23 чэрвеня 1944 года пачалася адна з буйнейшых ваенных аперацый за ўсю гісторыю чалавецтва пад кодавай назвай “Баграціён”. Яна мела
велізарны размах і важныя ваенна-палітычныя вынікі, унесла вялікі ўклад у развіццё ваеннага
майстэрства. Савецкія войскі разграмілі на галоўным стратэгічным накірунку адну з мацнейшых нямецкіх груповак — групу армій “Цэнтр”. Нашы камандзіры праявілі тактычнае
майстэрства, салдаты і афіцэры паказалі
высокія маральныя якасці, вернасць Радзіме, гатоўнасць пераадолець
усе перашкоды на шляху да перамогі.
“Доблесныя воіны!
Наперадзе перад вамі зямля шматпакутнай, катаванай фашыстамі Савецкай Беларус. Фашысцкія вылюдкі здзекуюцца над зняволенымі савецкімі людзьмі, па-зверску знішчаюць безабаронных жанчын, старых і дзяцей. У попел і руіны ператварылі фашысты квітнеўшыя гарады і вёскі Беларусі. Яны павысякалі сады і стварылі ў іх лагеры смерці для нашых сясцёр і братоў. Яны разбурылі гістарычныя помнікі і паставілі вісельні. Стогне пад фашысцкім прыгнётам родная Беларусь, просіць ратунку ў вас і кліча да бязлітаснай помсты.
Надышоў час суровай расплаты!
Мы ідзём наперад, на вызваленне Савецкай Беларусі. Перамога над ворагам зараз блізкая як ніколі…
Наперад, на захад, доблесныя воіны!
Наперад, на вызваленне роднай Беларусі…”.
Са звароту Ваеннага савета
ІІІ Беларускага фронту да сваіх войск.
(Падобныя лістоўкі ўручаліся кожнаму
салдату, сяржанту і афіцэру ўсіх
франтоў за некалькі гадзін
да пачатку агульнага наступлення
23 чэрвеня 1944 г.).
Напрамак галоўнага ўдару па ворагу савецкае камандаванне вызначыла ў Беларусі. Яе вызваленне адкрывала найкарацейшы шлях у Германію. І яшчэ: улічвалася, што праціўнік не чакае рашаючага ўдару на гэтым участку, бо характар мясцовасці, па меркаванні гітлераўскіх стратэгаў, перашкодзіць масіраванаму прымяненню танкаў.
Па стане на 22 чэрвеня лінія фронту праходзіла на ўсход ад Полацка, Віцебска, Оршы, Магілёва, Бабруйска і далей па рацэ Прыпяць да Ковеля. Савецкім войскам тут супрацьстаялі 63 дывізіі і 3 брыгады гітлераўцаў, а гэта 1,2 млн чалавек, больш за 9,5 тыс. гармат і мінамётаў, 900 танкаў і штурмавых гармат, каля 1300 самалётаў. Гарады Віцебск, Орша, Магілёў, Бабруйск, Барысаў і Мінск спецыяльным загадам Гітлера былі аб’яўлены ўмацаванымі раёнамі-крэпасцямі, якія павінны былі ўтрымлівацца ў любым выпадку, нават пры поўным акружэнні. Толькі фюрэр мог даць загад пакінуць умацаванні. Створаную ў Беларусі глыбокаэшаланіраваную сістэму абароны, якая прыкрывала галоўныя стратэгічныя напрамкі (усходне-прускі і варшаўска-берлінскі), гітлераўцы называлі “Фатэрланд” (Айчына), паказваючы, што тут іх армія адстойвае рубяжы самой Германіі.
Савецкім войскам былі пастаўлены пэўныя задачы дырэктывамі Стаўкі Вярхоўнага Галоўнакамандавання ад 31 мая 1944 г. Для правядзення аперацыі “Баграціён” прыцягнулі сілы І Прыбалтыйскага (камандуючы генерал арміі Іван Баграмян), ІІІ Беларускага (камандуючы генерал-палкоўнік, з 26 чэрвеня генерал арміі Іван Чарняхоўскі), ІІ Беларускага (камандуючы генерал-палкоўнік, з 28 ліпеня генерал арміі Георгій Захараў) і І Беларускага (камандуючы генерал арміі, з 29 чэрвеня Маршал Савецкага Саюза Канстанцін Ракасоўскі), авіяцыі далёкага дзеяння і Дняпроўскай ваеннай флатыліі. Яны мелі больш за 2,4 млн чалавек асабовага складу, 36,4 тысячы гармат і мінамётаў, 5,2 тыс. танкаў і самаходных артылерыйскіх установак, 5,3 тыс. самалётаў (без уліку авіяцыі далёкага дзеяння). Для каардынацыі франтоў сюда прыбылі прадстаўнікі Стаўкі: Маршалы Савецкага Саюза Георгій Жукаў і Аляксандр Васілеўскі.
