Сёння на старонках раённай газеты мы пачынаем новы тэматычны праект “Гісторыя вёскі”, дзякуючы якому зможам яшчэ больш расказаць вам, дарагія чытачы, пра мясціны нашага раёна.
Першым прыпынкам на нашым шляху стаў аграгарадок Лань. Мне пашанцавала пяць гадоў таму быць на імпрэзе ў бібліятэцы, дзе бібліятэкар Ланскай бібліятэкі Алена Жук расказвала пра вынікі сваіх даследаванняў па гісторыі роднага куточка. І сёння, узгадаўшы аб тым, я звярнулася менавіта да Алены Мікалаеўны і пачула падчас нашай гутаркі шмат цікавага.
— Алена Мікалаеўна, калі вы пачалі збіраць інфармацыю па гісторыі Лані?
— Яшчэ ў 1997, калі прыйшла працаваць у бібліятэку. У мяне былі рукапісныя нататкі ранейшага бібліятэкара Галіны Васільеўны Беляковай. Я зацікавілася імі і вырашыла працягнуць яе працу.
— Якімі крыніцамі інфармацыі вы карысталіся?
— Пачынаючы ад аповедаў старэйшых жыхароў і заканчваючы архіўнымі дадзенымі з Мінска. Я пісала ў Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі, Дзяржаўны архіў Мінскай вобласці. Ездзіла туды, забірала копіі дакументаў, шукала магчымая крыніцы сама. Вядома, шмат цікавага, таго, што не знойдзеш у друкаваных крыніцах, расказвалі менавіта мясцовыя жыхары. Часам гэта былі гісторыі, якія гучалі праз слёзы. І мне было важна зрабіць усё магчымае, каб захаваць іх і перадаць нашчадкам. І сёння я ўдзячна такім добрым людзям, як Соф’я Рыгораўна Чычко, Марыя Сямёнаўна Усовіч. Многае расказала мне і мая бабуля Лідзія Георгіеўна Еўтух — яна была дачкой старшыні сельскага Савета і шмат памятала не толькі пра сям’ю, але і пра нашыя мясціны. Шмат карыснай інфармацыі пра Ланскую Свята-Пакроўскую царкву мне распавяла Марыя Антонаўна Шуста, а бацюшка перадаў дакументы, на якія таксама можна было абаперціся. Шмат матэрыялаў і фатаграфій мне падарыла Тамара Іосіфаўна Каспер, якая была старшынёй сельскага Савета. У тым ліку — фатаграфіі ўдзельнікаў Першай сусветнай вайны, чый жыццёвы шлях мы пасля расследвалі. Таму ўся інфармацыя, якая ў мяне ёсць, — вынік не толькі маёй працы, але і зацікаўленасці кожнага, хто не быў абыякавы да лёсу свайго краю.
— Скажыце, а адкуль увогуле такая любоў да гісторыіі, даследаванняў?
— Мабыць, ад любові да бацькоў, бабуль і дзядуль. Я іх вельмі любіла. Мая бабуля, якая каранямі з Украіны, і дзядуля-музыка вельмі прыгожа спявалі. Часам, сядуць удваіх дома на лаўцы і спяваюць для сябе. Мне спадабалася слухаць іх галасы. І калі бабуля распавядала мне пра ранейшыя часы, яе ўспаміны адгукаліся ў мяне ў сэрцы. Хацелася паглыбіцца ў мінулае. І сёння, калі не хапае любімых людзей побач, магчымасць дакрануцца да важных для іх часоў, пабуджае працаваць далей. Таму цікавасць да гісторыі крыху звязана і з настальгіяй. Адыграла сваю ролю і прафесія. Мне падабаецца перадаваць свае веды дзецям і бачыць, што гэта ім таксама цікава. Да ўсіх мерапрыемстваў, прысвечаных памятным датам, я рыхтую матэрыял, шукаю штосьці новае, паглыбляюся ў гісторыю. Увогуле тут пераплецена ўсё.
— У вас сабрана столькі інфармацыі: гісторыя Лані, варыянты паходжання назвы, звесткі пра ўраджэнцаў — удзельнікаў Першай сусветнай вайны, Вялікай Айчыннай, пра мясцовыя помнікі архітэкуры, культуры і нават пра развіццё мясцовага сельгаспрадпрыемства. Крыніцы на рускай, беларускай, польскай мовах. І пры гэтым усё вельмі сістэматызавана. Скажыце, на гэта паўплывала абраная прафесія?
— Вядома, я ж бібліятэкар, мне падабаецца, калі ўсё на сваіх месцах. Але гэта пайшло яшчэ з дзяцінства. Калісьці мой тата прывучыў мяне, што на стале, за якім я раблю ўрокі, усё павінна быць у парадку. З той пары я захоўваю парадак ва ўсім, з чым працую. Калі вакол цябе чысціня, канцэнтраваць увагу прасцей.
— Нягледзячы на тое, што ўжо вамі зроблена шмат, ці ёсць пэўныя планы на бліжэйшы час?
— Так, у мяне ў планах зрабіць паўнавартасную выставу гістарычных фотаздымкаў з царкоўнага альбому, які вёў наш святар, благачынны Клецкага і Нясвіжскага благачыння Васіль Іаанавіч Валасовіч. Калі альбом апыўнуўся ў мяне ў руках, не ўсе здымкі былі ў добрым стане. Таму я звярнулася да сяброў установы культуры — фатографа БелТА Аляксандра Дзідзевіча і Андрэя Старавойтава, якія рэстаўравалі іх. Адноўленыя фотаздымкі я ўжо выстаўляла ў бібліятэцы, але тут няшмат месца, таму планую зрабіць подпісы і выставіць іх бліжэй да храма, спа- дзяюся, гэта будзе цікава прыхаджанам.
Гутарыла
Неаніла ЛЮБАНЕЦ.