Старыя Навасёлкі — аграгарадок у Нясвіжскім раёне, за 8 кіламетраў ад Нясвіжа.
Вядомы тым, што на яго тэрыторыі знаходзіцца адна з самых буйных гаспадарак ЗАТ “Агракамбінат Нясвіжскі”. Статус аграгарадка вёска набыла ў 2006 годзе. Характэрна, што назву Навасёлкі носяць больш за 100 населеных пунктаў Беларусі, і не менш у Расіі. Але вось падвойную назву Старыя Навасёлкі мае толькі аграгарадок на Нясвіжчыне, пра яго сёння і пойдзе размова ў нашай рубрыцы “Тэрыторыя развіцця”. У 1870 годзе Старыя Навасёлкі — гэта вёска Гавязнянскай воласці Слуцкага павета. Хутчэй за ўсё назва Гавязнянскай воласці мае адносіны да рэчкі Гавязнянка, якая працякае праз населены пункт.
З 1921 па 1939 год вёска была ў складзе Польшчы, у Гавязнянскай гміне Нясвіжскага павета. З 1940 па 1966 год Старыя Навасёлкі — цэнтр Навасёлкаўскага сельсавета.
Адпраўным пунктам нашага падарожжа па Старых Навасёлках стаў Сейлавіцкі сельсавет, у склад якога зараз ўваходзіць аграгарадок.
На 1 студзеня 2024 года ў аграгарадку Старыя Навасёлкі пражывалі 346 чалавек у 149 падворках. З іх 220 працаздольнага ўзросту, 66 — пенсіянераў і 60 дзяцей да 18-гадовага ўзросту.
Старшыня сельсавета Алег Вінаград дапамог расставіць пункты на карце аграгарадка, якія нам трэба было наведаць.
Што ж, паехалі. Першае, з чаго хочацца пачаць і што прыцягвае ўвагу ў Старых Навасёлках — гэта два крыжы ў цэнтры вуліцы Кветкавай — каталіцкі і праваслаўны, бо жывуць у аграгарадку вернікі дзьвюх хрысціянскіх канфесій.
Дарэчы, як прыемна ехаць па гладкім, як люстэрка, дарожным палатне! У гэтым сезоне вуліца Кветкавая канчаткова атрымала сваё новае асфальтавае пакрыццё. Да гэтага вуліца была заасфальтаваная напалову.
Рухаемся далей, “на горку”, так мясцовыя жыхары называюць вуліцу Маладзежную, дзе знаходзіцца сэрца аграгарадка — мясцовы супермаркет.
Канцылярыя, бытавая хімія, шырокі асартымент бакалеі, хлеб і малочка — усё толькі самай высокай якасці і па прыемных цэнах. Мясныя паўфабрыкаты: фарш, катлетнае мяса, рабрынкі, шашлыкі, шкваркі, каўбаскі і купаты прадстаўлены як у замарожаным, так і ў ахалоджаным выглядзе.
Тут можна купіць тры віды мяса — свініну, ялавічыну і бараніну, што дазваляе задаволіць запыты любога пакупніка. І нават не кожная сталічная крама можа пахваліцца наяўнасцю асятровай ікры і стэйкаў з асетра, а таксама набораў для юшкі.
Таксама тут прадаецца агародніна, вырашчаная ў цяпліцах ЗАТ “Агракамбінат Нясвіжскі” без выкарыстання хімічных сродкаў.
— Па меры неабходнасці паступае ўсё. Два разы на тыдзень прывозяць свініну, каўбасныя вырабы, фаршы, паўфабрыкаты, — расказвае загадчыца Ірына Стахно. Два разы — гэта абавязкова, а так можа быць і тры-чатыры разы на тыдзень. Прадукцыя разбіраецца як нашымі мясцовымі жыхарамі, так і заезджымі, дачнікамі, бо яе ведаюць усе. А з лістапада 2020 года мы перайшлі на самаабслугоўванне, што яшчэ больш прываблівае пакупнікоў.
Нацешыўшыся багаццем асартыменту крамы, выходзім на вуліцу, дзе чутны духмяны пах ежы. Аказваецца, побач з магазінам знаходзіцца сталовая ЗАТ “Агракамбінат Нясвіжскі”.
Нам пашанцавалала, бо каля яе стаяла машына, якая прыехала за абедамі для працаўнікоў палёў.
— Гарачая пара не толькі ў аграрыяў, але і ў нас, — кажа загадчыца сталовай Валянціна Весялуха. — На дадзены момант да нас яшчэ далучылі ААТ “Вішнявецкі-агра”, таму мы рыхтуем абеды і вячэры яшчэ і для іх работнікаў. Імкнемся ўкласціся ў тэрмін, каб не было нараканняў. Меню ў нас разнастайнае, кожны дзень не паўтараецца. Абавязкова гарачае, на другое — катлеткі, плоў, рагу, шніцаль, салата абавязкова або гародніна, кампот, гарбата, мінералка. Усе, хто працуе ў палях, поўнасцю забяспечаны прадуктамі харчавання.
Каб крыху пераключыць увагу з ежы фізічнай на духоўную, мы пераходзім на другі бок вуліцы да Навасёлкаўскага сельскага дома культуры-бібліятэкі, дзе нас сустракае загадчыца Альбіна Сцепанюк.
— У нас на пачатак другога квартала адкрыты клубныя фарміраванні: сямейная гасцёўня, аматарскае аб’яднанне “Дзіцячы дыска-клуб”, яшчэ ў нас існуе клубнае фарміраванне па дэкаратыўна-прыкладной творчасці, у асноўным для дзетак — зараз мы займаемся пляценнем з папяровай лазы, плануем потым пачаць займацца з сапраўднай. У клубе кожную пятніцу-суботу праходзяць дыскатэкі для дзяцей і моладзі. Наогул да нас ходзяць 49 дзяцей, практычна кожны задзейнічаны. Пры клубе яшчэ працуе рознаўзроставы гурток тэатральных мініяцюр. Напрыклад, дзяўчынка, якая ходзіць у гэты гурток, на раённым конкурсе чытальнікаў заняла трэцяе месца, — з гонарам расказвае Альбіна Станіславаўна.
Апошнім пунктам на сёння стала Навасёлкаўская сярэдняя школа, дзе давялося пагутарыць з дырэктарам Наталляй Маслоўскай.
— У ліпені нам замянілі аконныя блокі на харчаблоку і ў будынку пачатковых класаў, практычна ва ўсёй ўстанове адукацыі заменены вокны, мяккі дах на будынку прыбудовы школы і на санвузлах. У гэтым навучальным годзе мы пафарбавалі абсталяванне, рамантуем спартыўны зал з дапамогай ЗАТ “Агракамбінат Нясвіжскі”, — расказала Наталля Уладзіміраўна.
На прыканцы хочацца звярнуць вашу увагу, паважаныя чытачы, на тое, што адразу за аграгарадком Старыяі Навасёлкі, калі ехаць на Амлынцы, ідуць Новыя Навасёлкі. Гэта ўжо вёска. Не блытаць! Але гэта ўжо — другая гісторыя…
Святлана РЫЖАКОВА-ЛУЦЭВІЧ.