Уборачная пара — самая гарачая для аграрыяў. І, вядома, гэта звязана не толькі з надвор’ем. Добра ведаюць у “Грыцкевічах”: калі будзе хлеб — то будзе і да хлеба. Таму і стараецца кожны. Таму і клапоціцца, каб захаваць усё да зярнятка.
На палетках хлебаробы право- дзілі ўвесь светлавы дзень, а калі дазваляла надвор’е, то працавалі і з пражэктарам на камбайне. За захаваннем тэхналогій выканання работ старанна сачыў аграхімік гаспадаркі Дзмітрый Гайцюкевіч.
— У гэтым годзе пад збожжавыя палеткі было адведзена 957 гектараў, — расказвае Дзмітрый Ула- дзіміравіч. — Перавагу аддалі вырошчванню азімай пшаніцы элітных сартоў нямецкай селекцыі “Эміль” і “Патрац”, якія займалі 743 га, а таксама яравому ячменю сорту “Ірына”, што рос на 214 га. Сеем іх ужо не першы год і пакуль паспяхова.
Жніво пачалі 15 ліпеня. Апошнія гектары дажалі 5 жніўня. Вядома, у нашай, як і ў іншых гаспадарках, не абыйшлося без умяшання прыроды — прыйшлося змагацца і з палегліцай, пагоршыў стан культур шквалісты вецер і моцны дождж. Але ў нас усё атрымалася, і ўраджай парадаваў. Сказаўся добры догляд пасеваў і старанні хлебаробаў. Ура- джайнасць склала 95,1 цэнтнера з гектара. А гэта адзін з лепшых вынікаў у раёне.
Убіралі хлеб шэсць камбайнераў. Георгій Закудоўскі працаваў за штурвалам “Лексіёна-550”. Пяццю “КЗС-1218” на жніўных палях кіравалі Сяргей Гаспадарык, Юрый Наполеў, Генадзь Сяргей і маладыя механізатары гаспадаркі Сяргей Карловіч і Аляксандр Ілюшын.
Дарэчы, Юрый Наполеў не толькі працаваў на родных палетках, але і дапамагаў суседняму раёну. Яго камбайн быў прыкамандзіраваны да Дзяржынскага рэгіёна.
Ад камбайнаў зерне, як звычайна, паступала на збожжасушыльны комплекс. Менавіта гэтымі маршрутамі кіраваліся ў час жніва вопытныя вадзіцелі Мікалай Ярош, Ула- дзімір Савіч, Мікалай Казакевіч, Яўген Круглік, Міхаіл Заяц.
Улік кожнаму кілаграму зерня вяла вагаўшчыца Іна Сарнацкая. Запіс у рэестрах і журналах вёўся з поўным адсочваннем назвы культуры, умяшчальнасці аўтамабіля — да кантроля ўраджайнасці і агульнай колькасці збожжа.
Што і казаць, справа ў яе адказная. І жанчына добра з ёю спраўляецца.
Ад сушылак на захаванне ў склад на аўтамабілях “ГАЗ-53” ураджай перавозілі Сяргей Карачун і Аляксандр Заяц. На прыёмцы збожжа былі задзейнічаны ўсе вытворчыя падраздзяленні элеватара, дзе пазменна працавалі Віктар Грамко, Мікалай Коранеў, Аляксандр Любко, Аляксандр Акулік, Яўген Баранчык, Артур Кісель, Анатоль Піліпчук, Ігар Рудой.
У дзень, калі ўдалося пабываць на збожжасушыльным комплексе, за работай на “Амкадоры” шчыравалі Аляксандр Любко і Аляксандр Акулік. Па агульнаму выніку разам са сваімі зменшчыкамі яны перапрацавалі 7220 тон збожжа, якое адпраўлялася ў лік дзяржзаказа і на патрэбы гаспадаркі.
