Меню
Курс $  3.27 | €  3.47 | ₽100  3.72 |
Погода 20 °C

Творчыя і працавітыя

Инна ВАСИЛЕВИЧ 2 дня назад 0 107

Пост опубликован: 01.07.2024

Аляксандр і Кацярына Сачок ужо восем гадоў у шлюбе. Абодва маюць вышэйшую адукацыю. Гадуюць дзвюх дачушак — пяцігадовую Сафійку і трохгадовую Элечку.
Маладыя людзі родам з Магілёўшчыны. Кацярына працуе заатэхнікам-селекцыянерам ААТ “Нясвіжскія Астроўкі”. Аляксандр — загадчыкам гаража гэтай жа гаспадаркі. Кацярына стараецца паспець многа — быць не толькі гаспадыняй і мамай двух карапузаў (як сама называе сваіх дзетак), але і чалавекам творчым. Аляксандр — прыхільнік здаровага ладу жыцця, аматар лыжнага спорту і сапраўдны знаўца аўтамабіляў, захапленне якімі прыйшло ў дзяцінстве.



— Яшчэ ў час вучобы ў Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі я атрымала размеркаванне на практыку ў Нясвіжскі раён, на той час у ААТ “Гарадзея”, — успамінае Кацярына Іванаўна. — Мяне заўважылі, а пазней адправілі запыт у навучальную ўстанову, пасля чаго я і атрымала першае працоўнае месца на Нясвіжчыне. Сельгаспрадпрыемства выдзеліла нам добраўпарадкаванае жыллё — дом з прысядзібным участкам. Тут нарадзіліся нашы дзеці.

Прапанова прыняць удзел у конкурсе была для нас крыху нечаканай. Некаторы час сумняваліся, ці ўзяцца за такую адказную справу, бо прадставіць сельгаспрадпрыемства і сваю сям’ю, вядома, хацелася дастойна.
Клопаты, якія прадстаяла пераадолець, не пужалі, — сцвярджае Кацярына. — Разам з дзецьмі вучылі вершы, імправізавалі, фантазіравалі. Увесь час адчувалася падтрымка родных і знаёмых. Напрыклад, калі стала пытанне з уборам для маленькай Элеаноры, то вызвалася дапамагчы мама. Менавіта яна падрыхтавала для кожнай з нас і вяночкі з васількоў. Разам распрацоўвалі і сцэнарый нашага сямейнага дэбюту на раённай сцэне.

У час падрыхтоўкі да конкурсу тата дапамагаў з фотазонамі для выставы, падборам дэкарацый. Навастрыў таксама і пілу для ўдзелу ў конкурсе “Па дровы”. Інструмент знайшлі сярод бабулінага скарбу. Дарэчы, піла не падвяла, бервяно мы распілавалі вельмі хутка.
З беларускімі нацыянальнымі касцюмамі дапамаглі нашы мясцовыя работнікі культуры.
Мабыць, самай няпростай была падрыхтоўка да конкурсу “Калі ласка, да нас”. Хацелася здзівіць членаў журы нашымі прысмакамі. Усё атрымалася добра, бо не магло быць інакш — “чаравалі” на кухні разам з мамай і сястрой да чатырох гадзін раніцы.

Муж таксама клапаціўся пра падрыхтоўку да ўдзелу ў конкурсах і строга сачыў, каб я трэніравалася забіваць цвікі, — з усмешкай успамінае мая суразмоўца.
Сямейны конкурс згуртаваў нашу сям’ю яшчэ больш. Ды і дзеці ўбачылі нас, дарослых, у новым амплуа.
Хоць перад удзелам у мерапрыемстве мы вельмі хваляваліся, настрой на конкурсе быў бадзёры, стараліся адзін аднаго не падвесці. Гэтыя некалькі гадзін, праведзеных згуртавана, разам з сям’ёй, падарылі шмат станоўчых эмоцый. Мы вельмі ўдзячны тым, хто за нас перажываў сярод балельшчыкаў. Шкада толькі, што не ўсе жадаючыя падтрымаць нас змаглі папрысутнічаць. Але прыехалі мае бацькі і брат з Магілёўшчыны. А ўвогуле дзень падарыў многа сустрэч, прыемна было пазнаёміцца з іншымі маладымі сем’ямі, пераняць іх вопыт.
Далей Кацярына расказала, што ў сям’і, дзе яна вырасла, выхоўвалася трое дзяцей. Бацькі заўсёды трымалі гаспадарку, таму дзеці былі звыклыя да любой работы.
Вось і сядзіба, дзе жыве маладая сям’я Сачок, у параўнанні з першапачатковым выглядам да наваселля, набыла новае аблічча. Ёсць тут надзел, дзе расце зяленіва і гародніна. Радуюць ураджаем маладыя дрэвы, пасаджаныя самімі гаспадарамі на прыдамавым участку. Добра прыняліся яблыні і грушы, персік і абрыкос.
Але галоўнае месца адведзена дзіцячай пляцоўцы.

— Муж, а ён у нас майстар на ўсе рукі, прымайстраваў усё, што хацелі дачушкі — батут, домікі, горкі, і цяпер нават суседская дзятва любіць у нас весела бавіць час.
Аляксандр і Кацярына сёння з ўпэўненасцю могуць сказаць, што сям’я іх дружная.
— Разам з дзецьмі мы падарожнічаем, бываем у аквапарку, цікава дзецям у звярынцах, што ёсць у акрузе, любім адпачываць на прыродзе, ездзім да бацькоў, дзе ёсць конік, парасяткі, трусы. Дзеці любяць іх гладзіць, карміць. А іншы раз проста завіхаемся на кухні, дзе дачушкі спрабуюць гатаваць блінцы, піццу, яечню. Весела атрымліваецца.
Ёсць у Кацярыны і свае захапленні. Пакуль знахо- дзілася ў адпачынку па догляду дзіцяці, асвоіла майстэрства фотасправы. Адразу зрабіла шыкоўныя альбомы для сваіх, а пасля захапілася здымкамі і чужых немаўлят. Лічыць, што гэта не толькі не дае сумаваць, але і развівае яе творчы патэнцыял. Дарэчы, на конкурсе яна прадставіла на суд журы свае работы, якія атрымалі шмат станоўчых водгукаў.

Вось такія рознабаковыя і цікавыя сельскія жыхары Нясвіжчыны, якіх без ценю сумнення можна называць уладарамі сяла.
На жаль, удзел у раённым конкурсе не прынёс перамогу Аляксандру і Кацярыне. З пераможцамі іх раздзяліў усяго адзін бал. Але маладая пара не расчаравана, а задаволена тым, што ім усё ж выпаў шанс расказаць пра сябе, паказаць сваю сям’ю, дзе дзеці выхоўваюцца ў любові, вучацца быць дружнымі.
… Гадоў прыкладна дзесяць таму Кацярына разам са сваёй сям’ёй упершыню наведала Нясвіж. Пабывалі ў палацы Радзівілаў, паблукалі па дарожках парку, пагулялі па вуліцах горада. Вельмі спадабалася тут турыстам з Магілёўшчыны. А нехта з іх дружнай кампаніі ў захапленні ад убачанага падаў думку-фразу: “Вось бы тут жыць!”. Ці магла Кацярына і падумаць тады, што думка, выказаная ўслых, стане яваю ўсяго праз некалькі гадоў, і Нясвіжчына будзе не толькі радзімай яе дзяцей, але і маленькім куточкам, дзе яе сям’я пабудуе шчасце.

Іна ВАСІЛЕВІЧ.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!