50 гадоў таму, 26 чэрвеня 1974 года, сталіцы Беларусі Мінску было прысвоена званне “Горад-герой”
Мінск быў акупіраваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі 28 чэрвеня 1941 года. Жорсткія абарончыя баі чырвонаармейцаў, груп самаабароны дазволілі затрымаць ворага, эвакуіраваць са сталіцы больш за 10 саставаў з насельніцтвам і матэрыяльнымі каштоўнасцямі, арганізаваць абарону на рубяжах рэк Бярэзіна і Днепр, садзейнічаць зрыву маланкавай вайны.
Трэба адзначыць, што да моманту акупацыі з Мінска ў сціслыя тэрміны ў састаў Узброеных Сіл краіны былі накіраваны каля 42 тысяч чалавек радавога і каманднага складу. Горад накіраваў у воінскія часці больш за 700 аўтамашын і трактараў, амаль 20 тысяч коней, іншыя рэсурсы.
Акупанты ўстанаўлівалі ў горадзе свае парадкі. У адміністрацыйным плане Мінск уваходзіў у Генеральную акругу “Беларутэнія”, якую ўзначальваў Кубэ. Была арганізавана Мінская гарадская ўправа, праведзены ўлік насельніцтва, створаны лагеры для ваеннапалонных і гета, а за 10 км ад горада — лагер смерці Трасцянец. Фашысты планамерна вялі сваю чалавеканенавісніцкую знішчальную палітыку.
Але жыхары сталіцы і тыя, хто ў ёй апынуўся — былыя савецкія ваенныя, ваеннапалонныя, вязні гета, бежанцы з заходніх раёнаў рэспублікі — не скарыліся акупацыйнаму рэжыму, сталі ўдзельнікамі антыфашысцкага падполля. У тайную барацьбу з ворагам аднымі з першых уступілі медработнікі. Яны арганізоўвалі ўцёкі савецкіх ваеннапалонных з бальніц і лазарэтаў, забяспечвалі іх дакументамі, адрасамі явачных кватэр. Гэта супрацоўнікі 1-й савецкай бальніцы — прафесар Клумаў, дацэнт Анісімаў; 3-й савецкай бальніцы — урач Казлова; 2-й савецкай бальніцы — дацэнт Прылуцкі і іншыя.
Падпольныя групы былі створаны на чыгуначным вузле, вагонарамонтным заво-дзе, станцыях Мінск-Таварны і Мінск-Пасажырскі, у паравозным дэпо, на плодаагародніннай базе №1, цагельным і дрожджава-патачным заводах, піўзаводзе, хлебазаводзе, радыёзаводзе, ТЭЦ-2. Падполле перажыло шмат трагічных падзей. 26 кастрычніка 1941 г. у цэнтры Мінска акупанты павесілі кіраўнікоў першай аб’яднанай падпольнай групы з ліку медыкаў і чыгуначнікаў — Труса, Шчарбацэвіча і іншых.
Але падпольшчыкі не спалохаліся. Барацьба толькі актывізавалася. Быў створаны Мінскі падпольны гарком КП(б)Б на чале з Кавалёвым. Ён устанавіў сувязь з кіраўнікамі падпольных груп. Яны разам удзельнічалі ў стварэнні партызанскіх атрадаў “Бальшавік”, “Штурм”, імя Сталіна, імя Будзённага, імя Чапаева, імя Суворава, імя Лазо і іншых. Выйшлі на сувязь з падполлем Уз- дзенскага і Дзяржынскага раёнаў, Калодзішчанскага сельсавета Мінскага раёна. Увесь беларускі народ устаў на барацьбу з нямецка-фашысцкімі акупантамі і іх прыслужнікамі. Героі не шкадавалі свайго жыцця дзеля перамогі. Вясной 1942 г. фашыстамі былі арыштаваны і загінулі падпольшчыкі Рогаў, Казінец, Сямёнаў, Заяц (Зайцаў) — усяго, згодна з нямецкімі дакументамі, арыштаваны 404 чалавекі, з іх 212 расстраляны. Толькі падполле жыло далей. Для актывізацыі барацьбы з ворагам былі створаны падпольныя райкамы партыі. Іх узначальвалі Герасіменка, Хмялеўскі, Каржанеўскі, Шугаеў, Коцікаў, Матусевіч, Гебелеў. Пад кіраўніцтвам Амельянюка выдавалася падпольная газета “Звязда”. Мінскія падпольшчыкі арганізоўвалі дыверсіі, распаўсюджвалі газету і лістоўкі, збіралі зброю і перадавалі яе, а таксама — боепрыпасы і медыкаменты ў партызанскія атрады. Падпольшчыкі вялі агітацыю сярод украінскіх ахоўных батальёнаў, што служылі немцам, сярод салдат-антыфашыстаў у варожых злучэннях. У выніку з ліку першых 357 чалавек пакінулі горад і ўліліся ў партызанскія фарміраванні, з ліку другіх — больш за 150 чалавек (немцы, палякі, сербы, славакі і іншыя). 22 верасня 1943 г. падпольшчыцы Мазанік, Осіпава і Траян узарвалі кáта беларускага народа Кубэ. Знішчалі падпольшчыкі і іншых ворагаў і іх памагатых.