Як толькі збажына была ўбрана, палеткі ўжо рыхтавалі пад ураджай новага года. Адразу ўбіралі салому. За камбайнамі па полі рухаліся саломападборшчыкі. За рулём аднаго з іх — Анатоль Каваленя. Яго рулонны прэспадборшчык “Ф’южан” пакідаў за сабой цюкаваныя “бочачкі”.
Вядома, летам у полі механізатары і вадзіцелі праводзяць шмат часу. Але, нягледзячы на гэта, работу сваю любяць. Думкамі наконт хлебаробскай справы падзяліўся Сяргей Гаспадарык. Для яго гэта быў дваццаць другі ўборачны сезон.
Заўсёды да работы ставіўся адказна. Лічу, што гэта асноўнае, — кажа Сяргей Васільевіч. — Як толькі паклікалі спелыя збожжавыя нівы, сеў за штурвал свайго “КЗСа”. Другі год на ім працую, сёлета выйшлі ў лідары з першай тысячай намалоту, агульная колькасць склала 1944 тоны на грыцкевіцкіх палетках. А некалі, памятаю, пачынаў свой шлях хлебароба з “Дона”, пасля далі “КЗС”, які меў 27-ы (!) завадскі нумар. Добрая была машына, нават бывала, што і “Лексіён” абганялі па намалотах. Выязджаў на ім у камандзіроўкі ў Крупскі, Слуцкі, Мінскі раёны.
Праходзіць час і ўсё мяняецца ў лепшы бок. Успамінаю, як раней працавалі на камбайне, а ў кабіне — за пяцьдзясят гарачыні… Сёння камфортна — кандыцыянер, сучасная механіка, электронныя сродкі кантролю. Плыві па хвалях збажыны…
Цяпер вось камбайн рыхтую паставіць на зімоўку. Далей перасяду на буракаўборачны агрэгат, — завяршыў Сяргей Гаспадарык.
Размова з маладым камбайнерам Аляксандрам Ілюшыным адбылася таксама пасля заканчэння жніва. На той час малады механізатар быў ужо задзейнічаны на падвозе кармоў для жывёлы.
У гаспадарцы Аляксандр амаль дзесяць гадоў. Прыйшоў сюды на адпрацоўку, а пасля арміі вырашыў застацца.
— Тэхнічныя азы я атрымаў, калі вучыўся ў Клецкім СПЛ. Добры вопыт кантролю за тэхналагічнымі працэсамі і работай механізмаў машын пераймаю і сёння ў старэйшых, бо, як кажуць: “Адзін у полі не воін”, — дзеліцца малады хлебароб.
На маё пытанне, ці заставаўся час для асабістых патрэб у час жніва, Аляксандр растлумачыў:
— Прафесія механізатара сёння з’яўляецца адной з перспектыўных запатрабаваных рабочых прафесій. Жніво — вялікая адказнасць для кожнага працаўніка. Сабе практычна не належыш. Працуеш і думаеш, каб толькі надвор’е не падвяло, ды машына вытрымала нагрузку. А пасля заканчэння жніва прыемна, калі ніва аддзячвае сапраўды багатым ураджаем.
Прыемна, што не застаёмся без увагі прафсаюзаў аграпрамысловага комплексу — атрымліваем дыпломы і падарункі за працоўныя перамогі. Ды і заробкі ў гаспадарцы на ўзроўні. Хочацца толькі, каб больш моладзі прыязджала працаваць.
Па добрай традыцыі з новай працоўнай перамогай хлебаробаў гаспадаркі павіншаваў дырэктар ААТ “Грыцкевічы” Яўген Здановіч. Падкрэсліўшы, што праца хлебароба заўсёды была і будзе пачэснай, ён шчыра падзякаваў людзям за старанне і пажадаў, каб у жыцці кожнаму спрыяў поспех, моцным было здароўе, а збожжавая ніва пад мірным небам радавала новымі багатымі ўраджаямі. Ад зямлі і хлеба пачынаецца ўсё: жыццё, шчасце і дабрабыт. Няхай усё гэта будзе ў вас, грыцкевіцкія хлебаробы!
Іна ВАСІЛЕВІЧ.