Аграгародок Сейлавічы — цэнтр ААТ “Сейлавічы”
і Сейлавіцкага Сельскага Савета, у склад якога ўваходзяць яшчэ
два аграгарадкі — Старыя Навасёлкі і Юшавічы,
а таксама дванаццаць вёсак — Амлынцы, Андрушы, Бузуны, Бучныя, Затур’я, Кунаса, Кучынаўшчына,
Новыя Навасёлкі, Петухоўшчына, Ракавічы, Стрыхараўшчына і Цагельня.
На пачатак гэтага года ў Сейлавічах
знаходзіцца 259 домаўладанняў, у якіх пражываюць
564 чалавекі. 78 з іх — падлеткі да 18 гадоў,
344 — працаздольнага ўзросту і 142 — пенсіянеры.
Першыя звесткі пра Сейлавічы адносяцца да 1586 года, калі “князь Мікалай Радзівіл аддаў Нясвіжскай плябаніі
8 валок зямлі, што знаходзіліся паміж
“валок Сейлаўскіх”. Але па выніках раскопак
на Нясвіжчыне не выключаем той факт, што гісторыя Сейлавіч магла пачацца аж ў ХІ — ХІІІ стагоддзях.
Сейлавічы сёння з’яўляюцца аграгарадком, але раней было зусім не так. Мясцовае насельніцтва традыцыйна называе Сейлавічы сялом, якое дзеліцца на вёску, засценак і пасёлкі. Вёска Сейлавічы ў асноўным была праваслаўная, а засценак — каталіцкі, хутары і пасёлкі былі ўжо мешаныя.
Што датычыцца паходжання назвы сяла Сейлавічы, то кожнаму тутэйшаму жыхару з маленства вядома паданне, згодна якому князь прывёў людзей на гэта месца і паказаў у адзін бок (на поле) — “тут сей”, а на другі (на возера) — “а тут лаві”. Так і з’явіліся “СейЛавічы”.
У 1446 г. Нясвіж згадваецца як уласнасць нейкага Сяляўкі, перададзеная вялікім князем Вялікага Княства Літоўскага Казімірам VI Ягелончыкам Мікалаю Янавічу Неміровічу. І вось тут з’яўляецца яшчэ адна версія паходжання назвы Сейлавіч — дзеці гэтага Сяляўкі былі Сялявічы, а населены пункт, дзе яны жылі, па традыцыі мог называцца Сялявічы.
Гэта прыгожыя і цікавыя версіі, але ж хутчэй за ўсё пераважае банальная — назва Сейлавіч паходзіць ад простага слова “сяло”.
Касцёл Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў вёсцы Сейлавічы з’яўляецца цікавай славутасцю Беларусі, архітэктурным помнікам драўлянага дойлідства ХІХ стагоддзя, а таксама культурна-гістарычнай каштоўнасцю краіны. Па ня- дзелях у касцёле праходзяць богаслужэнні.
Гэты невялікі драўляны храм быў пабудаваны ў вёсцы Сейлавічы ў ХІХ стагоддзі. Існуе таксама версія, што пабудаваны ён быў ў якасці уніяцкай царквы.
Але сам храм не асноўная і адзіная славутасць вёскі. На жаль, нават не ўсе жыхары Сейлавіч ведаюць пра існаванне цудатворнай драўлянай фігуркі Ісуса Хрыста ў плашчыку, які ся- дзіць на камені. Згодна з легендай, якую распавядалі тутэйшыя старажылы, аб’явілася фігурка людзям на бярозе, дзе пазней непадалёк ад таго дрэва і была пабудавана царква. Паводле стылю выканання, можна выказаць здагадку, што фігурка адносіцца да часоў уніі — канца ХVІІІ — пачатка ХІХ стагоддзяў. А згодна з архітэктурнымі асаблівасцямі сённяшняга сейлавіцкага касцёла, магчыма, ён і быў пабудаваны як уніяцкая царква.
Пры ператварэнні ўніяцкіх цэркваў у праваслаўныя, як правіла, з іх вывозіліся ўніяцкія абразы і іншая атрыбутыка, але фігурка Ісуса Хрыста засталася некранутай. Відавочна, яна так моцна шанавалася мясцовымі жыхарамі, што нават новыя ўлады не адважыліся вынесці яе з царквы. Ператварэнне праваслаўнай царквы ў каталіцкі касцёл адбылося ў 1925 годзе па тым жа сцэнарыі — з царквы пачалі вывозіць на гэты раз усё праваслаўнае начынне, у тым ліку і фігурку Ісуса Хрыста. Але назаўтра яна ізноў аказалася на той самай бярозе, што цалкам паўтарае першую легенду. Таму і пабудавалі каля касцёла пад той бярозай асобную каплічку з асобным алтаром для гэтай фігуркі, каб была гэтая каплічка агульнай і для католікаў, і для праваслаўных.
Сёння мы пазнаёмілі вас з малай часткай гісторыі Сейлавіч, а ў наступных нумарах чакайце расповед пра знакамітых сейлавіцкіх жыхароў.
Святлана РЫЖАКОВА-ЛУЦЭВІЧ.