Несвіжане старэйшага пакалення памятаюць удзельніцу Вялікай Айчыннай вайны Надзею Мікалаеўну Арсеньеву. Яна настаўнічала ў Нясвіжскай СШ №2, выкладала гісторыю і геаграфію. Узначальвала прафсаюз работнікаў адукацыі. У 1969 — 1980 гадах працавала намеснікам старшыні райвыканкама.
Надзея Мікалаеўна родам з Разанскай вобласці. Жыла з бацькамі ў Фергане, Чымкенце. У 1943 годзе закончыла там настаўніцкі інстытут.
У ліпені 1943-га праз органы КДБ, па камсамольскай пуцёўцы, адправілася на фронт. Служыла на III Беларускім. Вызваляла Рэчыцу, Гомель. Пасля яе перавялі на I Украінскі фронт, у Кіеў. Дзяўчына з’яўлялася сакратаром камсамольскай арганізацыі часці, у якой служыла. І палымянае слова дзяўчыны-салдата натхняла байцоў Чырвонай Арміі на новыя і новыя подзвігі ў імя перамогі. Ваенная служба яе закончылася ў Кіеве ў верасні 1945-га. Затым з мужам-ваенным жылі ў Навагрудку, Быцені. Пасля быў Нясвіж.
Вось як узгадвала На- дзея Мікалаеўна пра першыя пасляваенныя гады: “На маіх вачах Нясвіж уздымаўся з руін. Я сама прымала непасрэдны ўдзел у аднаўленні горада. Успамінаю гады працы ў райвыканкаме. Гэта работа была для мяне і пазнавальнай, і вельмі клапатлівай”.
Ветэран была ўзнагаро- джана ордэнам Айчыннай вайны 2-й ступені, медалём “За доблесную працу”, юбілейнымі медалямі. Яна шмат зрабіла для нясвіжчыны, для яе людзей, за свабоду якіх прайшла дарогамі вайны.
Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ,
журналіст.