітрыевіч сёння, сваімі цяперашнімі дасягненнямі, веданнем мовы, а ў свой час і прафесійным выбарам, ён абавязаны настаўніцы англійскай мовы Надзеі Трафімаўне Карновай.
— Надзея Трафімаўна вельмі добра валодала мовай. А самае галоўнае, такога шпака, які не мог уседзець на месцы, і не мяне аднаго, у такіх цісках трымала! І што цікавае ў нашым жыцці, каб тады ў нас спыталіся ў класе, так, шчыра, каго вы больш за ўсё з настаўнікаў не любіце, мы б адказалі:” Ну, напэўна, Карнову”. Якое дзіця няволю лю- біць? На ўроках настаўніца гаварыла ў асноў- ным па-англійску, крыху па-руску. Давала граматыку. Яна ўбіла ўсё гэта мне ў галаву ў самым лепшым сэнсе. Але сёння мы можам ацаніць, зняць капялюш і пакланіцца чалавеку ці яго памяці, — гаворыць Ула- дзімір Дзмітрыевіч.
У дзясятым і адзінаццатым класе Ула-дзімір Бруй стаў пераможцам абласной алімпіяды па англійскай мове. Пасля апошняй дэкан факультэта англійскай мовы, а пасля і прарэктар Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута замежных моў Міхаіл Арка-дзьевіч Хазяеў сказаў нашаму земляку:
— Я мару бачыць вас сваім студэнтам.
Вучоба ў студэнцкія гады Уладзіміру Брую таксама давалася лёгка. Маладому чалавеку дастаткова было прагледзець некалькі старонак слоў, як ён мог іх узнавіць у памяці.
Пасля заканчэння вучобы ён працаваў у Астроўскай, а затым — у роднай Гара- дзейскай школе на Нясвіжчыне. Сталае месца працы Уладзімір Дзмітрыевіч набыў 1974 годзе, калі разам з жонкай Нілай Яўгенаўнай трапіў на работу ў Карцэвіцкую школу.
Цікава, што ў якой бы школе ні працаваў Уладзімір Дзмітрыевіч, там абавязкова з’яўляліся пераможцы абласных алімпіяд па замежнай мове і раённых спаборніцтваў па настольным тэнісе. Апошні момант з разраду хобі. Але і па сённяшні дзень Уладзімір Дзмітрыевіч спорт не пакідае.
У настаўніка ёсць падстава і сёння ганарыцца сваімі вучнямі, якія пайшлі па яго шляху і не толькі.
Раман Татур скончыў Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя Максіма Танка, дзе вывучаў гісторыю і французскую мову. Пасля трапіў у Францыю і там вучыўся ў Ліёнскім універсітэце. Пасля гэтага вярнуўся ў Беларусь, працуе ў Мінску. Нядаўна ўдзячны вучань завітаў да свайго настаўніка, прынёс спонсарскую дапамогу на новую кнігу.
Малодшая дачка Уладзіміра Дзмітрыевіча Алена скончыла Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт і зараз працуе перакладчыкам у Арганізацыі аб’яднаных нацый, у яе філіяле ў Вене.
Уладзімір Дзмітрыевіч упэўнены, што ніякай мовай дасканала валодаць нельга. На яго думку, граматны чалавек — гэта не проста той, хто гаворыць і піша без памылак, а і той, “хто пры найменшым сумневе ў правільнасці напісання ці вымаўлення, пастаноўкі націску звяртаецца да слоўніка. Гэта называецца пачуццём мовы.”
На традыцыйнае пытанне, якую кнігу ён параіў бы прачытаць юным і сталым, Ула-дзімір Дзмітрыевіч адказаў:
— Перш за ўсё нашых аўтараў. Мне трапілася кніга Паўлюка Пранузы “Трываласць”. Там ёсць верш “Не экскурсантам, а сал- датам”. Ён піша, што такое вайна, сцяг Перамогі. Як ён на чужыне ўспамінае родны дом. Добра, што чалавек прайшоў такі шлях, вайну і застаўся жывы. І талент яго не быў закапаны ў зямлю. Гэта мне ўспомнілася. А так, бібліятэчная кніга для мяне заўсёды была выйсцем, варотамі ў вялікі свет. Я прападаў у бібліятэцы. Мог прыйсці, узяць кніжку, пачаць яе гартаць, потым сесці паміж паліц на падлогу і чытаць да вечара, пакуль мяне бібліятэкар не прагоніць. Вельмі любіў Жуля Верна, Джэка Лондана, навукова-папулярную літаратуру. Для многіх пакаленняў кніга нумар адзін — гэта Эрых Марыя Рэмарк “Тры таварышы”. Пра сяброўства, духоўныя каштоўнасці. Гэта вельмі важна. Пазней я доўга шукаў, і гэта была рэальнасць сацыялістычнага жыцця, кнігу Міхаіла Булгакава “Майстар і Маргарыта”. Сёння можна знайсці ўсё. А мне гэтага тады моцна не хапала. Недзе ва ўзросце з трыццаці да сарака я адчуваў такую поўную душэўную пустату, нейкую аддаленасць ад свету, сучаснага, цікавага. Цяпер гэтых праблем ні для вас, ні для другіх людзей не існуе, можна выбраць і карыснае, і цікавае.
Да гэтых меркаванняў Уладзіміра Дзмітрыевіча хочацца дадаць каментарый зноў жа з яго слоў. У наш час, калі ў бібліятэках выбар літаратуры даволі багаты, “ёсць людзі, якія кніжак не адкрываюць. Хоць золатам кнігу выкладзі, ці золата насып у кішэню чытачу. Усё роўна не прачытае. Ёсць шмат такіх людзей. Але ўсе мы розныя і кожны мае на ўсё права”. Уладзімір Дзмітрыевіч падкрэсліў, якая важная, значная падзея адбылася ў яго жыцці: ён быў бязбожнікам, а стаў вернікам, хрысціянінам. А гэта ні за якія грошы не купіш, ні ў якую латарэю не выйграеш.
— Я амаль усё жыццё пражыў у вёсцы, сярод простых людзей. Але і пра іх, пра самых простых, Бог даў магчымасць напісаць. Адзін чалавек, ужо даволі пажылы, у свой час — галоўны мастак фабрыкі крышталёвых і шкляных вырабаў, казаў, прачытаўшы маю кнігу “Трэцяя Бярэзіна”: “Я ўсё жыццё пражыў і думаў, што мяне ўжо здзівіць нічым не можна. А калі Вашу кніжачку чытаў, то ў мяне часам і слёзы з вачэй цяклі”.
Для мяне гэта велізарная ацэнка, — сказаў наш суразмоўца.
Уладзімір Дзмітрыевіч упэўнены, што “пісьменнік не той, хто піша, а той, каго чытаюць”. Таму, шаноўныя чытачы, да сустрэчы ў бібліятэцы.
Валянціна ШЧАРБАКОВА,
кіраўнік праекта
“Парады з вуснаў несвіжан”.
Фота Святланы ПОЛЬСКАЙ.