Меню
Курс $  3.19 | €  3.47 | ₽100  3.77 |
Погода 10 °C

На вызваленай Нясвіжчыне

Нясвіжскія навіны 9 месяцев назад 0 17

Пост опубликован: 09.07.2024

Па старонках газеты “Чырвоны сцяг” 1945 года

Сёлета фонды Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Нясвіж” папоўніліся падшыўкай рэдакцыйных экзэмпляраў раённай газеты “Чырвоны сцяг” за 1945 год. Гэта сапраўдны летапіс жыцця раёна ў першы год пасля вызвалення Беларусі ад фашысцкіх захопнікаў.

Напярэдадні 3 ліпеня 1945 г. усе ўстановы раёна вялі актыўную падрыхтоўку да свята, сустрэць якое належала плённай працай, аднаўленнем гаспадаркі, прамысловасці, медыцынскіх, адукацыйных, культурных устаноў.



У нумары 46 ад 19 чэрвеня 1945 г. на першай паласе газеты артыкул “Дастойна сустрэнем вялікае свята”, дзе аўтар (прозвішча не ўказана) заклікае жыхароў раёна дастойна сустрэць “усенароднае свята — дзень поўнага вызвалення Беларусі ад нямецкіх захопнікаў”. Пералічвае дасягненні раёна за першы пасляваенны год: “Адноўлены і працуюць
такія прадпрыемствы ў раёне як спіртавы завод, крахмальна-мельнічны камбінат, лесазавод, патачная фабрыка, райпромкамбінат са сваімі майстэрнямі. Адноўлены тры калгасы, саўгас, МТС, даследчая станцыя. Адноўлены культурна-асветныя ўстановы: 65 школ, у якіх навучаецца 7760 вучняў, 17 хат-чытальняў, медыцынскія ўстановы. Савецкая ўлада вярнула сялянам 8595 гектараў зямлі, аднятай нямецкімі акупантамі. Закончыўшы своечасова веснавую сяўбу, сялянства раёна рыхтуецца да ўборкі ўраджаю, праводзіць праполку, ворыва папараў”. (Мова арыгінала захавана).
3 ліпеня 1945 года (№ 49) аўтар Шынгель у артыкуле “Год аднаўленчай працы” больш падрабязна расказаў чытачам пра адраджэнне прамысловасці раёна, сярод галоўных задач якой з’яўлялася паляпшэнне якасці выпускаемай прадукцыі: “На адрамантаваным цагельным заводзе выраблена 250 тысяч штук цэглы. Абсталяваныя і ўстаноўленыя кузнечная і сталярна-калёсная майстэрні. На лесазаводзе распілавана 750 кубічных метраў лесаматэрыялу. Мылавараны завод даў 750 кілаграмаў мыла, зроблена 400 кілаграмаў калёснай мазі”.
Дырэктар спіртавога завода “Альба” Сляпцоў у артыкуле “Працаваць яшчэ лепш” паведаміў: “…Нямецкім захопнікам не ўдалося зруйнаваць спіртавы завод “Альба”, хоць абсталяванне было ўжо і падрыхтавана да вывазу. Адразу пасля вызвалення раёна завод пачаў выпускаць прадукцыю. У 1944 годзе вытворчы план завод выканаў на 147,3 працэнты па колькасці і 102 працэнты па якасці…”. Пасля часовага перапынку дзейнасці завода па прычыне адсутнасці сыравіны калектыў працаваў на здабычы торфу для завода.
“Вялікаму святу дастойную сустрэчу падрыхтавалі творчыя калектывы раёна” — пад такой назвай апублікаваны артыкул інспектара райана па палітрабоце Гуля (№ 48, ад 28 чэрвеня 1945 г.). Па выпрацаванаму плану раённы дом сацыяліс- тычнай культуры, драматычныя гурткі пры Карцэвіцкай, Квачоўскай, Юшавіцай, Астроўскай і іншых хатах-чытальнях падрыхтавалі пастаноўкі п’ес. Большасць хат-чытальняў праводзі- ла палітмасавую работу сярод насельніцтва вёсак.
Сельскагаспадарчыя арганізацыі раёна разгарнулі сацыялістычнае спаборніцтва з мэтай вырасціць высокі ўраджай, убраць яго своечасова і без страт. Сеялі, палолі, сабіралі лён, бульбу, збожжавыя і іншыя культуры. Усе сельскагаспадарчыя культуры сяляне вырошчвалі амаль без тэхнікі. У якасці цяглавай сілы выкарыстоўвалі коней. Так, у калгасе імя Молатава з уборачнага інвентару было “2 касілкі, 2 жняяркі, 16 добрых кос, удоваль сярпоў” (№ 45, ад 14 чэрвеня 1945 г.). Гаспадаркі аказвалі дапамогу па вырошчванні ўра-джаю сем’ям франтавікоў.
Аб планах правядзння свята напісаў Байко ў артыкуле “Падрыхтоўка да свята” (№ 47, ад 24 чэрвеня 1945 г.): “3 ліпеня ў раённым цэнтры адбудзецца мітынг і дэманстрацыя працоўных горада. Райком камсамола арганізоўвае масавыя гулянні і фізкультурныя выступленні. Аддзел кінафікацыі арганізуе прагляд кінафільмаў у горадзе і вёсках”.
3 ліпеня 1945 г. на тытульным лісце газеты “Чырвоны сцяг” апублікаваны перадавы артыкул “3 ліпеня — усенароднае беларускае свята”, у якім выказвалася надзея, што на зямлі, “апаленай пажарам вайны, беларускі народ адбудуе новыя гарады і сёлы. На калгасных палях закаласяцца багатыя ўраджаі. Зноў заквітнеюць сады. Радасна і шчасліва зажыве Савецкая Беларусь”.

Людміла ЖУК,
малодшы навуковы
супрацоўнік Нацыянальнага гісторыка-культурнага
музея-запаведніка “Нясвіж”.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!