У гарадскім парку, каля Брацкай магілы воінам і партызанам, што загінулі пры вызваленні Нясвіжа, сёння адбыўся памятны мітынг, прысвечаны IV усебеларускаму хроснаму ходу Беларускай праваслаўнай царквы і арміі, прысвечанаму 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Ён стартаваў 9 мая з Гомеля ад кафедральнага сабора і завершыцца 29 чэрвеня ў Мінскім кафедральным саборы, куды будзе дастаўлена капсула з зямлёй з месцаў пахавання абаронцаў Радзімы, што загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
Як адзначыў у сваім выступленні перад удзельнікамі мітынга благачынны цэркваў Нясвіжскай акругі протаіерэй Аляксандр Данчанка, мэта хроснага хода — увекавечыць памяць воінаў, што абаранялі нашу радзіму і аддалі свае жыцці за выратаванне яе ад страшнага зла — фашызму, за захаванне яе свабоды і незалежнасці. Ім павінна быць аддадзена даніна павагі і належныя хрысціянскія ўшанаванні.
Арганізатарамі хроснага хода выступілі Беларуская праваслаўная царква, Міністэрствы абароны, унутраных спраў і па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь, пагранкамітэт, добраахвотнае таварыства садзейнічання арміі, авіяцыі і флоту. Яго дэвізам з’яўляюцца словы “Памяць. Вера. Айчына”.
Айцец Аляксандр акрапіў месца пахавання воінаў і партызан, што загінулі пры вызваленні Нясвіжа, святой вадой і паклаў сімвалічную жменю зямлі з Брацкай магілы ў спецыяльную капсулу.
Зварот мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Веніяміна з выпадку хроснага хода зачытаў настаяцель прыхода храма святога велікамучаніка Георгія Перамаганосца, протаіерэй Яўген Лабынько. Пасля гэтага святары прамовілі ля Брацкай магілы памінальную малітву.
Усе прысутныя ўшанавалі памяць загінууўшых хвілінай маўчання. Ганаровую варту каля Брацкай магілы падчас праходжання мітынга неслі ўдзельнікі ваенна-патрыятычнага клуба “Спадчына” СШ №4 г. Нясвіжа. Удзел у мерапрыемстве прынялі прадстаўнікі раённай улады, Нясвіжскага міжраённага ваенкамата, РАУС, РАНС, раённай арганізацыі ГА “БРСМ”, ДТСААФ.