Адна з самых вядомых асобаў ланскай зямлі — пратаіерэй Васілій Валасовіч, настаяцель Ланскай Свята-Пакроўскай царквы. Менавіта пры ім была адноўлена царква, а людзі мелі магчымасць духоўнай падтрымкі і ў часы, знаходжання нашых зямель пад Польшчай, і часткова ў часы праўлення Саветаў.
Нарадзіўся Васілій у 1872 годдзе ў сям’і свяшчэннаіерэя Ланскай Свята-Пакроўскай царквы Іаана Васільевіча Валасовіча і матушкі Аляксандры Стэфанаўны.
Раней у вёсках было меркаванне, што лёс чалавека передаецца ў спадчыну праз пакаленне. I калі чалавек пражыў доўгае і шчаслівае жыццё, то яго ўнуку трэба было даць тое самае імя. Таму Іаан назваў сына Васілём, а Васіль нарок сваё дзіця Іаанам. I так было на працягу некалькіх пакаленняў. Даведацца пра гэта можна, калі уважліва перагледзець кнігі Ланскай царквы, дзе бацька з’яўляецца святаром, а сын яму дапамагае ў якасці панамара.
Наступным крокам па іерархічнай лесвіцы царкоўнага служэння пасля навучання ў царкоўнапрыходскай школе, была Варшаўская праваслаўная акадэмія. Пасля яе заканчэння Васілій Валасовіч быў рукапакла- дзены для асвячонага служэння Царкве Хрыстовай, і атрымаўшы вучоную ступень кандыдата Багаслоўя, быў рэкамендаваны на выкладанне “Закона Божага”.
Нягледзячы на знешнюю строгасць, айцец Васілій быў чалавекам вельмі добрым і вясёлым. Магчыма, спалучэнне гэтых якасцей характару і прывабіла да яго Марыю Рыгораўну, якая стала яму добрай жонкай, а людзям — матушкай. Разам яны нара-дзілі і выгадавалі чацвярых дзяцей: Юлію, Вольгу, Рыгора і, зразумела, Іаана.
Бацюшка Васілій старанна служыў у царкве. У яго падначаленні быў стараста, які сачыў за парадкам, псаломшчык Павел Галабурда, у абавязках якога быў продаж свечак і ўплата падаткаў з прыбытку. Калі трэба, ён званіў у званы. Таксама ў царкве працаваў дыякан Барыс Барысавіч Дзмітрыеў, які чытаў часы, пісаў дакументы, вёў кнігі.
Дзякуючы яго запісам, акуратнасці і скрупулёзнасці ў працы сёння шмат аб чым можам даведацца.
Ланская царква перажыла забыццё і пажары, але вяскоўцы змаглі уратаваць частку прадметаў культу. Сярод іх — кнігі. Невялікая іх колькасць і зараз захоўваецца ў Ланскай сельскай бібліятэцы.
У царкве быў строгі парадак і дысцыпліна. У часы нядзельнага богаслужэння заўсёды з аднаго боку станавіліся мужчыны, а з другога — жанчыны. Такі парадак быў пастаянным.
Айцец Васілій прыкладаў вялікія намаганні для утрымання царквы ў добрым стане. Прыхаджане ўспаміналі, што каля храма было вельмі прыгожа. Акуратна выкла- дзены брук, стаялі лавачкі, буйна цвілі і вельмі хораша пахлі ружы. За каменнай агароджай раслі высокія танклявыя хвойкі, за імі размясціліся могілкі. Перад царквой узвышалася пастаўленая ў 1900-х гадах з бутавага каменю двухярусная брама-званіца з арачным праходам.
Айцец Васілій быў не толькі добрым святаром, але і дбайным гаспадаром. Сваёю сям’ёю яны жылі ў вялікім доме каля царквы. Ва ўладанні было каля 16 гектараў зямлі і немалая гаспадарка.
У вёсцы яшчэ з 1800-х гадоў і па 1917-ы пры царкве працавала штатнае народнае вучылішча. Адразу навучанне вялося толькі для хлопчыкаў, але намаганнямі айца Васілія да адукацыі сталі дапускаць і дзяўчынак.
Дакументы Нацыянальнага архіва Беларусі сведчаць, што “У народным вучылішчы в. Лань, што працавала пры царкве, у 1892-1893 навучальным годзе вучыліся 70 хлопчыкаў, у 1905-1906 навучальным годзе — 126 хлопчыкаў і 6 дзяўчынак. Бацюшка выкладаў ў дзетак “Закон Божы” з першага класа па сёмы. (А для дзетак-каталікоў два разы ў тыдзень прыязджаў з Клецку ксёнз)
Вядома, што польскія ўлады зусім недружалюбна ставіліся да “папоў”, але аўтарытэт і вядомасць протаіерэя Васілія прымушалі іх паважаць мясцовыя парадкі і веру.
Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, Ланская царква не перастала існа- ваць. Бацюшка заўсёды вельмі добра адносіўся да сваіх прыхаджан. Спачуваў людскому гору і шчыра радаваўся за добрае. Не шкадаваў грошай. Часта ахвяраваў іх бедным людзям.
Лідзія Георгіеўна Еўтух успамінала: “Мой бацька быў добры каваль. Не раз правіў айцу Васілію то плугі, то кола для воза, падкоўваў коні… А калі я выходзіла замуж — вянчаў без грошай. Я і сваіх дзяцей у яго хрысціла. Нягле-дзячы на паважаны ўзрост помніў усіх вяскоўцаў і называў па імёнах”.
I сёння ўсе людзі, хто яго ведаў, успамінаючы яго светлае імя кажуць: “Добры быў бацюшка. Сапраўдны. Царства яму Нябеснае”.
Падрыхтавала
Неаніла ЛЮБАНЕЦ
па матэрыялах
Алены ЖУК.