Свята… На беларускай зямлі, на роднай нясвіжскай зямлі
чакаецца вялікае свята. Яго падарылі нам нашы продкі 80 гадоў таму,
калі 3 ліпеня 1944 года вызвалілі ад фашыстаў
сталіцу Беларусі горад Мінск.
І хоць апошнім населеным пунктам, з якога Чырвоная Армія выгнала акупантаў 28 ліпеня, быў горад Брэст, святочнай датай стаў дзень вызвалення нашай сталіцы іменна як Дзень вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Гэтае свята тады было з кветкамі, з радасцю, з усмешкамі на вуснах, але са слязьмі і болем у вачах. Бо вайна яшчэ працягвалася. І нашы дзяды, бацькі, браты і сёстры яшчэ гінулі ў баях з ворагам на франтах — пры вызваленні ад нацыстаў толькі адной Польшчы палягло больш за паўмільёна савецкіх салдат і афіцэраў, больш за 150 тысяч — пры вызваленні Прыбалтыкі, 50 тысяч — пры штурме Берліна, логава фашызму. Яшчэ гінулі савецкія людзі, антыфашысты іншых краін у канцлагерах. Яшчэ ляжала наша зямля ў руінах і пажарышчах. Таму шырока Дзень вызвалення не адзначалі і пасля пераможнага 1945-га. Было не да таго. Людзі жылі ў зямлянках. Палі пакрыты глыбокімі равамі, акопамі, варонкамі ад узрываў. Трэба было будаваць жыллё, запускаць заводы, засяваць палеткі.
Толькі з 1969-га, з 25-й гадавіны вызвалення, калі Беларусь больш шырока адзначыла гэтае ўсенароднае свята, 3 ліпеня вуліцы гарадоў і вёсак ператвараліся ў бясконцыя людскія плыні — са сцягамі, транспарантамі, кветкамі, песнямі і музыкай.
Пасля рэспубліканскага рэферэндуму 1996 года дзень 3 ліпеня займеў назву Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь (Дзень Рэспублікі). У ім заключаецца не толькі наша памяць пра трагічныя і гераічныя падзеі Вялікай Айчыннай вайны, не толькі наша глыбокая ўдзячнасць старэйшаму пакаленню, што выратавала беларускую зямлю ад каланіяльнага фашысцкага іга. У ім месціцца сутнасць і абавязак дня сённяшняга і будучага: абара- ніць вялікія заваёвы продкаў, усё, чаго дасягнулі ў мірнай працы новыя пакаленні беларусаў. Захаваць незалежнасць і мір, што дасталіся нам такой велізарнай цаной. Цаной жыцця кожнага трэцяга беларуса.
Беларусы — мірныя людзі. Мы хочам спакойна жыць на сваёй зямлі, гадаваць дзяцей, вырошчваць хлеб. Працавіты, цягавіты беларус шмат чаго дасягнуў за мінулыя 80 гадоў, і нельга страціць усё пад новым націскам заходніх капіталістаў, неанацыстаў і проста варожых нам сіл.
А дабіліся беларусы сапраўды небывалага. Сёння наша краіна — развітая, прыгожая, самадастатковая, з высокім узроўнем прызнання на міжнароднай арэне.
Каб нагадаць пра тое, што было, давайце на хвіліну зазірнём у пасляваенную гісторыю нашага раёна. Моцная раздробленасць сельгасвытворчасці, а на тэрыторыі, напрыклад, Ліпскага сельсавета было 9 калгасаў, не давала магчымасці весці работы эфектыўна, з высокай інтэнсіўнасцю. У калгасе імя Калініна, утворанага з шасці сель- гасарцеляў у 1951 годзе, сабралі тады з гектара па 6,5 цэнтнера збожжавых і 72 ц/га бульбы, ад фуражнай каровы надаілі па 816 кг малака. А за першыя 10 гадоў існавання аб’яднанай гаспадаркі ўраджайнасць збожжавых і бульбы вырасла больш чым у тры разы. Прадуктыўнасць кароў ужо ў 1957 г. дасягнула 2393 кг. Сёння гэта — знакаміты далёка за межамі краіны СВК “Агракамбінат Сноў”.
Падобных прыкладаў адраджэння беларускай зямлі — мноства, і ва ўсіх сферах.
З чым жа сёння наша Нясвіжчына ідзе насустрач свайму галоўнаму дзяржаўнаму святу? Возьмем толькі некалькі лічбаў і фактаў. Выдатна працуюць нашы прамысловыя прадпрыемствы.