У варожым тыле дзейнічалі беларускія партызаны — 150 брыгад і 49 асобных атрадаў, агульнай колькасцю больш за 143 тысячы чалавек.
Нечаканым для ворага аказаўся магутны ўдар савецкіх войск 23 чэрвеня 1944 года. Галоўныя сілы І Прыбалтыйскага, ІІ і ІІІ Беларускіх франтоў пасля артылерыйскай і авіяцыйнай падрыхтоўкі перайшлі ў наступленне на Віцебскім, Аршанскім і Магілёўскім напрамках. Вось як расказваў пра ўдар савецкіх войск пад Віцебскам палонны нямецкі палкоўнік: “Нашы войскі не вытрымалі знішчальных удараў рускіх і пачалі адступаць, не маючы на тое загаду. Рускія праследавалі нас, расчлянялі нашы палкі і наносілі ім цяжкія страты. Палкі знішчаліся літаральна на вачах. Салдаты кідалі гарматы, транспартныя сродкі, боепрыпасы, ваенную маёмасць і нават асабістую зброю і, як шалёныя, разбягаліся”. У Віцебскім “катле” праціўнік страціў каля 20 тыс. салдат і афіцэраў, больш за 10 тыс. былі ўзяты ў палон. Віцебск быў вызвалены 26 чэрвеня. Спалены, разбураны горад аказаўся амаль пустым. За тры гады акупацыі фашысты знішчылі больш за 50 тыс. яго жыхароў, 20 тыс. вывезлі на катаргу ў Германію.
27 чэрвеня былі ачышчаны ад захопнікаў Орша і Чашнікі, 28-га — Лепель, 29-га — Ушачы…
Па варожых пазіцыях на Бабруйскім напрамку абрынулі ўдары войскі І Беларускага фронту. У Бабруйскім “катле” апынуліся 6 дывізій і асобныя часці 9-й нямецкай арміі — 40 тыс. салдат і афіцэраў. Яны рабілі адчайныя спробы вырвацца з акружэння. Маршал Ракасоўскі пазней так апісваў становішча: “…Гарматы адкрылі агонь па атакуючых з дыстанцыі 700 м, кулямёты — з 400 м. Гітлераўцы ішлі. У іх гушчы разрываліся снарады. Кулямёты выкошвалі рады. Фашысты ішлі, пераступаючы цераз трупы сваіх салдат. Яны ішлі на прарыў, не лічачыся ні з чым… Гэта была страшная атака. Мы бачылі з НП жахлівую карціну. Не, у ёй не існавала нават ценю вайсковай доблесці. Гітлераўцы знаходзіліся ў якімсьці паўшокавым стане. У руху гэтай вялізнай масы салдат была хутчэй жывёльная ўпартасць статка, чым войска, якое вырашыла любой цаной навязаць сваю волю праціўніку…”. Фашысцкія атакі былі лютымі. Але лёс акупантаў ужо аказаўся вырашаны. 29 чэрвеня нашы войскі вызвалілі Бабруйск. У выніку разгрому тут варожай групоўкі была зламана вельмі моцная абарона немцаў, савецкія войскі прасунуліся на 110 кіламетраў. 28 чэрвеня вызвалілі Старыя Дарогі, 30 чэрвеня — Слуцк. Вызваленне апошняга адкрыла шлях конна-механізаванай групе для рэйду ў глыбокі тыл праціўніка. Наперадзе ў вызваліцеляў былі Нясвіж, Гарадзея, Баранавічы…
28 чэрвеня свабоднымі ад акупантаў сталі Магілёў і Асіповічы. Магілёў фашысты амаль поўнасцю разбурылі. Яны загубілі тут больш за 10 тысяч мясцовых жыхароў і 70 тысяч ваеннапалонных, вывезлі на катаргу 2 тысячы чалавек. З 112 тысяч жыхароў даваеннага Магілёва ў час вызвалення пражывалі 10,1 тысячы.
За 6 дзён наступлення пад ударамі чатырох франтоў магутная варожая абарона на тэрыторыі Беларусі паміж Заходняй Дзвіной і Прыпяццю была ўзламана. Перад савецкімі войскамі стаяла задача двухбаковым ахопам Мінска з раёнаў Барысава і Асіповічаў завяршыць акружэнне, знішчыць 4-ю нямецкую армію і вызваліць Мінск.
Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ,
журналіст.