Меню
Курс $  3.24 | €  3.5 | ₽100  3.87 |
Погода 6 °C

У аснове ўсяго — поле

Софья ЛЮБАНЕЦ 8 месяцев назад 0 132

Пост опубликован: 15.08.2024

Сёлетнія дажынкі з асабліва святочным настроем будуць святкаваць хлебаробы флагмана сельскай гаспадаркі нашага раёна — СВК “Агракамбінат Сноў”, які даўно вядомы далёка за межамі нашага раёна.

У аснове ўсяго — полеУ час наведвання гэтай гаспадаркі нашымі карэспандэнтамі тут заставаўся адзін дзень да заканчэння жніва, і яго вынікі былі ўжо відавочныя.



Як расказаў старшыня праўлення сельгаскааператыву Мікалай Радаман, агульны збожжавы клін у “Снове” сёлета склаў 2443 га, з іх самую вялікую плошчу — 1775 га — займала азімая пшаніца, 500 га — азімы ячмень, 168 — яравы, а яшчэ 770 га — рапс.
Акрамя таго, агракамбінат засеяў і ўбраў і 565 га збожжавых і 240 — рапсу на сваім участку “Арда”, што ў Клецкім раёне.

— Вынікі нас парадавалі, — адзначыў Мікалай Вячаслававіч, — рапс паказаў ураджайнасць амаль у 60 цэнтнераў з гектара, ураджайнасць збожжавых перавысіць 100 цэнтнераў (на момант падрыхтоўкі матэрыяла да друку стала вядома, што гэта лічба ў снаўчан склала 102,2 ц/га — аўт.). Вядома, гэта стала магчымым дзякуючы не толькі спрыяльным умовам надвор’я, але і рабоце агранамічнай службы, якая сачыла за правільнай запраўкай зямлі і строгім выкананнем тэхналагічных патрабаванняў. Сваю ролю адыгралі і новыя сарты, устойлівыя да палягання. Азімая пшаніца, напрыклад, на асобных участках давала да 130 цэнтнераў з гектара. Нават самі камбайнеры здзіўляліся: прайшоў 300 метраў — і поўны бункер.

Аднак лічыць, што ўборка ішла, як па масле, будзе не зусім правільна — нягледзячы на добры падбор сартоў, зусім пазбегнуць палегліцы не ўдалося. На такіх участках прыходзілася змяншаць хуткасць работы, убіраць з заходам, на паніжаных перадачах, але радасна тое, што гэта не паўплывала на ўраджайнасць.

Залатое багацце сноўскіх палёў убіралі 19 камбайнераў, шасцёра з якіх працавалі на машынах айчыннай вытворчасці. З гонарам за сваіх працаўнікоў Мікалай Радаман адзначыў, што некаторыя з іх — Сяргей Гаргун, Аляксандр Грынаш, Віталь Гілейша, Віктар Карповіч, Дзяніс Бараноўскі — намалацілі больш за дзве тысячы тон. А Сяргей Вайняк, напрыклад, без малога тры тысячы. Сумленна шчыравалі і вадзіцелі гаспадаркі, якія адвозілі збожжа з палёў — Алег Віннічак, Сяргей Радаман, Сяргей Браусевіч, Раман Рудніцкі і іншыя. Вядома, усе ўдзельнікі жніва прынясуць у свае сем’і і вельмі добрае матэрыяльнае заахвочванне, якім кіраўніцтва гаспадаркі аддзячыць ім за напружаную працу ад ранку да позняга вечара.У аснове ўсяго — поле У аснове ўсяго — поле

Акрамя апошняга зярнятка збожжавых, з палеткаў агракамбіната не менш старанна ўбіраецца і салома, якую Мікалай Радаман называе “стратэгічным прадуктам”. І гэта не перабольшванне — пры той колькасці буйной рагатай жывёлы, якой валодае “Сноў”, а гэта 19 тысяч галоў, салома вельмі неабходна жывёлагадоўчай галіне. Атрымаць яе ўдалося прыкладна ў паўтара разы больш, чым летась, і гэта не можа не радаваць. Салому тут кладуць у валкі, 3 — 5 дзён сушаць і ўбіраюць “Ягуарамі” на сечку, каб стварыць дадатковы запас кармоў.
Яшчэ адзін станоўчы факт, які ў нашай гутарцы ўзгадаў Мікалай Вячаслававіч, — гэта павелічэнне перапрацоўкі збожжа.

