На беларускай зямлі шмат населеных пунктаў з незвычайнымі назвамі. І калі для мясцовых жыхароў яны прывычныя, то для тых, хто праездам, многія назвы здаюцца дзіўнымі. Сёння мы з вамі ў “грацыёзным” аграгарадку — Лань.
Аграгарадок Лань знаходзіцца паміж Нясвіжам і Клецкам, адлегласць да абодвух гарадоў — прыкладна па 8 кіламетраў. На 1 студзеня 2024 года ў Лані пражывалі 760 чалавек у 295 падвор’ях. 430 — працаздольнага ўзросту, 155 дзяцей і 175 пенсіянераў.
Дарэчы, статус аграгарадка вёска набыла ў 2007 годзе, а годам заснавання лічыцца аж 1519, калі Лань была маёнткам у Навагрудскім ваяводстве ВКЛ. У 1596 годзе князь Ра- дзівіл купіў гэты маёнтак і доўгі час Лань была радзівілаўскай зямлёй.
У 40-х гадах XIX стагоддзя ў Лані на грошы князя Радзівіла і памешчыка Грыневіча была пабудавана Пакроўская царква. І па ўжо ўсталяванай традыцыі першае знаёмства чытачоў “НН” з мясцовасцю пачынаецца менавіта з яе. У якасці гіда з намі па Ланскай зямлі падарожнічае Людміла Буглай, старшыня Ланскага сельсавета, цэнтрам якога і з’яўляецца аграгарадок.
— Чаму Лань? Адкуль такая назва? Няўжо ў вас тут водзіцца лань? — пытаюся я.
На што Людміла Іосіфаўна адказвае:
— Гэта вам лепш запытацца ў нашага бібліятэкара Алены Мікалаеўны, яна ведае ўсе ланскія легенды і паданні.
Прыйдзецца крыху змяніць маршрут, таму што міжвольна вызначана першая кропка нашага падарожжа — Ланская інтэграваная сельская бібліятэка, дзе нас і сустракае мясцовы краявед Алена Жук:
— Увогуле, ёсць некалькі версій назвы Лані — прыгожая і навуковая, — распавядае бібліятэкар. — Існуе легенда пра Дзеву Марыю, якая шукала ў цёмным лесе дарогу, каб выйсці да людзей. Пачуўшы чара- дзейную мелодыю, Дзева Марыя апынулася на невялічкай палянцы, дзе ўбачыла хлопчыка-музыку, які граў на дудачцы. Вакол яго скакалі маленькія аляняткі — лані, а пасярод паляны прабіваўся выток ракі. Багародзіца абмыла твар вадой, і з таго часу вада ў рацэ стала святой. Але ёсць больш афіцыйная версія, паводле якой, лань — гэта шырокая памешчыцкая ніва, адным словам — зямля ці поле. Пацвярджэннем таму з’яўляецца бяседная песня 1861 года са зборніка народнага беларускага фальклору Яўхіма Раманава.
Не ведаю, як вы, паважаныя чытачы, але я больш схіляюся да лірычнай версіі, згодна з якой, назва мае адносіны да вытанчанай прыгожай жывёліны — лані. З гэтымі думкамі трапім далей, да царквы.
Царква Пакрова Прасвятой Багародзіцы — праваслаўная царква, помнік архітэктуры драўлянага дойлідства. Уключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Побач з царквой — мураваная каменная брама-званіца. На тэрыторыі царквы знаходзяцца могілкі святароў і членаў іх сямей, крыху далей — мясцовыя могілкі.
У кнізе “Памяць. Нясвіжскі раён” ёсць дадзеныя, што ў 1863 го- дзе царкву перабудавалі за кошт казны і пры ёй адкрылі штатнае народнае вучылішча. Зараз гэта Ланская сярэдняя школа — адна з самых старэйшых устаноў адукацыі Нясвіжчыны.
Недалёка ад Пакроўскай царквы знаходзіцца гідралагічны помнік мясцовага значэння “Вытокі Лані”, заснаваны ў 2004 годзе для захавання ўнікальнага прыроднага аб’екта — крыніцы, якая грае важную ролю ў гідралагічным балансе гэтай тэрыторыі і з’яўляецца неад’емнай часткай культурнага жыцця насельніцтва. Ланская крыніца славіцца чысцінёй сваёй вады.
У гады Вялікай Айчыннай вайны на франтах і ў партызанскай барацьбе з вёсак Ланскага сельсавета загінулі 60 землякоў. У 1973 годзе ў цэнтры вёскі на ўшанаванне іх памяці была ўстаноўлена стэла. У 2021 годзе за сродкі ААТ “Лань-Нясвіж” было праведзена добраўпарадкаванне помніка.
А на вясковых могілках пахаваны воіны Савецкай Арміі, якія загінулі ў ліпені 1944 года ў баі пры вызваленні Клецка. У 1977 годзе на іх магіле была пастаўлена стэла, а ў гэтым годзе помнік адноўлены, як і адноўлены імёны загінуўшых.
Уразіла мяне Лань… Кафэ, магазіны, амбулаторыя, школа, дзіцячы сад, сталовая, банк, пошта, і нават амфітэатр — сапраўды па- цверджаны статус аграгарадка, які далікатна сумяшчае рысы і вёскі, і горада.
Святлана
РЫЖАКОВА-ЛУЦЭВІЧ.