За 5 месяцаў бягучага года аб’ём вытворчасці прамысловай
прадукцыі дасягнуў
438,8 мільёна рублёў,
што склала 122,6% да аналагічнага перыяду мінулага года. Лідзіруюць калектывы ААТ “Гарадзейскі цукровы камбінат” і ТАА “Нясвіжскі завод дзіцячага харчавання”.
У галіне будаўніцтва аб’ём падрадных работ у бягучых цэнах дасягнуў 14,7 млн рублёў, тэмп росту да мінулагодняга паказчыка — 104,8%. 73,5 мільёна рублёў у бягучых цэнах склалі сёлета інвестыцыі. З пачатку года пабудавана 3949 метраў квадратных жылля.
Рознічны тавараабарот у супастаўных цэнах вырас у параўнанні з пяццю леташнімі месяцамі на 9,7%.
Ладзяцца справы ў сельскай гаспадарцы. За 5 месяцаў вытворчасць малака дасягнула 769,4 тысячы тон. Рост — 73,6 тысячы тон або 110,6%. Значна вышэй тэмп росту ў ЗАТ “Агракамбінат Нясвіжскі” — 163,4%, ААТ “Нясвіжскі райаграсэрвіс” — 122,4%, ЗАТ “1 Мая” — 119,5%, ААТ “17 Верасня” — 118,9%. На адну фуражную карову ў сярэднім атрымана па 3994 кілаграмы малака. Рост у параўнанні з такім жа перыядам летась — 212 кг, або 105,6%. Высокай прадуктыўнасці дойнага статка дабіліся жывёлаводы СВК “Агракамбінат Сноў” — 5081 кг на карову. ААТ “Грыцкевічы” — 4841 кг, “17 Верасня” — 4095 кг, ЗАТ “Агракамбінат Нясвіжскі” — 4062 кг.
Мяса на вырошчванні і адкорме па раёне атрымана 138,2 тысячы тон. Тэмп росту склаў 100,8%. У справе вытворчасці ялавічыны высокімі майстрамі зарэкамендавалі сябе жывёлаводы-снаўчане. Яны выдаюць “на гара” кілаграмовыя сярэднясутачныя прывагі адкормкаў. А дакладней, выйшла 1042 грамы, што на 18 грамаў больш леташняга.
У раёне быў паспяхова праведзены першы ўкос траў, з якіх нарыхтавалі 30312 тон кармавых адзінак, што склала ў сярэднім 19,1% ад задання. 36% яго выканання — у ДСГУ “Нясвіжская сортавыпрабавальная станцыя”, 32% — у ААТ “Нясвіжскі райаграсэрвіс”, 27% — у ЗАТ “1 Мая”. Выдатны травастой, аператыўная ўборка дазволілі раёну з першага ўкосу на 53% выканаць заданне па закладцы сенажу.
Выйшаў на фінішную прамую другі ўкос траў. І па стане на 27 чэрвеня ўсяго мы маем 41814 тон кармавых адзінак, або 2402 тоны сена, 140251 т сенажу, звыш 7728 т сіласу. Заданне па закладцы сенажу раён выканаў на 75%. “Нясвіжскі райаграсэрвіс” справіўся са сваім планам. Высокія паказчыкі ў ААТ “17 Верасня”, “Грыцкевічы”, СВК “Агракамбінат Сноў”, ДП “ЭБ “Свеклавічная”.
Зараз земляробы Нясвіжчыны прыступілі да сваёй найважнейшай работы. Жніва-2024. Ім трэба будзе ўбраць больш 19000 гектараў збожжавых і зернебабовых культур і 4140 гектараў рапсу. На жніве будзе задзейнічаны 121 камбайн. Па стане на 25 чэрвеня іх гатоўнасць складала 95%. Усе ўборачныя экіпажы ўкамплектаваны. Камбайнеры апошнімі штрыхамі даводзяць тэхніку да ладу. Наперадзе — напружаныя, нялёгкія тыдні, напоўненыя клопатамі пра вырашчаны ўра- джай. Няхай жа ён будзе багатым! Няхай важкі духмяны хлебны каравай упрыгожыць наш стол як сімвал дабрабыту і шчасця, міру і стваральнай працы!
Усё гэта — ад самага малога кавалачка выпешчанай цёплымі рукамі зямлі да гмахаў будынкаў, што чыстымі вокнамі ловяць сонечныя промні, ад мудрага позірку пражыўшага век ветэрана да вясёлага, бесклапотнага смеху дзетвары — наша Радзіма. Ні ў якіх выпрабаваннях нікому яе ў нас не адабраць. Залогам таму — Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь.
Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.