На жаль, восенню 1942 г. было арыштавана амаль усё кіраўніцтва падпольнага гаркама, сакратары райкамаў. У адказ на гібель таварышаў падпольшчыкі 21 кастрычніка распаўсюдзілі ў горадзе лістоўку з заклікам да няспыннай барацьбы з акупантамі. Пад іх нагамі гарэла зямля. Народныя мсціўцы не давалі ім спакою ні днём, ні ноччу.
У час акупацыі ў Мінску
дзейнічала 116 падпольных груп
і арганізацый, у якія ўваходзілі
6355 чалавек.
Існавала больш
за 200 канспіратыўных кватэр. Мінскія падпольшчыкі правялі больш за 1500 баявых аперацый.
Іх дзейнасць дапамагала
партызанам весці
“рэйкавую вайну”.
Набліжала вызваленне Беларусі.
Мінск быў вызвалены ў ходзе наступальнай аперацыі “Баграціён” 3 ліпеня 1944 года. Але гораду яшчэ пагражала 105-тысячная групоўка нямецкіх войск, якая апынулася ў мінскім “катле” і спрабавала прарвацца ў нашу сталіцу. Воінскія фарміраванні Чырвонай Арміі, партызаны і падпольшчыкі былі задзейнічаны на знішчэнні ворага. Адначасова трэба было ахоўваць прамысловыя аб’екты і ўрадавыя ўстановы, весці размініраванне. Сумеснымі намаганнямі былі захаваны ад разбурэння Дом урада, будынак ЦК КП(б)Б, Дом афіцэраў, тэатр оперы і балета, чыгуначны вузел.
Мы свята шануем памяць пра ўсіх, хто змагаўся за свабоду беларускага народа, у тым ліку ў Мінскім падполлі. За праяўленыя гераізм і мужнасць звання Героя Савецкага Саюза былі ўдастоены Уладзімір Амельянюк, Ісай Казінец, Яўген Клумаў, Іван Кабушкін, Мікалай Кедышка, Алена Мазанік, Марыя Осіпава, Надзея Траян. Каля 600 падпольшчыкаў узнагароджаны ордэнамі і медалямі СССР. Імёнамі многіх байцоў нябачнага фронту названы вуліцы і плошчы Мінска. На месцы дзейнасці і гібелі ўдзельнікаў антыфашысцкага руху ўстаноўлены помнікі і мемарыяльныя знакі.
Сярод ураджэнцаў Мінска званне Героя Савецкага Саюза былі ўдастоены І.М.Багушэвіч (званне прысвоена ў 1943 г.), А.А.Волах (у 1943-м), М.А.Кедышка (у 1965-м), Ф.А. Мінкевіч (у 1944-м), М.К.Навумчык (у 1943-м), М.А.Сяліцкі (у 1936-м), Г.С.Тамілоўскі (1943 г.).
Прысваенне звання “Горад-герой” Мінску — высокая ацэнка мужнасці і гераізму яго жыхароў, самаадданасці і самаахвярнасці ў бязлітаснай схватцы з ворагам. Дні ваеннага ліхалецця сталі яркай і трагічнай старонкай гісторыі беларускай сталіцы.
Указ №6163-VIII “Аб прысваенні Мінску ганаровага звання “Горад-герой” з уручэннем ордэна Леніна і медаля “Залатая Зорка” старшыня Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР Мікалай Падгорны падпісаў 26 чэрвеня 1974 года. Беларусь рыхтавалася да святкавання 30-годдзя вызвалення Мінска ад фашыстаў.
Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ,
заслужаны журналіст
Беларускага саюза журналістаў.