Меню
Курс $  3.31 | €  3.5 | ₽100  3.3 |
Погода -0 °C

Нясвіж, Баранавічы, Брэст… Наперад, на захад!

Нясвіжскія навіны 4 месяца назад 0 22

Пост опубликован: 23.07.2024

Чацвёртага ліпеня 1944 года завяршыўся першы этап грандыёзнай бітвы за Беларусь. Пятага ліпеня пачаўся другі этап аперацыі “Баграціён”, які доўжыўся да 29 жніўня.

Пасля вызвалення Мінска 31-я армія ІІІ Беларускага фронту, 33-я, 49-я арміі і стралковы корпус 50-й арміі ІІ Беларускага фронту пры ўзаемадзеянні з партызанамі пачалі баі па ліквідацыі 105-тысячнай варожай групоўкі, акружанай на ўсход ад горада. 7-8 ліпеня былі знішчаны або ўзяты ў палон яе галоўныя сілы, 9-11 ліпеня — асобныя групы. Праціўнік страціў звыш 70 тысяч салдат і афіцэраў забітымі, каля 35 тысяч — палоннымі. У палон трапілі 12 генералаў, у тым ліку тры камандзіры корпусаў і дзевяць камандзіраў дывізій.



У гэты ж час іншыя фарміраванні Чырвонай Арміі выганялі ворага з новых населеных пунктаў. 5-га ліпеня вызвалілі Маладзечна і Валожын. 8-га ліпеня — Баранавічы, 10-га — Слонім, 14-га — Пінск, 16-га — Гродна. Былі праведзены Вільнюская, Беластоцкая, Люблін-Брэсцкая, Шаўляйская аперацыі. 28 ліпеня штурмам быў узяты акружаны нашымі фарміраваннямі Брэст. Вызваленнем Брэста завяршылася выгнанне захопнікаў з беларускай зямлі.

На працягу ўсёй наступальнай аперацыі “Баграціён” салдаты і афіцэры Чырвонай Арміі паказвалі ўзоры масавага гераізму.
У баях за нашу рэспубліку вызначыліся больш за 402 тысячы воінаў.
Яны былі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі, больш за 1500 салдатам, афіцэрам і генералам было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.
Вызначыліся 600 вайсковых часцей і злучэнняў, якія атрымалі ганаровыя найменні па названых беларускіх гарадах.

Нясвіжскі раён ад акупантаў вызвалілі войскі І Беларускага фронту. На нашым накірунку свой цяжкі, але пераможны шлях пракладвалі воіны 65-й, 48-й, 28-й армій, 4-га гвардзейскага казацкага кавалерыйскага і 1-га механізаванага корпусаў конна-механізаванай групы фронту. З Нясвіжа ворага выгналі 2 ліпеня 1944 г. часці 193-й стралковай дывізіі 65-й арміі ва ўзаемадзеянні з партызанскай брыгадай № 27 імя Чапаева. Але з усходу ў горад 3 ліпеня ўвайшлі нямецкія танкі, што вырваліся з Бабруйскага “катла”. Зноў завязаліся смяртэльныя баі. У адным з іх загінуў сакратар Нясвіжскага падпольнага райкама КП(б)Б, камісар асобнага партызанскага атрада імя Жданава Фёдар Усошын.

На паўночна-ўсходняй ускраіне горада 6 артылерыстаў 1318-га знішчальнага процітанкавага палка на чале з камандзірам узвода лейтэнантам Мікалаем Лешчанкам з адной гарматай уступілі ў бой з 8 варожымі танкамі. Стаяла задача не прапусціць апошніх на фланг савецкіх войск, не даць ворагу адбіць чыгунку, каб эвакуіраваць свае часці з Мінска. Салдаты на чале з лейтэнантам суткі ўтрымлівалі рубеж. Падбілі пяць нямецкіх танкаў, астатнія павярнулі назад. Лешчанка працаваў наводчыкам, зараджаў гармату баец Грышаеў. Астатнія байцы вялі агонь з кулямёта, аўтаматамі і гранатамі. За гэты бой Мікалаю Лешчанку прысвоілі званне Героя Савецкага Саюза. І не проста за бой. Перад тым, як прыняць яго, лейтэнант адправіў на Слуцк машыну з параненымі таварышамі, сярод якіх быў і камандзір батарэі Патапаў. У прадстаўленні камандавання да ўзнагароды адзначаліся і заслугі лейтэнанта пры вызваленні Слуцка. Вось такім ён быў, 21-гадовы савецкі афіцэр: выратаваў параненых байцоў, хутка арганізаваў абарону рубяжа і ўтрымліваў яго з падначаленымі да падыходу падмогі. Такія людзі і кавалі нашу перамогу.

