Меню
Курс $  3.31 | €  3.5 | ₽100  3.3 |
Погода -0 °C

Ніхто не забыты, нішто не забыта

Нясвіжскія навіны 5 месяцев назад 0 4

Пост опубликован: 09.07.2024

З рэдакцыйнай пошты

Сёлета мая родная Беларусь адзначыла 80-годдзе вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Дарагой цаной далася нам, беларусам, перамога. Амаль кожную сям’ю закранула чорнае крыло вайны.
Майго дзеда, жыхара вёскі Юшавічы, Канстанціна Іванавіча Стадуба, застрэлілі немцы. Дзед не быў партызанам, але падвозіў народных мсціўцаў у Нясвіж. А ў Слаўкаве была засада, і ўсе яны загінулі. Цудам засталася ў жывых мая матуля. Ледзь не застаўся без хаты і мой дзядзька. Хацелі спаліць, бо дзед жыў з сям’ёй сына разам. А гэта ж была позняя восень і ў дзядзькі былі малыя дзеці. Ці ж гэта мы можам забыць? Не.



Знамянальна, што цяпер непадалёк ад месца даўняй трагедыі ў Слаўкаве стаіць помнік загінулым на вайне яе жыхарам і партызанам.
Мой тата, Міхаіл Юльянавіч Шыкула — удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Заўсёды, калі ён успамінаў, што яму прыйшлося перажыць, у яго на вачах блішчэлі слёзы.
А зусім нядаўна яго ўнук успомніў дзедавы аповеды пра вайну. Быў выпадак, калі яго рота павінна была ісці ў наступленне, а дзеда назначылі ў санроту дапамагаць санітарам. Тады ўся рота загінула. У жывых застаўся толькі ён адзін… Мой свёкар, Юльян Іванавіч Карпук, — інвалід вайны. Аднойчы, калі яго не стала, я знайшла даведку з эвакашпіталю аб яго цяжкім раненні, у якой было напісана: “Ранен при защите СССР”.
У майго таты быў сябар, які таксама быў мабілізаваны, але неўзабаве трапіў у палон. І яго ледзь не расстралялі, бо знешнасць падалася падобнай на яўрэйскую. І калі б не веданне малітваў і псалтыра з Евангеллем, то ўсё для яго магло скончыцца трагічна.
А трагедыя яўрэйскага народа! У Нясвіжы да вайны было шмат людзей такой нацыя- нальнасці. І з аповедаў майго бацькі, гэта былі добрыя, працавітыя людзі. Жудасны лёс напаткаў іх у Нясвіжскім гета. Казалі, што на месцы расстрэлу зямля варушылася.
Так здарылася, што рэха тых страшных дзён адгукнулася праз 16 гадоў пасля вайны. У школе №1 вучыліся дзеці не толькі з Нясвіжа, але і з навакольных вёсак. Гэта быў першы выпуск вучняў 11 класа. Вучнем быў і мой брат — Міхаіл Міхайлавіч Шыкула. Ён расказваў: “У школе, калі мы выконвалі земляныя работы, адбыўся выбух. Узарвалася міна”.
На тым месцы, дзе адбылася трагедыя, капаў мой брат, але ў апошнюю хвіліну ён чамусьці адышоў. Цяпер непадалёк ад школы стаіць помнік вязням гета.
Наша суседка — шматпакутная капыльская зямля. Колькі ж ёй прыйшлося перажыць у гады ліхалецця! Мая цётка Уладка пайшла ў госці да радні ў суседнюю вёску Капыльскага раёна. А ў той дзень наляцелі карнікі і спалілі вёску разам з жыхарамі. І калі едзеш у Капыль і бачыш шматлікія помнікі пры дарозе, міжволі стыне кроў у жылах. Масявічы! Яны паўтарылі жудасны лёс Хатыні. Вёску карнікі спалілі разам з яе жыхарамі, і пасля вайны яна не адрадзілася. Мой сусед цудам застаўся жывы, бо ў той дзень не быў дома.
Восемдзесят гадоў мы жывём пад мірным небам. На жаль, з часам сыходзяць у нябыт удзельнікі вайны, сведкі тых жудасных дзён. Але ж мы, іх нашчадкі, павінны помніць, што тыя зверствы, якія ўчынілі захопнікі, не маюць тэрміну даўнасці. І мы будзем шанаваць памяць аб іх. Бо памяць — гэта галоўнае.
Антаніна КАРПУК,
г. Нясвіж.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!