Меню
Курс $  3.27 | €  3.55 | ₽100  3.17 |
Погода -0 °C

Легенды “маленькага Парыжа”

Ирина ЕФИШОВА 4 месяца назад 0 77

Пост опубликован: 12.08.2024

Невялікія ўтульныя вуліцы, зеляніна навокал, чысціня — такія першыя ўражанні пры наведванні Нясвіжа застаюцца ў гасцей. Палац, касцёл, кляштар, ратуша, Слуцкая брама — бясцэнны скарб, сапраўдны падарунак ад продкаў. “Маленькі Парыж” — так часта называлі Нясвіж калісьці даўней, такім жа ён застаецца і сёння. 800 гадоў тут віруе жыццё, змяняюцца эпохі, пакаленні, а ён працягвае заставацца культурным цэнтрам Беларусі. У горадзе пануе ўнікальная атмасфера, своеасаблівы дух.



Прайдзіцеся па яго вуліцах, пагуляйце па цяністых алеях парка, затрымайцеся ля Слуцкай брамы — і вы зразумееце, наколькі непарыўна ў ім перапляліся даўніна і сучаснасць. За васьмісотгадовую гісторыю горад шмат чаго пабачыў, яго сцены станавіліся маўклівымі сведкамі значных гістарычных падзей. І зараз ён быццам застыў на перакрыжаванні эпох, спалучаючы старажытную мудрасць і маладую гарэзлівасць. Нясвіж авеяны мноствам легенд, многія з якіх так і застаюцца прыгожымі гісторыямі, што не маюць сувязі з рэальнасцю. Але ёсць і такія, абвергнуць каторыя не змаглі і да сённяшняга дня.

Легенды крыпты касцёла

Крыпта Нясвіжскага касцёла — сапраўдная скарбніца легендаў і паданняў, таямніц і загадак. І гэта зусім не дзіўна: усё невядомае прыцягвае нас, вымушае шукаць адказы на пытанні. У тым і крыецца прырода чалавека.Легенды “маленькага Парыжа”

У крыпце знаходзіцца так званая “сядзячая” труна — саркафаг няправільнай формы. Паводле легенды, у ім знайшло апошні прытулак цела маладой княжны. Яна замерзла, чакаючы свайго любага, простага хлопца, на дальняй алеі парка. Маладыя людзі пазнаёміліся і пакахалі адзін аднаго, але іх далейшае шчасце было немагчымым: не маглі магнаты Радзівілы парадніцца з прасталюдзінам. Закаханыя вырашылі збегчы. На вуліцы была зіма, моцныя маразы, а дзяўчына выбегла з палаца ў адной лёгкай сукенцы. Схаваўшыся ў дальняй частцы парка, яна чакала свайго любага. Але сустрэцца яны так і не змаглі: іх змова была раскрыта і хлопца схапілі. Раніцай у парку знайшлі цела маладой княжны. Мароз і сцюжа зрабілі сваю справу: дзяўчына замерзла настолькі моцна, што палажыць яе цела ў звычайную труну не было ніякай магчымасці. Яшчэ адна легенда аб высокіх пачуццях і неміласэрнасці лёсу. Але праўда куды больш празаічная, чым прыгожая гісторыя. Насамрэч, даследаванні паказалі, што ў саркафагу пакоіцца 74-гадовая Адэла Радзівіл, а незвычайную форму яму надае размешчаная на вечцы труны кампазіцыя, якая змяшчае хрысціянскую сімволіку ў выглядзе факельнага агня — сімвала хуткаплыннасці чалавечага жыцця.

У адной з залаў крыпты апошні прытулак знайшла цэлая сям’я: ў ёй стаяць дзве вялікія труны і 12 дзіцячых. Гэта Катажына Радзівіл і яе 12 памерлых дзяцей. Кажуць, што ў поўню тут чуецца жудасны плач. Гэта няшчасная маці, ператварыўшыся ў саву, плача ўначы над сваімі немаўлятамі. Безумоўна, гэта легенда, але хто ведае, наколькі вялікі і нясцерпны боль страты…

Прывід Нясвіжскага замка

Легенда аб Чорнай Панне Нясвіжа ўзнікла ў ІV стагоддзі таму і звязана яна з іменем Барбары Ра- дзівіл. Яна была маладой і дзівосна прыгожай, усім сэрцам кахала будучага караля Рэчы паспалітай Жыгімонта, стала яго жонкай. Іх пачуцці былі ўзаемнымі і настолькі моцнымі, што яны ніводнага дня не маглі пражыць асобна. Іх сямейную ідылію псавала свякроў — маці караля Жыгімонта Бона Сфорца. З першага дня яна ўзненавідзела нявестку і ўсякімі спосабамі старалася разлучыць закаханых. Чаму? Усё да банальнасці проста: яна мроіла аб больш выгаднай партыі для свайго сына. Але Жыгімонт не паддаваўся, а польскаму сейму не заставалася нічога іншага, як каранаваць жонку караля. Бона Сфорца ў раз’юшанасці вярнулася ў Італію, але пакінула з маладымі свайго лекара, які пазней і атруціў Барбару.Легенды “маленькага Парыжа”

