Сённяшні герой нашага аповеду — дырэктар Нясвіжскага завода медыцынскіх прэпаратаў Генадзь Жывень, палкоўнік медыцынскай службы. Чалавек з багатым і цікавым жыццёвым вопытам, ён шмат пабачыў падчас выканання сваіх службовых абавязкаў у розных мясцінах, аднак чырвонай ніткай праз усе гэтыя гады праходзіла жаданне вярнуцца на радзіму ці хаця бы быць як мага бліжэй да яе. І падчас нашай гутаркі ён неаднойчы зазначаў: “Нясвіжчына — мая радзіма. Тут родная зямля, родныя людзі”.
Карэнны снаўчанін, будучы ваенны ўрач скончыў Сноўскую сярэднюю школу і яшчэ ў старэйшых класах стаў схіляцца да прафесіі ваеннага. Хаця, па прызнанні майго суразмоўцы, медыцына яго таксама цікавіла, але перавага ўсё ж такі аказалася на баку арміі.
— У нас тады працаваў шпіталь, афіцэры былі ў пашане, — узгадвае той час Генадзь Адольфавіч. — Вялікі ўплыў аказаў і прыклад майго дваюраднага брата — афіцэра ваенна-марскога флоту. Па яго прыкладзе я вырашыў паступаць у Кіеўскае ваенна-марское палітычнае вучылішча.
Але тут мэтанакіраванага юнака чакала першае выпрабаванне: аказалася, што па ўмовах прыёму яму на момант паступлення павінна было споўніцца 17 гадоў, а гэта дата была яшчэ наперадзе. Таму вярнуўся дамоў ні з чым.
Вырашыў паступаць на наступны год, а да гэтага часу папрацаваць у родным калгасе (тады яшчэ імя Калініна) ў аўтатрактарных майстэрнях. З сельскай гаспадаркай быў знаёмы не па чутках — разам з атэстатам аб сярэдняй адукацыі атрымаў правы трактарыста ў Сноўскім вучэбна-вытворчым камбінаце (тады яшчэ быў такі — прым. аўт.). Затым ізноў паспрабаваў паступіць у ваеннае вучылішча — і не прайшоў медыцынскую камісію. Успомніўшы, што медыцына яго таксама цікавіла, разам са сваім сябрам, з якім працаваў у калгасе і які таксама не змог паступіць з першага раза, паспрабаваў стаць студэнтам Віцебскага медыцынскага інстытута. На гэты раз — паспяхова. Але мары аб ваеннай службе наканавана было збыцца. І адбылося гэта так.
— Тады з чацвёртага курса можна было пераводзіцца на ваенна-медыцынскія факультэты, якія былі ў Расіі, — расказвае Генадзь Адольфавіч. — Яшчэ ж існаваў СССР, адзіная краіна. І я скарыстаў гэтую магчымасць, перавёўшыся на такі факультэт у Куйбышаўскі медыцынскі інстытут.
Туды мой суразмоўца прыехаў ужо з жонкай, якая вучылася на адным з ім курсе ў Віцебску. Яны заключылі шлюб перад ад’ездам у Куйбышаў (зараз — Самара), і разам закончылі там медінстытут, толькі Генадзь Адольфавіч — ваенна-медыцынскі факультэт, а Таццяна Канстанцінаўна — звычайны, грамадзянскі.
Першым месцам службы стаў Далёкі усход, тайга каля Камсамольска-на-Амуры. У гэтым горадзе нарадзілася іх старэйшая дачка Вікторыя.
Служба ў тайзе стала першым і вельмі запамінальным выпрабаваннем на трываласць для маладога ваеннага ўрача: жыццё ў інтэрнаце барачнага кшталту з прывазной вадой і незлічонае мноства абавязкаў. Праўда, як зазначыў мой суразмоўца, трэба аддаць належнае кіраўніцтву воінскай часці: пасля нараджэння дзіцяці яму і яшчэ аднаму афіцэру, які таксама стаў бацькам, далі аднапакаёвыя кватэры ў ваенным гарадку — пасля барачнага інтэрната гэта ўжо была сапраўдная раскоша.
Што да абавязкаў, то тут было, як кажуць, “не засумуеш”— прыходзілася займацца ўсім.
— Я быў там адзін урач і на ваенных, і на грамадзянскіх асоб, бо ў той мясцовасці будаваліся сур’ёзныя аб’екты ваеннага прызначэння, — расказвае Генадзь Адольфавіч. — Было шмат жанчын і дзяцей. Займаўся і хірургіяй, і тэрапіяй, і неўралогіяй, і траўматалогіяй, нават роды даводзілася прымаць. Дзякуй Богу, паспяхова. Складанасці дабаўляла і тое, што мы знаходзіліся на вялікай будоўлі, а будоўля — гэта траўманебяспечнае месца, і як бы ўсе ні стараліся пазбегнуць няшчасных выпадкаў, яны ўсё роўна здараліся. А інфекцыйныя хваробы ў ізаляваным калектыве! Гэта асобная гісторыя. Змагаліся і з дызентэрыяй, і з віруснымі гепатытамі, і з дыфтэрыяй, і з туберкулёзам. Тады якраз аслабілася прышчэпачная работа, і некаторыя хлопцы, асабліва з Сярэдняй Азіі, траплялі да нас абсалютна непрышчэпленыя. Гэта дадавала праблем. Бывала, на дапамогу прыязджалі ўрачы са шпіталяў. І мы спраўляліся, ліквідавалі ўспышкі хвароб.
