У першую суботу жніўня ў Нацыянальным гісторыка-культурным
музеі-запаведніку “Нясвіж” адбылася яркая кветкавая падзея —
“Гранд кірмаш у палацы “Кветкі Нясвіжа”. Палацавая плошча знакамітага
замкавага комплексу была маляўніча ўпрыгожана кветкамі,
на працягу ўсяго дня наведвальнікаў радавалі
фларыстычныя майстар-класы, паказы адзення
беларускіх дызайнераў, выступленне школы
класічнага балета Little swan, кірмаш рамеснікаў, працавалі кветкавыя фотазоны.
Першы намеснік дырэктара НГКМЗ “Нясвіж” Наталля Жэрка расказала карэспандэнту “НН”, што сёлета жадаючых наведаць свята кветак было на тысячу больш, чым у папярэднім годзе.
— Ужо стала добрай традыцыяй правядзенне такога свята, якое трэці раз праходзіць на базе нашага музея-запаведніка. Летась гэтае мерапрыемства называлася “Кветкі палаца”, сёлета — мы пашырылі яго геаграфію і назвалася яно ўжо “Кветкі Нясвiжа”. У праекце брала ўдзел мінская школа фларыстыкі — 12 фларыстаў на працягу трох дзён выраблялі фларыстычныя кампазіцыі, дэкарыравалі кветкавым матэрыялам фотазоны, якія карысталіся асаблівай папулярнасцю ў наведвальнікаў. Для таго, каб скласці саму праграму свята, быў распрацаваны комплекс мерапрыемстваў на цэнтральнай сцэне палацавага ансамбля, дзе ў рэжыме нон-стоп праходзілі паказы калекцый дзіцячых і дарослых мадэляў з элементамі кветкавага дэкору. Першы раз мы запускалі праект у верасні, але вось ужо два гады запар праводзім мерапрыемства ў жніўні, прычым, сумяшчаючы з кірмашом. У фларыстаў была яшчэ задумка, каб кожны наведвальнік мог пакінуць свой след у тканым кветкавым габелене, мы гэтую ідэю разглядалі, але адмовіліся, бо зразумелі, што пакуль не хапае рэсурсаў, але, магчыма, рэалізуем гэту ідэю ў наступным годзе. Свята кветак патрабуе вельмі вялікіх фізічных затрат, нарыхтоўкі залежаць ад сезона і ўжо, зыходзячы з гэтых абставін, фарміруецца новая канцэпцыя мерапрыемства. Вядома, хацелася б, каб яна мянялася для разнастайнасці і прыносіла як мага больш эмоцый і пазітыву.
Святлана РЫЖАКОВА.
Фота Святланы ПОЛЬСКАЙ.