Чырвоная Армія граміла ворага на ўсіх франтах. Нямецкае камандаванне рабіла адчайныя спробы спыніць яе наступленне, утрымаць Мінск, каб вывесці з акружэння рэшткі 18 дывізій, што рухаліся лясамі з усходу ў напрамку беларускай сталіцы. У раёне Мінска абараняліся рэшткі 25-й, 78-й, 256-й і 260-й пяхотных, 5-й танкавай дывізій, а таксама перакінутыя з Польшчы 2-і, 24-ы, 25-ы і 26-ы паліцэйскія палкі СС і розныя спецпадраздзяленні. Іх было шмат. І ўсё ж гэта ўжо — рэшткі. І дні іх на беларускай зямлі былі злічаныя.
Хуткаму руху механізаваных злучэнняў ІІІ Беларускага фронту садзейнічала дапамога партызан. Яны скавалі рэзервы нямецкага камандавання, дывізіі якіх вымушаны былі весці зацяжныя баі з народнымі мсціўцамі, раскідаўшы свае часці па вялікай тэрыторыі. А часці нашай 5-й гвардзейскай танкавай арміі пасля вызвалення Барысава хутка прасоўваліся ўздоўж Маскоўскай шашы на Мінск. Але 2 ліпеня яны атрымалі загад нанесці ўдар па праціўніку, які абараняў паўночныя і паўночна-заходнія подступы да сталіцы, і рухацца потым на Вільнюс. Танкавыя корпусы выйшлі на Лагойскую шашу. Цяжкі бой завязаўся пад Астрашыцкім Гарадком, і гэты населены пункт быў вызвалены. Апошняя перашкода была ліквідавана. Перадавыя атрады 3-га гвардзейскага танкавага корпуса распачалі баі на паўночнай ускраіне Мінска, а 29-ы гвар- дзейскі танкавы корпус прасунуўся ў раён Заслаўя, перарэзаў аўтамабільную дарогу ад Мінска на паўночны захад. А ў сталіцу першымі ўвайшлі воіны 2-га гвардзейскага танкавага корпуса генерал-маёра Бурдзейнага. Яны вялі наступленне на Мінск пасля фарсіравання Бярэзіны, па цяжкадаступных мясцінах. Аляксей Бурдзейны успамінаў: “У ноч на 2 ліпеня корпус пачаў імклівы рух на захад праз лясіста-балоцістую мясцовасць партызанскага раёна. Пасля сустрэчы з партызанскімі кіраўнікамі не прайшло і сутак, але якую вялікую работу яны выканалі за гэты час! Усе дарогі і прасекі, па якіх ажыццяўляўся рух войск, былі размініраваны, завалы расчышчаны. Партызаны і мясцовыя жыхары спрытна арудавалі рыдлёўкамі, сякерамі, рамантавалі мосцікі, умацоўвалі балоцістыя месцы. І гэта на ўсім працягу ад Бярэзіны да Смалявіч! Адлегласць у 50-60 км мы прайшлі за некалькі гадзін і ўжо ў сярэдзіне дня завязалі баі за Смалявічы, дзе нас ніяк не чакаў праціўнік”. Да вечара 2 ліпеня корпус выйшаў на подступы да Мінска. У раёне Каралёва Стана — Гарадзішча гітлераўцы шалёна контратакавалі нашых танкістаў, але, страціўшы 10 танкаў і бронетранспарцёраў з пяхотай, усё ж пусціліся наўцёкі.
А ў горад першым уварваўся танкавы ўзвод малодшага лейтэнанта Дзмітрыя Фролікава 2-га гвардзейскага танкавага корпуса. У кнізе “Беларусь у гады Вялікай Айчыннай вайны. 1941 — 1945” чытаем: “У 2 гадзіны 30 мінут 3 ліпеня 1944 г. ён перадаў па радыё: “Я — Фролікаў. Я — Фролікаў. Знаходжу- ся ў Мінску…”. А ўжо праз некалькі хвілін пасля паведамлення Д.Г. Фролікава ў Мінск літаральна ўварваліся асноўныя сілы 4-й гвар- дзейскай танкавай брыгады 2-га гвардзейскага танкавага корпуса”. Услед да горада падышлі часці 11-й і 31-й агульнавайсковых армій. Гераічна змагаліся на вуліцах воіны перадавых батальёнаў 220-й і 352-й
стралковых дывізій. У будынак чыгуначнага вакзала першым уварваўся старшы сяржант Ляпусцін. Ён ва ўпор расстраляў варожых салдат, гранатай знішчыў іх кулямёт і ўзняў над будынкам Чырвоны сцяг перамогі. Радавы Сувораў з 1315-га стралковага палка першым уварваўся ў Дом Урада, устанавіў над ім дзяржаўны сцяг.
Данясенне камандуючага
войскамі ІІІ Беларускага фронту аб авалоданні
Мінскам
Стаўка Вярхоўнага
Галоўнакамандавання,
таварышу Сталіну.
3 ліпеня 1944 года.
12 гадзін 25 хвілін.
У 9 гадзін 3 ліпеня войскі 31-й арміі і 2-і гвардзейскі Тацынскі танкавы корпус ва ўзаемадзеянні з 5-й гвардзейскай танкавай арміяй пасля імклівага наступлення і абходнага манеўра з паўночнага захаду авалодалі сталіцай Беларусі горадам Мінскам.
Чарняхоўскі. Макараў. Пакроўскі.
Адначасова ўпартыя баі ішлі на поўдзень ад Мінска. Тут гітлераўцаў грамілі войскі І Беларускага фронту: 3-я армія, 1-ы гвардзейскі танкавы і 9-ы танкавы корпусы. 3 ліпеня танкісты 1-га гвардзейскага танкавага корпуса ў 13 гадзін завязалі баі разам з войскамі ІІІ Беларускага фронту за поўнае вызваленне сталіцы ад ворага. У другой палавіне дня 3 ліпеня Мінск быў поўнасцю ачышчаны ад гітлераўцаў.
Перад вачыма вызваліцеляў паўстала жахлівая карціна разбуранага фашыстамі горада. На вуліцы Савецкай (цяпер праспект Незалежнасці) ацалела не болей 10-і будынкаў. З 332 прадпрыемстваў засталося толькі 19. Сапёры з дапамогай падпольшчыкаў абясшкодзілі каля 3 тысяч мін. Мала засталося жыхароў Мінска. За гады акупацыі ворагі расстралялі і закатавалі больш за 100 тысяч чалавек.
Мінчане з радасцю сустракалі вызваліцеляў. “Мінск… Гэта слова гучыць сёння ў сэрцы беларуса як велічны гімн, як песня славы пераможнай зброі Чырвонай Арміі”, — пісаў у тыя дні народны паэт Беларусі Якуб Колас.
Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ,
заслужаны журналіст
Беларускага саюза журналістаў.