Аграгарадок Сейлавічы сустракае гасцей асаблівай цішынёй і цудоўнымі відамі беларускай прыроды, сярод якіх стаяць утульныя хаты, што патанаюць у кветках. Але дом Мікалая Чухлея не пераблытаеш ні з якім іншым — у вочы кідаецца незвычайны двор, які ператвораны гаспадаром у месца, дзе ажывае казка. Тут і хатка на курыных ножках, зразумела, з Бабай Ягой усярэдзіне, і сава на даху. Хатка, дарэчы, паварочваецца, выдаючы пры гэтым характэрнае рыпанне. І імправізаваная студня, і калёсы, запрэжаныя канём, і млын з лопасцямі, якія круцяцца. Жывыя кветкі дзеляць дваровую прастору з вялізнымі самаробнымі дзьмухаўцамі — гэта ўжо хобі жонкі Мікалая Алены.
— Усё зроблена сваімі рукамі, — з гонарам распавядае гаспадар. — І яшчэ альтанка і мангал. Вось на пенсіі вырашыў прадоўжыць сталярную справу бацькі.
У гаражы ў Мікалая Анатольевіча цэлая майстэрня, дзе ён праводзіць большую частку свайго часу.
Прыгажосць двара ажыўля- юць фігуркі розных жывёл і казачных персанажаў. Дарэчы, у 2020 годзе ў аглядзе-конкурсе на лепшы падворак сям’я Чухлей заняла першае месца. Усе сілы аддаюць муж і жонка роднаму кутку ў Сейлавічах, робячы яго з кожным годам усё прыгажэй. І сваім прыкладам даказваюць, што кожны з нас можа упрыгожыць сваю малую радзіму, і тады яна будзе радаваць не толькі нас саміх, але і выклікаць захапленне ў навакольных і матываваць іх на жаданне змяніць, што магчыма, да лепшага.
Святлана
РЫЖАКОВА-ЛУЦЭВІЧ.