У мастацкай галерэі “Мара” ў мінулую суботу адкрылася выстава мастака Аляксандра Некрашэвіча “Збор твораў”.
Як патлумачыў прысутным сам мастак, гэта назва крыху іранічная, таму што мае на ўвазе збор твораў больш чым у 20 тамах, дзе асобны том — гэта карціна. У экспазіцыі сабраны фрагменты розных серый карцін, створаных на працягу дваццаці гадоў. Цікава і тое, што работы, якія трапілі ў “збор твораў”, выкананы ў чатырох тэхніках. Гэта графіка (папера, алоўкі), акрыл і алей на палатне і аэраграфія на алюмініі.
Прафесійную адукацыю мастак атрымаў у Беларускім ліцэі мастацтваў імя Ахрэмчыка (1991 г.) і Беларускай Дзяржаўнай Акадэміі мастацтваў (1997 г.) на манументальна-дэкаратыўным аддзяленні, што, мяркуючы па далейшым раскрыцці творчага патэнцыялу, поўнасцю адпавядала яго ладу мыслення і маштабу асобы. Аляксандр Некрашэвіч з 2004 года ўваходзіць у Саюз мастакоў Беларусі. Яго карціны ўдзельнічалі ў выставах у Літве, Украіне, Аўстрыі, Бельгіі, Польшчы, Швейцарыі, Ліване, Нідэрландах, Германіі, Манака.
Як зазначае мастацтвазнаўца, дырэктар галерэі “МАРА” Ларыса Бортнік, карціны Аляксандра Некрашэвіча, незалежна ад тэмы, заўсёды змяшчаюць глыбокі сэнс і патрабуюць ад гледача незвычайных здольнасцей, каб зразумець зашыфраваную думку аўтара. Гэта, па сутнасці, гульнявая прастора, у якой аўтар сам знаходзіцца ў працэсе стварэння твора і заклікае гледача акунуцца ў атмасферу нерэальнай рэальнасці.
У некаторых карцінах мастака можна ўбачыць калейдаскапічны эфект, пры дапамозе якога позірк гледача нібы зацягваецца ў яскравае чароўнае кола.
— Эфект калейдаскопа — гэта постмадэрністскі гульнёвы падыход, — так характарызуе сваю творчую знаходку сам аўтар. — Я вырашыў пагуляць з гісторыяй мастацтва і ўзяў за аснову класічны еўрапейскі жывапіс. Разбіў яго на сегменты і атрымаў такі калаж з карцін старых майстроў. Лічу, што мастак, нягледзячы на яго некаторыя творчыя амбіцыі, павінен у душы заставацца дзіцем, умець гуляць з сапраўднасцю, як з цацкай. “Натхняльнікамі” некаторых карцін сталі Пітэр Брэйгель, Ян ван Хейсум, аўстрыйскія і французскія мастакі, якія ў інтэрпрэтацыі Аляксандра Некрашэвіча набылі новае жыццё.
Індзейскія вобразы — гэта ўзоры работ з яго праекта “Генезіс”, які прысвечаны тэме паходжання чалавека. У ім сутыкаюцца два падыходы да з’яўлення чалавека — навуковы і рэлігійны. Біблія гаворыць, што чалавек створаны па вобразе і падабенстве Божым, а навуковыя факты сведчаць, што ў геном чалавека ўваходзяць геномы і насякомага, і мышы, і свінні, і, вядома ж, шымпанзэ. Таму праектам “Генезіс” мастак задае гледачам пытанне, дзе ж праўда аб паходжанні чалавека? Кожная з карцін, якая яго прадстаўляе, у аснове сваёй мае спалучэнне вобраза прадстаўніка аўтэнтычнай культуры — папауаса, афрыканца, індзейца і вобраза жывёлы, птушкі, рыбы і гэтак далей, у якім яны супадаюць ужо не генетычна, а візуальна, пластычна. Яны нагадваюць нам, што мы — частка прыроды, частка вялікага Сусвету.
Яшчэ адзін праект аўтара выставы — “Цюнінг” — яскрава прадстаўляе карціна “Фотаробат”. Як вядома, цюнінг — гэта ўпрыгожванне, змяненне першапачатковага вобліка — як знешняга, так і ўнутранага. Аляксандр Некрашэвіч карцінамі з гэтай серыі звяртае ўвагу гледача на тое, што чалавек змяняе навакольнае асяроддзе пад сябе, стварае тэхнаэстэтыку, а затым гэта штучна створанае асяроддзе пачынае змяняць, “цюнінгаваць” самога чалавека.
Адзін з любімых вобразаў мастака — гэта самалёт.
— Я ўвогуле вельмі люблю ўсё, што лятае, — гаворыць Аляксандр, — і самалёты, і матылькоў.
Аднак самалёт для яго — гэта больш, чым проста тэхнічна складаная рэч. Гэта асаблівы і шматзначны сімвал, у якім ёсць свае “жыццёва важныя органы”, свой унутраны свет. Убачыць гэта можна ў асобных работах з серыі “Лабірынт”.
На пытанне, як ён сам можа ахарактарызаваць свой мастацкі стыль, А. Некрашэвіч адказаў, што гэта, хутчэй за ўсё, сюррэалізм, які дазвалаяе сумяшчаць несумяшчальнае, і ў вялікай ступені — і постмадэрнізм, таму што ў аснове кожнага яго мастацкага праекта закладзены прынцып гульні, які падштурхоўвае глядзець на свет здзіўленымі, па-дзіцячы шырока раскрытымі вачыма.
Калі ўзгадаць, што аўтар выставы пачаў сур’ёзна вучыцца жывапісу ў 12 гадоў, калі паступіў у Беларускі ліцэй мастацтваў імя Ахрэмчыка, то можна пагадзіцца, што заха- ваць гэта дзіцячае ўменне здзіўляцца і здзіўляць яму ўдалося выдатна.
Выстава мастака Аляксандра Некрашэвіча “Збор твораў” будзе дзейнічаць па 20 верасня. Не прапусціце!
Соф’я ЛЮБАНЕЦ.