4 ліпеня Нясвіж вызвалілі канчаткова.

У 1975 годзе палкоўнік Лешчанка стаў першым ганаровым грамадзянінам горада Нясвіжа.

Падчас другога этапу Беларускай аперацыі была разгромлена варожая групоўка армій “Цэнтр”, нанесена паражэнне групоўкам “Поўнач” і “Паўночная Украіна”
і рэзервовым войскам, перакінутым у Беларусь з Германіі, Нарвегіі, Італіі, Галандыі. Да канца жніўня Чырвоная Армія прайшла на захад на 500 — 600 км у паласе шырынёй 1100 км і дасягнула прыгарада Варшавы.

У нашай раённай газеце “Чырвоны сцяг” за 5 чэрвеня 1969 года былі апублікаваны ўспаміны ўдзельніка вызвалення Нясвіжа, былога камандзіра кавалерыйскага палка, падпалкоўніка ў адстаўцы Асланбі Хатукаева з Кабардзіна-Балкарыі.

Медалём “За адвагу” ўзнагароджаны вызваліцелі Нясвіжа

Афіцэр апавядаў, што іх 127-ы кавалерыйскі полк у складзе 30-й Чырванасцяжнай ордэнаў Леніна, Суворава і Кутузава артылерыйскай дывізіі ўдзельнічаў у баях за вызваленне Слуцка, Нясвіжа, Стоўбцаў, Баранавічаў. 30 чэрвеня ачысцілі ад захопнікаў Слуцк. 2 ліпеня выйшлі ў раён Нясвіж — Стоўбцы. Вораг чапляўся за кожны зручны рубеж, падрываў масты, паліў населеныя пункты. Полк Хатукаева ажыццявіў фарсіраваны начны марш. Па асабістым загадзе генерал-лейтэнанта Ісы Пліева, які камандаваў кавалерыйскім злучэннем кубанскіх казакаў, на досвітку Нясвіж атакавалі з трох бакоў. Знішчылі нямецкі батальён, астатнія фашысты кінуліся ўцякаць, спрабавалі пераплываць Нёман. Толькі кавалерысты і там іх напаткалі і авалодалі Стоўбцамі. Захапілі чыгуначную станцыю, некалькі эшалонаў праціўніка з боепрыпасамі і прадуктамі. Знішчылі больш за 300 нямецкіх салдат і афіцэраў, многіх узялі ў палон.

Афіцэр падкрэслівае, што вялікую дапамогу арміі аказалі мясцовыя партызаны.

У 127-м палку Хатукаева многія былі ўзнагароджаны медалём “За адвагу”. “У баях за Нясвіж і Стоўбцы асабліва вызначыўся Паргвен Цітанавіч Алексанян, — апавядаў камандзір. — У час наступлення нашага палка ён са свайго ПТР падбіў аўтамашыну з боепрыпасамі, знішчыў агнявую кропку станкавага кулямёта і даў магчымасць свайму падраздзяленню авалодаць чыгуначным мастом. Вызначыліся таксама малодшы сяржант Аляксей Паўлавіч Бурык, байцы Рыгор Паўлавіч Белаусаў, Сцяпан Сцяпанавіч Будценка, Мікалай Аляксеевіч Гуляеў і іншыя”. А.М. Хатукаева за вызваленне Нясвіжа ўзнагародзілі ордэнам Айчыннай вайны 2-й ступені.

Яны ачысцілі нашу зямлю ад карычневай чумы, прынеслі на Нясвіжчыну радасць свабоды. Мы шчыра ўдзячны сваім вызваліцелям і глыбока шануем іх памяць.
Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ,
журналіст.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!