“Купалле, Іван Купала, Ян, старажытнае язычніцкае земляробчае свята. Ва ўсходніх славян згадваецца ў летапісах з 1175, у старабеларускіх граматах з 13-14 ст. У старажытнасці лічылася святам сонца і было прымеркавана да дня летняга сонцастаяння, калі найбольшага росквіту дасягалі жыватворчыя сілы прыроды, у першую чаргу расліннасці, збажыны”.
“Беларуская энцыклапедыя”.
Т.9.
Вось і Купалле да нас прыйшло. Цудоўнае, надзвычайнае свята. Яскравая народная традыцыя. Яго вытокі — у далёкіх-далёкіх, дахрысціянскіх часінах.
— Само слова “Купала” паходзіць з індаеўрапейскага кораня cup, што азначае “кіпець, палымяна жадаць”. І яшчэ яно вельмі блізкае да лацінскага cupio, што азначае жаданне яднання як з сіламі прыроды, так і аднаго з другім — злучацца ў купу, “купіцца”, — тлумачыць нам беларускі фалькларыст Алена Доўнар-Запольская. — Гэта свята яднання нябеснага і зямнога, вады, усёй расліннасці, якая, згодна з павер’ямі, надзелена зараз асаблівымі, “чароўнымі” ўласцівасцямі.
Купальскую ноч — з 23 на 24 чэрвеня па старым стылі, з 6 на 7 ліпеня па новым стылі — нашы продкі лічылі самай таямнічай. Паводле народнага павер’я, у гэту ноч расцвітае папараць-кветка. І хто яе знойдзе будзе самы шчаслівы. Бу- дзе разумець мову птушак, звяроў, шэпт дрэў. Лічылася, што сабраныя на Купалле зёлкі валодаюць асаблівымі лекавымі ўласцівасцямі. У гэту ноч палілі агні, вакол якіх вадзілі карагоды. Полымя купальскага агню лічылася гаючым, ачышчала ад злых духаў. Юнак і дзяўчына, якія сустрэнуцца ў гэту ноч, будуць кахаць адно аднаго ўсё жыццё. Дзяўчаты варажылі на сплеценых з кветак вянках: іх пускалі па вадзе, каб даведацца, у якім баку жыве суджаны; або кідалі вянкі праз вогнішча, а хлопцы, што стаялі насупраць, лавілі іх. Вось і вызначаўся выбраннік.
Пра што спявалі на Купалле? Пра каханне, жаніцьбу, замужжа, дабрабыт сям’і, ураджай, пра цуды купальскай ночы.
Ну хіба ж не яе цуд падарыў некалі Беларусі велізарны талент Янкі Купалы?! Талент паэта, драматурга, публіцыста, перакладчыка, грамадскага дзеяча, барацьбіта з прыгнятальнікамі беларускага народа, трыбуна і палымянага патрыёта. Нездарма Іван Дамінікавіч Луцэвіч, які нарадзіўся на Купалле, 7 ліпеня 1882 года, узяў сабе літаратурны псеўданім Янка Купала. Падкрэсліваючы гэтым самым сваю непарыўную сувязь з роднай зямлёй, беларускім народам, з беларускасцю. У непаўторнай прыгажосці нашай прыроды, у чыстых бурлівых крыніцах чэрпаў паэт сваё творчае натхненне. Яно давала сілы падымаць свядомасць мужыка-беларуса, заклікаць да яднання, да барацьбы з прыгнётам, з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. У яго творах — лірычнасць і высокае грамадзянскае гучанне, раман- тызм і эпічнасць, драматызм, гумар і сатыра. Якая велічыня таленту! У ім пераплялося ўсё: нябеснае і зямное. Громы і маланкі, цёплая сонечная ўсмешка і халодны позірк месяца, шэпт лісця пад лёгк-ім павевам ветру і таямнічая, мройная папараць-кветка…
Пасля прыняцця хрысціянства царква сумясціла з Купаллем дзень Іаана Хрысціцеля. Свята атрымала здвоеную назву Іван Купала, або Іванаў (Янаў) дзень. Фэсты на Яна некалі ў вёсках былі вельмі шматлюдныя.
І нас зноў вабіць купальская ноч. Свята — як непадробная сувязь з мінулымі стагоддзямі. Як каштоўнасць самабытнасці беларусаў, нашай аўтэнтычнай культуры. Прыгожыя беларусачкі ў нацыянальных уборах, з вяночкамі на галовах, спрытныя юнакі ў вышыванках… І песні. Над лугам, над вадой плыве:
Ой рана на Івана…
Проць Івана ночка мала…