Памерла маладая каралева праз паўгода пасля каранацыі. Нішто не магло суцешыць Жыгімонта, увесь шлях ад Нясвіжа да Вільні (менавіта там была захавана маладая каралева) ён прайшоў пешшу, плачучы над лёсам сваёй каханай. Пасля пахавання кароль так і не змог справіцца са стратай і вырашыў звярнуцца да магіі. Яго папярэдзілі, што ні пры якіх абставінах ён не павінен дакранацца да прывіда Барбары. Але, як толькі дух з’явіўся ў пакоі, кароль дакрануўся да каханай. З тых пор душа Барбары Радзівіл не можа знайсці спакою. З наступленнем цемры блукае яна па алеях парка, шыкоўных залах палаца і шукае свайго любага. Кажуць, што прывід яўляецца несвіжанам, калі хоча папярэдзіць аб небяспецы. Гэта прыгожая і сумная гісторыя кахання — легенда толькі напалову. Сучасныя гісторыкі і даследчыкі прыйшлі да высновы, што Барбара насамрэч не была атручана, а памерла ад анкалагічнага захворвання. Але ці можа гэты факт зрабіць легенду менш прыгожай і рамантычнай? Як вядома, сапраўднае каханне жыве вечна і абставіны не маюць значэння…

Незлічаныя багацці Радзівілаў

Тое, што Радзівілы былі адным з багацейшых родаў у Еўропе, зусім не міф. Іх уплыў распаўсюджваўся не толькі на нашу краіну, але і далёка за яе межамі. Многія прадстаўнікі гэтага знакамітага роду займалі важныя дзяржаўныя пасады, зразумела, што і прыбытак у іх быў значны. Асаблівай каштоўнасцю скарбніцы Радзівілаў былі залатыя апосталы, прывезеныя з Турцыі. Усяго іх было 12. Паводле ўспамінаў сучаснікаў, фігуры былі выкананы ў чалавечы рост. Па легендзе, яны і былі галоўнымі ахоўнікамі каштоўнасцей Радзівілаў. Легенды “маленькага Парыжа”Падчас вайны 1812 года Дамінік Радзівіл (менавіта яму ў той час належалі апосталы) са сваім 5-тысячным войскам выступіў на баку французаў. Пасля перамогі рускай арміі Дамінік ледзь паспеў ускочыць у замак, каб аддаць загад аб эвакуацыі каштоўнасцей. Калі рускія салдаты ўварваліся ў замак, скарбаў ужо не было. Кіраваў эвакуацыяй каштоўнасцей кашталян. Паводле легенды, абоз так і не пакінуў замак, а значыць, скарбы павінны быць дзесьці паблізу. Іх спрабавалі знайсці археолагі, гісторыя скарба захапіла і немцаў падчас акупацыі, шматлікіх марадзёраў. Але ніхто так ні на крок і не наблізіўся да каштоўнасцей Радзівілаў. Тое, што скарб быў — бясспрэчны факт. Аб яго наяўнасці сведчаць многія сучаснікі. А вось сапраўдныя памеры каштоўнасцей і іх далейшы лёс — загадка, сышоўшая ў нябыт разам з яе ўладальнікамі.

Нясвіжскі Мюнхаўзен

Караль Станіслаў Радзівіл — фігура не толькі яркая, але і неадназначная. Чаго варта адна толькі мянушка — Пане Каханку! Аб ім ходзіць шмат легенд, дзівосных гісторый і неверагодных сведчанняў. Што праўда, а што байкі — высветліць ужо немагчыма. Аб яго знакамітым катанні на санях летам ведаюць амаль усе. У той летні вечар у Нясвіжскім палацы было шмат гасцей, Пане Каханку быў у цудоўным настроі і ў запале спрэчкі паабяцаў усім прысутным, што заўтра яны будуць катацца на санях. Але як гэта магчыма?! На вуліцы лета! Караль Станіслаў славіўся вясёлым норавам і сучаснікі ўспаміналі яго як неверагоднага аматара расказваць розныя гісторыі, своеасаблівага нясвіжскага Мюнхаўзена. Госці не надалі істотнага значэння словам гаспадара замка. Але якое здзіўленне чакала ўсіх, калі раніцаю служкі пачалі запрашаць іх на вуліцу, а ўвесь праезд ад замка да касцёла быў засыпаны соллю. А ў тыя часы соль каштавала амаль што як золата. Было такое ці не, ні пацвердзіць, ні аспрэчыць нельга. А легенда жыве!Легенды “маленькага Парыжа”

Нясвіжская зямля поўніцца легендамі і паданнямі, фантастычнымі, сумнымі, гераічнымі. За 8 стагоддзяў горад і сам стаў легендай — увасабленнем велічнасці і магутнасці тых, хто жыў да нас. Яго дух і атмасферу нельга адчуць дыстанцыйна, і ні адна прыгожая легенда не параўнаецца з прыгажосцю гэтага горада. Прайдзіцеся па яго вуліцах, прыслухайцеся да шуму дрэў, азёрнай вады. Прыкладзіце руку да старажытных сцен — і яны раскажуць вам свае легенды, вечныя, як і сам горад на сямі пагорках.

Падрыхтавала Ірына Ефішова.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!