У мінулую суботу ў Нясвіжы адбылося XXVIII свята мастацтваў “Музы Нясвіжа”, арганізатарамі якога па традыцыі выступілі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Мінскі абласны выканаўчы камітэт, Нясвіжскі раённы выканаўчы камітэт і Заслужаны калектыў “Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі імя Міхаіла Фінберга”.
Імпрэзы ў рамках музычнага фестывалю прайшлі на некалькіх пляцоўках. Першай з іх стала Нясвіжская гарадская ратуша, дзе адбыўся канцэрт “Спявае таленавітая моладзь”. Тут гледачоў парадавалі сваім майстэрскім выкананнем беларускіх і замежных песенных твораў салісты аркестра, лаўрэаты міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў, стыпендыяты Спецыяльнага Фонду Прэзідэнта рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі Ірына Іршонак і Антон Карчэўскі. Сёлета яны заканчваюць адпаведна Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі і Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў, і ўжо атрымалі размеркаванне ў аркестр.
Серабрысты, лёгкі голас Ірыны і густы, пранікнёны барытон Антона нікога не пакінулі раўнадушным. Слухачы, якіх, дарэчы, сабралася, нягле-дзячы на даволі ранні для выхаднога дны час, поўная зала, дзякавалі маладым выканаўцам за іх цудоўны спеў гарачымі апладысментамі.
Затым аматары жывой музыкі перамясціліся ў Тэатральную залу Нясвіжскага замка, дзе іх чакаў канцэрт “Нашы галасы” — выступленне вакальнай групы аркестра ў складзе Аляксандра Дзюміна, Святланы Бударынай, Ксеніі Амельчанкі, Андрэя Пятрова, Аляксея Міньковіча (ударныя) пад кіраўніцтвам Ігара Мельнікава. Беларускія народныя і аўтарскія песні “Не капайце крынічаньку”, “Саўка ды Грышка”, “Александрына”, творы замежных кампазітараў — знакамітыя “Смайл”, балада “Мішэль”, “Месяцовая рака” і іншыя, якія сталі класікай песеннага мастацтва, выклікалі сапраўднае захапленне залы. Бліскучым фінальным акордам вакальнага канцэрта стала з’яўленне на сцэне кіраўніка калектыву — Ігара Мельнікава, які дадаў свой непаўторны спеў да спева ўдзельнікаў групы. Авацыі залы і воклічы “брава!” сталі заслужанай узнагародай артыстам.
Пасля замка свае дзверы для аматараў класічнай музыкі гасцінна адчыніў Нясвіжскі касцёл Божага цела, дзе адбыўся канцэрт “Музыка душы”. Тут сваё майстэрства прадставіў струнны аркестр заслужанага калектыву “Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі імя Міхаіла Фінберга” пад кіраўніцтвам Максіма Рассохі. Яго словы пра тое, што “калі Бах пісаў сваю “Прэлюдыю фа мінор”, ён размаўляў з самім Усявышнім”, можна аднесці да ўсіх твораў, якія гучалі на гэтым канцэрце — чароўных і ўзнёслых адначасова. Ужо названы Іаган Себасцьян Бах, Аляксандр Глазуноў, Сяргей Рахманінаў, Арвэ Пярту, Эйтар Віла-Лобас, Альфрэд Шнітке — гэтыя кампазітары ізноў сілай свайго генія напоўнілі прастору старадаўняга храма ад падлогі да купала той самай музыкай, якая набліжае чалавека да Бога і нагадвае, што ён створаны па яго вобразе і падабенстве…
Асаблівыя музычныя фарбы ў канцэрт унеслі салісты аркестра Сяргей Фалевіч (трамбон), Мікіта Пятроў (флейта), Кацярына Пукст і Яўгенія Арлова (скрыпка), Самара Хасун (вакал).
Завяршыўся шэраг музычных імпрэз у рамках фестывалю “Музы Нясвіжа” святочным канцэртам салістаў-вакалістаў аркестра “Вось мы i святкуем”, прымеркаваным да 80-годдзя вызвалення Беларусі, які адбыўся ў Нясвіжскім раённым цэнтры культуры. Ён адкрыўся славутай песняй Аляксандры Пахмутавай “Молодость моя — Белоруссия”, якую выканаў заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Дзмітрый Качароўскі. Свой талент гледачам таксама падарылі заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Наталля Тамэла, салісты Таццяна Глазунова, Алеся Дзяржавец, Андрэй Коласаў, Аляксандр Салаўёў, Антон Карчэўскі, Ірына Іршонак, Радміла Рыбакова. Песні, поўныя захаплення і радасці ад мірнага жыцця, сталі выдатным фінальным акордам “Музаў Нясвіжа-2024”.
Падвесці вынікі сёлетніх “Музаў” я папрасіла мастацкага кіраўніка свята мастацтваў, галоўнага дырыжора заслужанага калектыву “Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі імя Міхаіла Фінберга” Максіма Рассоху.
— Сёлетні фестываль парадаваў вельмі моцна, — сказаў Максім Мікалаевіч. — Мы паказалі новыя праграмы, якія рыхтавалі спецыяльна пад кожную канцэртную пляцоўку. Уражанняў шмат і яны вельмі яскравыя, таму што мы прывезлі новых салістаў і было заўважна, што публіка адчувае іншыя эмоцыі, чым летась. Яна ўжо чакае нечага новага, і я звярнуў увагу, што лю- дзей прыходзіць усё больш, вельмі радасна бачыць новыя твары. Гэты фестываль — яшчэ адна прыступка наперад, і я думаю, што ў наступным годзе, калі ўсё будзе добра, мы прывязём у Нясвіж яшчэ лепшыя праграмы.
Што ж, з нецярпеннем будзем чакаць “Музы Нясвіжа-2025”, а пакуль — да пабачэння, “Музы Нясвіжа-2024”!
Соф’я ЛЮБАНЕЦ.
Фота Святланы ПОЛЬСКАЙ.