У гэтым нумары «НН» мы працягваем расказваць пра сем’і, якія прымалі ўдзел у раённым конкурсе “Уладар сяла”. Сёння нашымі героямі сталі Раман і Марыя Карпейчык, якія гадуюць двух сыноў — Андрэя і Дзіму.
Як расказала Марыя Валер’еўна, іх сям’я, што тады складалася толькі з трох чалавек, пераехала ў Высокую Ліпу з суседняга райцэнтра — Ляхавіч, калі даведалася, што тут патрэбны работнікі, якім прадастаўляецца жыллё. У сваім доме з усімі выгодамі ў іх тут нарадзіўся малодшы сын, і Нясвіжчына стала для сям’і Карпейчык другой радзімай.
Раман Валянцінавіч адразу прыступіў да работы механізатарам у ААТ “17 Верасня”, а Марыя Валер’еўна пасля заканчэння водпуску па доглядзе за другім дзіцём карэнным чынам змяніла свой прафесійны накірунак і стала культарганізатарам Высокаліпскага сельскага дома культуры, да нараджэння дзяцей адпрацаваўшы некаторы час у Ляхавіцкім райспажыўтаварыстве.
Аб гэтай перамене мая суразмоўца ніколькі не шкадуе — ёй падабаецца быць у гушчыні па- дзей, ствараць добры настрой людзям і весці гурток па рабоце з фааміранам, куды з задавальненнем ходзіць мясцовая дзятва.
На пытанне, ці існуе ў іх сям’і строгі падзел абавязкаў на мужчынскія і жаночыя, мама двух сыноў адказала, што летам, асабліва, калі ідзе жніво, галава сям’і з’яўляецца дома толькі ўпрыцемкі, таму што ўвесь час працуе на камбайне на палетках гаспадаркі, і, разумеючы яго занятасць, яна стараецца большасць хатніх клопатаў узяць на сябе. А зімой ужо ўсё, што магчыма, робіцца разам.
Самы малодшы член сям’і пяцігадовы Дзіма ужо праяўляе вялікую цікавасць да татавай працы: усе яго любімыя цацкі — толькі машыны: трактары, камбайны і ўсё, што да іх належыць. Старэйшы, Андрэй, больш цікавіцца раслінамі, любіць збіраць розныя ягады.
— Два браты, а інтарэсы абсалютна розныя, — гаворыць Марыя Валер’еўна пра сваіх сыноў.
Здаецца, што гэта таксама цудоўна — хто ведае, а можа, з аматара раслін атрымаецца выдатны аграном? Галоўнае, што хлопчыкі растуць нераўнадушнымі да клопатаў бацькоў, стараюцца па сваіх сілах дапамагчы маме — усё ж такі адзіная жанчына ў хаце. Абодва засцілаюць раніцай свае ложкі, старэйшы ўмее і посуд за сабой памыць, і сумкі маме з магазіна імкнецца паднесці. Малодшы пакуль стараецца хаця б кубачак за сабой памыць, і нават калі яго потым і трэба даросламу перамыць, мама гэта маленькаму памочніку не паказвае, “каб не адбіць ахвоту”.
Яшчэ адзін любімы занятак, якім браты любяць займацца доўгімі зімовымі вечарамі, калі на палях зацішша, — выкладаць разам з татам алмазную мазаіку. А калі ў цёплы час года ўдаецца знайсці час для рыбалкі, куды едуць усе ра- зам, — гэта ўжо для ўсіх сапраўднае свята, якое потым застаецца на яскравых фотаздымках у сямейным альбоме.
Дадаткова згуртаваў сям’ю і нядаўні конкурс “Уладар сяла”, у якім прымалі ўдзел Карпейчыкі.
— Хваляваліся мы вельмі, — прызналася ў нашай размове Марыя Валер’еўна. — Тату нават не адразу ўгаварылі, але ў рэшце рэшт ён пагадзіўся выступіць на конкурсе. Нам дапамагалі рыхтавацца загадчык нашага клуба Дзмітрый Малеж, сельскі савет у асобе яго старшыні Наталлі Карпач, старшыня прафкама ААТ “17 Верасня” Кацярына Масальская і наш ідэолаг Ірына Ефішова. Так, дружнай камандай, нешта і атрымалася.
Дарэчы, вершы, якія гучалі на выступленні сям’і — уласнага сачынення Марыі Валер’еўны і яе мамы. Вось такія гэта таленавітыя людзі.
На пытанне, ці не засмуціліся, што не ўзялі першае месца, мая суразмоўца з усмешкай адказала, што галоўнае — не перамога, галоўнае — удзел. А ўдзельнічаць усім спадабалася — і дзецям, і дарослым. Гэта быў новы, цікавы досвед, які дазволіў убачыць сваіх родных у новым, нечаканым святле, і, мяркуючы па ўсім, конкурс “Уладар сяла” будзе далёка не адзінай добрай прыступкай на жыццёвым шляху гэтай дружнай сям’і.
Соф’я
ЛЮБАНЕЦ.