Далёкаму Усходу Генадзь Жывень аддаў чатыры гады. Пасля ўсё ж такі прыехаў у мілую сэрцу Беларусь. Тут у Віцебску нарадзілася яго малодшая дачка Марына. Не паспеў абжыцца, як дывізію, куды прыбыў, расфарміравалі. Прыйшлося зноў з’язджаць. На гэты раз — у Заходнюю групу войск, у Германію. Калі служыў там, адбыўся распад Савецкага Саюза і на яго вачах — аб’яднанне Германіі.
— Калі глядзелі па тэлевізары, што адбываецца ў Маскве, на душы было, скажам так, не вельмі, — узгадвае той час Генадзь Адольфавіч. — Але трэба прызнаць, што ніякіх нападак з боку немцаў не было. І калі было прынята рашэнне аб вывадзе з Германіі нашых войск, развітацца з намі прыйшло вельмі шмат людзей. Мы, медыцынская служба, ад’язджалі з апошнім эшалонам, і да нас прыйшлі і бургамістр, і проста звычайныя жыхары з падарункамі. Гэта сапраўды было сяброўства: не на паперы, а на справе.
Дарэчы, мы і зараз працуем з некаторымі нямецкімі фірмамі, і даволі паспяхова. І хаця фармацэўтычная прамысловасць не патрапіла пад санкцыі, многія еўрапейскія партнёры па ўласнай ініцыятыве прынялі рашэнне не супрацоўнічаць з намі. Аднак некаторыя ўсё ж не страцілі разважнасць і працягваюць сумесную працу на карысць здароўя людзей.
Пасля выхаду з Германіі пачаўся вялікі шлях — праз Валгаград, Ленінград і іншыя мясціны, які ў рэшце рэшт ізноў прывёў героя гэтага аповеду на радзіму — у Беларусь, урачом у наш, Нясвіжскі полк. Затым ён перавёўся ў Сноўскі шпіталь, дзе прайшоў шлях ад старшага ардынатара аддзялення да начальніка шпіталя. Гэта былі 1998 — 2008-ы гады. Затым прыйшлося ўзначаліць медыцынскую службу Дзяржаўнага пагранічнага камітэта. Сем з паловай гадоў адпрацаваў у Мінску, настаў час звальняцца ў запас.
Тады майму суразмоўцу можна было застацца ў сталіцы галоўным урачом адной буйной медыцынскай установы, аднак ён ізноў выбраў малую радзіму.
На пытанне, ці лёгка далося рашэнне ўзначаліць Нясвіжскі завод медыцынскіх прэпаратаў, Генадзь Адольфавіч адказаў, што гэта было не так проста, як здаецца.
— Калі б мне прапанавалі стаць дзе-небудзь на радзіме галоўным урачом ці яго намеснікам, я б не вагаўся ні хвіліны, — па- дзяліўся ўспамінамі мой суразмоўца. Гэта абсалютна зразумелая і блізкая мне работа. А завод — гэта іншая спецыфіка, іншы профіль. І хаця ў многіх пытаннях я арыентаваўся, не абышлося без пэўных сумненняў — спраўлюся ці не? Падумаўшы каля месяца, вырашыў ісці на завод. Усё ж такі ізноў хацелася быць бліжэй да малой радзімы. Тут мае карані.
І вось 4 мая 2016 года адбылося назначэнне на пасаду дырэктара ААТ “Нясвіжскі завод медыцынскіх
прэпаратаў”, пачаўся новы
і па-свойму цікавы этап жыцця. Гаворачы пра работу на новым месцы Генадзь Адольфавіч
адзначае, што нельга пераацаніць каштоўнасць каманды,
якая працуе разам з кіраўніком:
— Пры дапамозе надзейных, высокапрафесійных намеснікаў і кіраўнікоў структурных падраздзяленняў, а асабліва галоўнага інжынера Генадзя Святловіча, я ўнік у тэхналагічны працэс, вывучыў яго і зараз вельмі ўдзячны гэтым людзям і ўсяму калектыву прадпрыемства ў цэлым. Наша спецыфіка — адна з самых складаных: мы выпускаем лекавыя сродкі, якія трапляюць адразу ў кроў чалавека. Таму якасць тут павінна быць неаспрэчная. Патрабаванні да яе вельмі высокія, і гэта разумеюць усе нашы людзі — пачынаючы ад рабочых і заканчваючы маімі намеснікамі. І тое, што ў нас няма цякучасці кадраў — гэта вельмі добры знак, знак зацікаўленасці работнікаў у іх працы.
