“Партызаны, партызаны,
Беларускія сыны!
За няволю, за кайданы
Рэжце гітлерцаў паганых,
Каб не ўскрэслі век яны”.
Янка КУПАЛА.
З верша
“Беларускім партызанам”.
1941 г.
У гады Вялікай Айчыннай вайны для барацьбы з ворагам у Беларусі быў разгорнуты самы маштабны ў гісторыі партызанскі рух. У ім удзельнічалі каля 400 тысяч байцоў. Было створана 213 брыгад і 258 асобных атрадаў. За тры гады акупацыі рэспублікі народныя мсціўцы знішчылі больш за 500 тысяч фашыстаў, пусцілі пад адхон 11128 воінскіх эшалонаў і 34 бронепаязды, разграмілі 29 чыгуначных станцый, 948 штабоў і гарнізонаў, знішчылі 18700 аўтамашын, разбурылі 819 чыгуначных і 4710 іншых мастоў, вывелі са строю 1355 танкаў і бронемашын. Да пачатку 1944 года партызанскія фарміраванні кантралявалі 60% тэрыторыі Беларусі.
Яны наганялі страх на акупантаў. У аднаго з забітых фашыстаў было знойдзена пісьмо, якое той напісаў дамоў. У ім былі такія радкі: “Нас акружаюць партызаны, і не праходзіць ні аднаго дня без ахвяр. Днём яшчэ цярпіма, а ноччу пакутліва. Рускія навязалі нам другую вайну — у тыле. Тут, мабыць, яшчэ больш небяспечна, чым на фронце, бо не ведаеш, калі і з якога боку на цябе нападуць. Ад гэтага можна звар’яцець…”.
88 беларускіх партызан удастоены звання Героя Савецкага Саюза
У перыяд падрыхтоўкі наступальнай аперацыі “Баграціён” беларускія партызаны правялі сваю найбуйнейшую акцыю — трэці этап “рэйкавай вайны”. Ён пачаўся за тры дні да наступлення савецкіх войск. У ноч на 20 чэрвеня 1944 года народныя мсціўцы атакавалі чыгуначныя камунікацыі ворага на ўсёй акупіраванай тэрыторыі Беларусі, падарвалі 40775 рэек, паралізаваўшы рух эшалонаў. Яны аказалі вялікую дапамогу арміі ў вызваленні гарадоў Мінск, Барысаў, Вілейка, Докшыцы, Любань, Нясвіж, Навагрудак, Ліда, Стоўбцы, Лагойск, Смалявічы, Маладзечна, Лунінец, Пінск і іншых. Значную колькасць населеных пунктаў, у тым ліку Капыль, Узда, Старобін, Рудзенск, Куранец, Свір, Відзы, Карэлічы, Івянец, вызвалілі сваімі сіламі і ўтрымлівалі іх да падыходу дзеючай арміі.
Як даніна павагі жывым і даніна памяці тым, хто загінуў, хто ператварыў барацьбу з акупантамі ў сапраўды народную вайну, стаў знакаміты партызанскі парад у Мінску хутка пасля яго вызвалення.
У дэпутата Палаты прадстаўнікоў, доктара гістарычных навук Вячаслава Даніловіча чытаем, што “ўжо 5-6 ліпеня, у адпаведнасці з указаннем Старшыні СНК БССР, Першага сакратара ЦК КП(б)Б Панцеляймона Панамарэнкі, для прыкрыцця Мінска і аховы асабліва важных прадпрыемстваў і аб’ектаў у горад і яго ваколіцы пачалі прыбываць партызанскія фарміраванні. Спачатку планавалася правядзенне мітынгу і партызанскага парада ў Мінску 9 ліпеня. Аднак з-за пагрозы прарыву акружанай на ўсход ад Мінска варожай групоўкі тэрміны яго правядзення былі перанесены да яе поўнага разгрому”.
Партызанскі парад адбыўся 16 ліпеня 1944 года. У Мінск прыбылі 31 партызанская брыгада (20 — з Мінскай вобласці, 9 — з Баранавіцкай, па адной з Вілейскай і Гомельскай абласцей), штаб Мінскага абласнога партызанскага злучэння і два асобныя атрады. Больш за 30 тысяч чалавек. Парад пачынаўся на шырокай пляцоўцы гарадскога іпадрома на вуліцы Краснаармейскай. Сюды прыйшлі каля 50 тысяч жыхароў сталіцы і яе наваколля. Прыбыў камандуючы ІІІ Беларускім фронтам генерал арміі Іван Чарняхоўскі. Дэлегацыя горада Горкага даставіла эшалон падарункаў. Грудзі многіх удзельнікаў параду ўпрыгожваў медаль “Партызану Айчыннай вайны”.
Сярод іх былі і нашы землякі.
Уладзімір Якаўлевіч Мяркулаў, ураджэнец Гарадзеі, ваяваў у партызанскім атрадзе імя Шчорса брыгады імя Чапаева.
