У красавіку 1975 года ў Брацкую магілу,
што ў нясвіжскім парку, былі ўрачыста
перапахаваны астанкі 19-і чырвонаармейцаў.
У чэрвені 1941 года салдаты прынялі бой з нямецкім дэсантам на ўзгорку дарогі на Гарадзею, за паваротам на вуліцу Сноўскую. Яны стаялі да смерці, але ж і не адзін фашыст знайшоў у тым баі сваю гібель. Прайшло некалькі дзён. Жыхары вёскі Рудаўка пахавалі герояў на тым жа месцы.
Магіла з часам не захавалася. Горад у мірны час разбудоўваўся, на той горцы па вуліцы Ленінскай узнік мікрараён. Паўстала пытанне аб неабходнасці пошукаў месца пахавання салдат. Работнікі ваенкамата прыступілі да гэтай важнай справы. Спачатку раскопкі на месцы бою вялі экскаватарам. І вось коўш падняў рамень з партупеяй. Пасля гэтага працавалі толькі рыдлёўкамі. Асцярожна, беражліва паднялі астанкі. Былі знойдзены медальёны салдат.
Дзякуючы ім, удалося высветліць шэсць прозвішчаў. Гэта Аляксандр Іванавіч Коркін, 1920 года нараджэння, з Архангельскай вобласці, Дзмітрый Дзяменцьевіч Лапцеў, 1919 года нараджэння, з Цюменскай вобласці, Іван Ягоравіч Рулёў, 1920 года нараджэння, са Свярдлоўскай вобласці, іван Фёдаравіч Ахорзін — таксама са Свярдлоўскай вобласці, Дзмітрый Іванавіч Андрушчанка з Варашылаўградскай вобласці, Абылкаф Дунсенбаеў, 1920 г.н., з Чымкенцкай вобласці.
Прозвішча аднаго з загінуўшых не было, але быў яго адрас: Акцюбінская вобласць, станцыя Біштамак, Сталінскі сельсавет, калгас імя Кзыл-Ту. У далёкі Казахстан паляцела з Нясвіжскага райваенкамата тэлеграма. Так адшукаліся браты Закір і Сапаргалі Аліевы, бацька якіх — 35-гадовы Какімгалі Аліеў — загінуў пры абароне Нясвіжа. Сыны прыязджалі ў наш горад, каб аддаць даніну павагі памяці роднага чалавека. У тыя дні прыехалі ў Нясвіж і браты Івана Рулёва — Анатоль і Венядзікт. Да Брацкай магілы ляглі кветкі.
У ёй пахаваны як героі-абаронцы нашага горада, так і героі-вызваліцелі, воіны і партызаны. На мармуровых плітах — іх прозвішчы. Героі аддалі сваё жыццё, каб не дапусціць парабашчэння савецкай зямлі фашыстамі, падарылі нам мір і свабоду. Ля Брацкай магілы гарыць нязгасны Вечны агонь удзячнай памяці нашчадкаў. Бронзавы салдат ахоўвае наша мірнае жыццё.
Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.