Сваю ж задачу як кіраўніка мой суразмоўца ўбачыў у абнаўленні завода, удасканаленні вытворчасці. І сапраўды, за апошнія восем гадоў зроблена шмат: на прадпрыемстве з’явіўся новы склад сыравіны і матэрыялаў на больш як 500 палета-месцаў, удасканалена сістэма водападрыхтоўкі і абезжалезвання вады. Акрамя таго, уведзена ў эксплуатацыю новая мікрабіялагічная лабараторыя, поўнасцю абноўлена хімічная лабараторыя. Заканчваецца будаўніц-тва новай біялагічнай. Дзякуючы падзелу патокаў зыходных і забруджаных матэрыялаў і шматпрыступачнай сістэме абароны ў ёй цалкам выключаны перакрыжаваная кантамінацыя і ўплыў чалавечага фактару, што вельмі важна для высокай якасці фармацэўтычнай прадукцыі.
Генадзь Адольфавіч таксама зазначыў, што на заводзе няўхільна выконваюцца міжнародныя стандарты, а вытрымліваць канкурэнцыю дапамагае ўпор на інавацыі. У прыватнасці, у 2022 годзе на прадпрыемстве ўвялі новы ўчастак па вытворчасці інфузійных раствораў у мяккіх палімерных кантэйнерах замест састарэлага ўчастка па вытворчасці інфузійных раствораў у кантэйнерах ПВХ. Наладжаны поўны цыкл іх вытворчасці. Яна вядзецца ў “чыстым памяшканні”, дзе забяспечана раўнамерная вентыляцыя, выконваецца аптымальны рэжым вільготнасці, ціскі і тэмпературы. Дзякуючы гэтым і іншым фактарам якасць прадукцыі — на вышыні.
Поўнасцю абноўлены аўтамабільны парк. Практычна ўсе машыны для перавозкі прадукцыі абсталяваны халадзільна-ацяпляльнымі ўстаноўкамі — патрабаванні да якасці первозкі прадукцыі таксама вельмі высокія. Ідзе рэканструкцыя кацельні з заменай часткі абсталявання, мяняюцца боксы ў гаражах.
У планах — рэканструкцыя аддзялення водападрыхтоўкі, там зараз ідзе закупка абсталявання. Рыхтуецца праект на рэканструкцыю дапаможнага корпусу. А ўжо пра рамонты ў памяшканнях і стварэнне камфортных умоў для работнікаў і казаць няма чаго: той, хто бачыў усё гэта 10 — 15 гадоў таму, зразумее, пра што я. Для кожнага падраз- дзялення абсталяваны пакой для прыёму ежы: сапраўдная невялікая, але ўтульная куханька з халадзільнікам, мікрахвалёўкай, чайнікам і ўсім неабходным. Створаны ўсе ўмовы для таго, каб людзям было прыемна прыйсці на работу і знаходзіцца на ёй.
На балансе прадпрыемства — два камфартабельныя інтэрнаты, у адным з іх — у пасёлку Альба — ужо прайшоў капітальны рамонт, у другім — у Нясвіжы — ён плануецца ў перспектыве. І гэта яшчэ няпоўны пералік усяго, што было здзейснена за апошні час. І што немалаважна — практычна ўсё гэта робіцца за кошт уласных сродкаў. Не прыцягваць заёмныя сродкі — прынцыповая пазіцыя дырэктара як дбайнага гаспадара. Калі ўжо браць, то амаль “сваё” — сродкі з цэнтралізаванага фонду холдзінга “Белфармпром”, куды прадпрыемства адлічвае ўзносы.
Адным словам, работы і клопату хапае. І сёння Генадзь Жывень з упэўненасцю гаворыць: “Ніколькі не шкадую, што прыйшоў на завод”. І гэта, напэўна, таму, што плён яго працы бачны не толькі яму самому, а і многім навокал. І ідзе на карысць не толькі роднай Нясвіжчыне, а і ўсёй нашай краіне.
А на пытанне, у чым ён знаходзіць адпачынак і як аднаўляе сілы, Генадзь Адольфавіч адказаў проста: “Гэта дом і сям’я. Лепшы адпачынак — гэта работа каля дома ці ў доме, які заўсёды патрабуе мужчынскіх рук, ды прагулкі, калі ўдаецца выйсці з жонкай у парк”. Ёй, вернай спадарожніцы жыцця, ён адрасаваў асаблівыя словы ўдзячнасці за разуменне і падтрымку, без якіх вельмі цяжка было б ісці па жыцці, за дзвюх дачок, якія выраслі добрымі, сумленнымі людзьмі і падарылі бацькам трох унукаў. І ў гэтым, напэўна, і хаваецца сапраўднае шчасце, калі ёсць, дзеля чаго жыць, і ёсць, дзеля каго.
Соф’я ЛЮБАНЕЦ.