— 2000 — 2500 тон, якія мы ўбіралі за дзень, за суткі перапрацоўваліся, — адзначыў ён. — Вільготнасць была 14 — 16 працэнтаў, і калі пасля дажджоў яна паднялася да 18 — 20, то кожны наступны дзень падала на тры працэнты, таму збожжа добра захавала свае кармавыя якасці.

А тыя сарты, якія высяваюцца для атрымання насення — эліты і суперэліты — мы давядзём да патрэбнай кандыцыі і частку выкарыстаем для сябе, а частку як элітвытворчая гаспадарка прададзім у межах нашай краіны іншым сельгаспрадпрыемствам. Таму збожжа ў гэтым годзе хопіць, ёсць нават запас на наступны год. Сваё збожжа больш таннае, чым пакупное, таму можна будзе атрымліваць прадукцыю з добрым дабаўленным коштам, а грошы, выручаныя за яе, лягуць у касу гаспадаркі і пойдуць на далейшую мадэрнізацыю, рэканструкцыю, укараненне новых тэхналогій.

І ўсё гэта адбываецца прама цяпер: зараз ідзе рэканструкцыя будынка малочнага пагалоўя, закончана рэканструкцыя свінакомплексу, у які ўкладзена больш за 12 мільёнаў рублёў, вядзецца абнаўленне перапрацоўчай галіны агракамбіната.

— Мадэрнізавацца трэба, — гаворыць Мікалай Вячаслававіч, — таму што той, хто аднойчы адстаў, не дагоніць ужо ніколі. А мадэрнізацыя той жа перапрацоўкі — гэта вельмі дарагая справа. Напрыклад, адна толькі машына для вырабу фаршаў каштуе 900 тысяч еўра. Таму трэба думаць, як зарабіць грошы, як іх зберагчы і як плаціць людзям зарплату.
І ў гэты год, які ў нашай краіне носіць назву “Год якасці”, асабліва прыемна канстатаваць, што за дасягненне значных вынікаў у галіне якасці і канкурэнтаздольнасці вырабляемай прадукцыі, аказваемых паслуг або выкананых работ, укараненне інавацыйных тэхналогій і сучасных метадаў менеджменту СВК “Агракамбінат Сноў” удастоены Прэміі Урада Рэспублікі Беларусь за дасягненні ў галіне якасці за 2023 год, а яго старшыня Мікалай Радаман узнагароджаны залатым нагрудным знакам “За стабільную якасць прадукцыі”.

— Гэта гонар не толькі мой, але і ўсяго нашага працоўнага калектыву, — зазначыў Мікалай Вячаслававіч. — Гэта значыць, што мы выпускаем дастойную прадукцыю, якая карыстаецца заслужаным аўтарытэтам і без праблем рэалізуецца. 35 працэнтаў яе ідзе на экспарт у Расійскую Федэрацыю, а такі прадукт, як ялавічына, ахвотна закупляе Кыргызстан.
Нагадаем, што СВК “Агракамбінат Сноў” адзін з першых у краіне пачаў працаваць па прынцыпе “поле — ферма — перапрацоўка — прылавак — спажывец”. І, як бачым, слова “поле” нездарма стаіць у гэтым ланцужку першым, бо менавіта ад поспеху раслінаводства залежыць і поспех астатніх складнікаў эканомікі вялікай гспадаркі.

Вядома ж, галоўнае ў атрыманні высокіх ураджаяў — гэта ўменне абыходзіцца з зямлёй. А калі на ёй працуюць людзі, якія добра разумеюць, што менавіта ад іх залежыць укараненне у сельгасвытворчасць перадавых тэхналогій, на такіх людзей заўсёды можна разлічваць, і любую работу яны выканаюць якасна і ў тэрмін.
З працоўнай перамогай, снаўчанеУ аснове ўсяго — поле!

У аснове ўсяго — поле У аснове ўсяго — поле

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!