Паважаныя чытачы, мы працягваем традыцыйную рубрыку, дзе расказваем пра людзей, якія аддалі свае сэрца роднай Нясвіжчыне. Сярод іх ёсць і тыя, для каго Нясвіжскі раён стаў другой радзімай, хто не нарадзіўся тут, але большую частку свайго жыцця пражыў на гэтай зямлі. Сёння мы ў аграгарадку Лань. А гераіня нашага аповеду — старшыня Ланскага сельсавета Людміла Буглай.
Людміла Іосіфаўна — ураджэнка Столінскага раёна Брэсцкай вобласці, прыехала ў Нясвіжскі раён пасля заканчэння Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі. Здавалася б, нічога незвычайнага — выйшла замуж за хлопца, з якім разам вучылася. Муж Людмілы — Аляксандр — быў родам з Нясвіжчыны, таму яна і пераехала на яго радзіму. Маладая сям’я атрымала ў Лані дом ад гаспадаркі. Ужо тут нарадзіўся сын Сяргей. Усё як ва ўсіх.
Але ў далёкім 1984-м у планах маладой студэнткі было вярнуцца на роднае Палессе, абзавесціся садам і займацца вінаграднікамі — бо менавіта па такой спецыяльнасці “Садоўніцтва, агародніцтва і вінаградарства” — навучалася будучы старшыня Ланскага сельсавета. Ды і прафесію Людміла Буглай выбірала свядома — хацела пайсці па шляху бацькі, які працаваў брыга- дзірам паляводчай брыгады. Але лёс распарадзіўся інакш.
Прыехаўшы ў Лань, Людміла Іосіфаўна прыступіла да працы лабарантам у лабараторыі кармоў, дзе адпрацавала 5 гадоў, затым заняла пасаду загадчыцы ветэрынарнай аптэкі тады яшчэ калгаса імя Леніна, пазней пераназванага ў СКГ “Лань”. А ўжо ў 1998 годзе стала намеснікам старшыні гэтай гаспадаркі па ідэалагічнай і выхаваўчай рабоце, пазней — дэпутатам Ланскага сельскага Савета дэпутатаў. І не дзіўна — яна любіла мець зносіны з людзьмі, удзельнічаць ва ўсіх мерапрыемствах, да працы ставілася добрасумленна і адказна, была актыўная, ініцыятыўная — вядома, такую складана не заўважыць.
Сёння за плячыма Людмілы Іосіфаўны 21 год работы ў сельсавеце і 25 населеных пунктаў, дзе яна ведае кожны падворак і кожнага чалавека.
У свае 57 яна мабільная, спрытна спраўляецца з тэхнікай, заўсёды за рулём аўтамабіля, імкнецца асвойваць новыя камп’ютарныя тэхналогіі. У вольны ад працы час займаецца агародам. На сваім участку Людміла Буглай высаджвае агуркі і памідоры.
— Я ўсё ж больш схіляюся да гародніны, а не да саду. У мяне нават дыпломная работа па гародніне была. Агуркі ў мяне толькі музычныя, — смяецца Людміла Іосіфаўна. — Сарты “Чайкоўскі” і “Ліст”. Яны сябе добра зарэкамендавалі, непераборлівыя. А памідоры — “Дэ-Бараа” і “чэры” — аддаю перавагу галандскім сартам, якія не баяцца фіта- фторы. Дарэчы, у дасведчанай гаспадыні 250 кустоў таматаў, і, заўважце, гэта на 12 сотках. І без малога — 30 курэй. Канешне, па гаспадарцы дапамагае сын, хоць і жыве ў сталіцы. Сяргей не пайшоў па шляху маці, ён юрыст, скончыў юрыдычны каледж, затым БДУ, а пасля — Міжнародны універсітэт МІТСО.
Цяпер, калі не за гарамі пенсійны ўзрост, Людміла Іосіфаўна ўжо марыць разам з сынам пачаць займацца вінаградам, але гэта на далёкую перспектыву.
Пакуль у яе кожны дзень — сустрэча з кіраўніцтвам гаспадарак і розных службаў, а таксама вырашэнне пытанняў грамадзян, якія звяртаюцца з праблемамі. Нездарма па выніках 2023 года Ланскі сельсавет заняў першае месца сярод усіх сельскіх і пасялковых Саветаў дэпутатаў.
Як яна спраўляецца?
— Ды я не ўяўляю ўжо, што б я рабіла без гэтай працы. Нават будучы ў адпачынку — не атрымліваецца не думаць пра работу, усё роўна заходжу, правяраю абстаноўку, — кажа Людміла Іосіфаўна. Але пры гэтым прызнаецца, што марыць аб паўнацэнным водпуску. Адзін толькі раз за ўсё жыццё яна 5 гадоў таму на 10 дзён з’язджала ў Егіпет.
На пытанне, ці ёсць нейкія захапленні, можа, вышыўка і ці вязанне, Людміла Іосіфаўна адказвае:
— Не, гэта для спакойных, не з маім халерычным характарам рабіць манатонную працу. Я лепш дэтэктыў пачытаю, напрыклад, Дар’і Данцовай.
Старшыня сельскага Савета дэпутатаў — на вёсцы фігура значная. Менавіта да яго найперш звяртаюцца жыхары вёсак і аграгарадкоў са сваімі праблемамі.
І сельскі кіраўнік робіць усё магчымае, каб пытанні жыццезабеспячэння насельніцтва вырашаліся хутка і эфектыўна, часам грэбуючы сваімі інтарэсамі. Так і застаецца марай Людмілы Іосіфаўны пабываць у Санкт-Пецярбургу, а пакуль трэба вырашаць больш важныя пытанні, бо на першым месцы — людзі.
Святлана
РЫЖАКОВА-ЛУЦЭВІЧ.