Першае баявое хрышчэнне атрымаў у лясах Капыльшчыны. Разам з таварышамі ўдзельнічаў у “рэйкавай вайне”, ха- дзіў у разведку, перарэзваў тэлефонную сувязь ворага, мініраваў чыгуначныя пуці, арганізоўваў засады. Не адзін раз даводзілася весці назіранні за паставымі, прыкрываць агнём баявых сяброў. А пасля адбылася радасная і хвалюючая сустрэча з перадавымі часцямі Чырвонай Арміі і памятны парад у Мінску.
Уладзіміра Мяркулава мабілізавалі ў армію, радавым стралком 2-й гвардзейскай мотастралковай Чырвонасцяжнай брыгады ІІІ Беларускага фронту. На перадавую трапіў на літоўскай зямлі. У цяжкім баі пад Шаўляем быў паранены асколкам міны. Лячыўся ў шпіталі ў Каўнасе, пасля — у Астрахані. Там і пачуў радасную вестку пра перамогу.
Уладзімір Якаўлевіч быў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны 1-й ступені, медалямі “За адвагу”, “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941 — 1945 гг.”.
Васіль Паўлавіч Кандрацюк, ураджэнец вёскі Кудзінавічы Капыльскага раёна, змагаўся з акупантамі ў тым жа атрадзе імя Шчорса. Прыйшоў у яго ў ліпені 1943 года. Каб пазбегнуць угону немцамі на рабскую працу ў Германію, многія хлопцы сыходзілі ў лес. Сярод іх былі Віктар Кудрук, Віктар Быль, Юльян Некраш, Фёдар Рыкаў. Васіль Паўлавіч успамінаў пасля вайны баявыя эпізоды: “Каля вёскі Падгорцы Капыльскага раёна немцы зрабілі засаду. Мінай, што разарвалася, быў цяжка паранены наш палітрук першай роты, былы настаўнік Сланімскі. Медсястра Люба аказала яму першую дапамогу, паклала на насілкі. А немцы ў гэты час працягвалі нас абстрэльваць. Я і чэх Тамаш, які ваяваў у нашым атрадзе, вынеслі раненага ў вёску Слабада. Адтуль мае бацька і брат адвезлі яго ў вёску Роспы. Але, на жаль, падвечар палітрук памёр”.
Вясной 1944 года Васіль Кандрацюк удзельнічаў у падрыве рэек на чыгунцы Слуцк-Баранавічы. Летам атрад у поўным саставе, са зброяй, накіраваўся на Мінск. Па дарозе разбівалі групы немцаў, што адступалі. Пасля партызанскага парада ў беларускай сталіцы нашага героя палявы ваенкамат прызваў у Чырвоную Армію, у 136-ы стралковы полк НКУС радавым стралком. Там і праслужыў да перамогі.
Яго ратны шлях адзначаны ордэнам Айчыннай вайны 2-й ступені, медалямі “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941 — 1945 гг.”, “Партызану Айчыннай вайны 2-й ступені”.
Іосіф Казіміравіч Мохарт спачатку толькі дапамагаў партызанам, якія змагаліся з ворагам на яго роднай Капыльшчыне. Разам спалілі мост праз раку Мажа, пасля атрымліваў іншыя даручэнні. У канцы 1943 года паліцыі стала вядома пра яго сувязь з партызанамі. У вёску прыехалі карнікі, і юнак з маці не паспелі сысці ў лес. Хлопца моцна білі. І толькі выпадковасць дапамагла яму збегчы, трапіць у партызанскую зону. Калі атрад народных мсціўцаў перамясціўся ў лясы Грэскага раёна, Іосіф Мохарт застаўся ў вёсцы Руднічкі сувязным. Хадзіў падрываць чыгунку, удзельнічаў у іншых акцыях. Зімой 1944-га наладзіў сувязь з некаторымі ўласаўцамі карнага атрада, якія хацелі перайсці на бок партызан. 14 чалавек уліліся ў партызанскі атрад разам са зброяй, прынеслі 14 карабінаў, 2 ручныя кулямёты, скрынку гранат і скрынку патронаў…
Пасля партызанскага парада ў Мінску юнака адправілі дамоў як непаўналетняга. А ў снежні 44-га мабілізавалі. Служыў у 41-м вучэбным палку ва Уруччы, дзе рыхтавалі артылерыстаў супрацьтанкавых гармат. Вайна набліжалася да канца, і на фронт салдат не трапіў. Іосіф Казіміравіч быў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны 2-й ступені.
Многія народныя мсціўцы працягвалі змагацца з фашыстамі ў радах Чырвонай Арміі.
З вызваленых раёнаў Беларусі было мабілізавана на фронт 180 тысяч былых партызан.
Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ,
заслужаны журналіст Беларускага саюза журналістаў.