Яшчэ ў дзяцінстве ўраджэнка Магілёўшчыны пераехала з бацькамі на Нясвіжчыну. Іх шматдзетная сям’я, дзе на той час выхоўвалася пяцёра дзяцей, жыла ў вёсцы Гусакі. Тут Ларыса Гетнер (у дзявоцтве Зяньковіч) скончыла пачатковую школу. Пазней, пакуль дабудоўвалася Казлоўская дзесяцігодка, ха- дзіла з іншымі дзецьмі ў Карцэвіцкую, шлях у якую ляжаў праз лес. Але вучыцца трэба было. Дзеці запасаліся часам (уставаць прыходзілася ў пяць раніцы), і, узяўшы ў рукі ранцы, ішлі атрымліваць веды.
Пасля паспяховага заканчэння Казлоўскай школы Ларыса Паўлаўна паступіла ў бібліятэчны тэхнікум. А пазней, ужо чалавекам сямейным, атрымала вышэйшую адукацыю ў Мінскім педагагічным інстытуце імя Горкага (цяпер БДПУ імя М. Танка). Выкладала біялогію ў навучальных установах Нясвіжчыны. А пасля выхаду на заслужаны адпачынак захапілася сучасным і ў той жа час старажытным рамяством — саломапляценнем.
Удзельніца раённых, абласных, рэспубліканскіх і міжнародных выставак, фестываляў і конкурсаў Ларыса Гетнер сёння без ценю сумнення сцвярджае, што саломапляценне стала для яе справай, якая надавала новыя жыццёвыя сілы.
Свой талент майстрыха адкрыла ў сабе не адразу, і ў гэтым не саромеецца прызнавацца нават сёння. Але чым складаней была справа, тым больш яна выяўляла зацікаўленасць і настойлівы характар жанчыны.
— Мая першая работа — званочак, які яшчэ са старажытнасці меў добрую славу як своеасаблівы магніт удачы для свайго ўладальніка, атрымаўся не адразу, — прызнаецца Ларыса Паўлаўна. — Тады сувенір патрэбен быў для сястры, якая рыхтавала работы для заняткаў у педвучылішчы, дзе працавала.
Я бачыла, як умела спраўляецца яна з саломкай, і вырашыла: “І я змагу!”.
З часам звычайны прыродны матэрыял і ў маіх руках стаў паслухмяным, і ператвараўся ў сапраўдныя творы мастацтва. У доме на стале ўсё часцей сталі з’яўляцца пучкі папярэдне замочанай і выбеленай саломы. Потым я стала вырошчваць на сваім участку патрэбную сыравіну — жыта, сцябло якога ў вышыню дасягае двух метраў, бо купіць такое не было магчымасці. Кожны ўрок па саломапляценні дадаваў аўтэнтычнасці вырабам рознай формы. З часам да званочкаў, кветак дадаліся фігуркі птушак, дамавічкі, лялькі-абярэгі і многае іншае, зробленае з натуральнага матэрыялу.
Бачыўшы на выставах, наколькі прыгожыя працы іншых майстроў, “загаралася” ідэяй вучыцца далей, прыдумляць нешта новае, сваё. Вывучала і асвойвала новыя тэхнікі, брала цярпеннем і настойлівасцю. Так навука саломапляцення паддалася мне, скарыўшы маё сэрца, а пазней — і сэрцы маіх прыхільнікаў.
Фестываль нацыянальных культур у Гродне, дні культуры Беларусі ў Расіі і Польшчы, Азоўскі Міжнародны фестываль творчасці інвалідаў “Павер у сябе” (Украіна) і многія іншыя мерапрыемствы пашыралі кола прыхільнікаў саламяных цудаў Ларысы Гетнер.
Памятае несвіжанка і сваё першае прызнанне як майстра — калі ў 1998 годзе на конкурсе “Саламяныя дзівосы” ў горадзе Узда яна стала лаўрэатам І ступені. Сярод узнагарод майстрыхі — Ганаровыя граматы Нясвіжскага райвыканкама, Мінскага абласнога выканаўчага камітэта, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.
Прыемная ўсмешка блукае на вуснах Ларысы Паўлаўны, калі яна ўспамінае, як выконвала адну са сваіх цікавых аб’ёмных работ для Заслаўскай птушкафабрыкі. Залаты саламяны пеўнік прыйшоўся да спадобы і маленькаму ўнуку, які ўвесь час спрабаваў пакатацца на цуда-птушцы вярхом.
Рукамі майстрыхі выконваліся і картузы нашых вядомых “Аношкаўскіх музыкаў”. Беларускі дзяржаўны акадэмічны тэатр неаднойчы браў на гастролі сімвалічныя падарункі — скрыпкі, выкананыя з саламянага золата палёў…
Так звычайныя сцяблінкі жыта, дзякуючы карпатлівай працы чалавека, ператвараліся ў яе руках у шэдэўры мастацтва, радавалі прыхільнікаў саломапляцення, раскрываючы ўнікальную культуру Беларусі, у якой стагоддзямі захоўваюцца традыцыі продкаў. Прыемна, што сёння мастацтва беларускага пляцення саломкай уключана у спіс нематэрыяльнай спадчыны ЮНЕСКА.
З вышыні свайго паважанага ўзросту Ларыса Паўлаўна сёння сцвярджае, што яе занятак гэтым відам унікальнага самабытнага майстэрства з адценнем сонечнага святла заўсёды дарыў станоўчыя эмоцыі. Акрамя гэтага, патрабуючы асаблівай дбайнасці, працавітасці, даваў магчымасць дзяліцца часцінкай свайго захаплення для душы з іншымі.
Сваё майстэрства саломапляцення з часам Ларыса Паўлаўна перадала сваёй дачцы Валянціне, якая таксама з захапленнем займалася гэтай справай. А ад Валянціны Ларыса Паўлаўна пераняла любоў да вязання: з-пад яе руплівых рук нара- дзіўся не адзін шэдэўральны паланцін або прыгожы цёплы шалік.
А калі нейкая нітачка дзе-нідзе не слухалася, яна зноў паўтарала сабе: “Я змагу!” і справа спорылася.
Такое яно — жыццё несвіжанкі Ларысы Гетнер, паважанага педагога, заўзятай майстрыхі, якая працягвае жыць згодна мудрай прымаўцы: ”Не старасць старыць чалавека, а бяздзейнасць”.
А яшчэ жыццёвы аптымізм гераіні гэтага аповеду падтрымліваюць зносіны з унукамі і праўнукамі (іх у яе аж пяцёра). Праўда, лёс раскідаў іх па розных краінах. Сын, напрыклад працяглы час жыве ў Расіі, унучка — у Іспаніі. Але маму, бабулю і прабабулю выручае інтэрнэт, дзякуючы якому яна можа радавацца поспехам і добрым навінам ад сваіх родных, якія падтрымліваюць любыя яе творчыя памкненні і ідэі.
Жыццё на пенсіі цудоўнае ва ўсіх яго праяўленнях, лічыць Ларыса Паўлаўна. І кожны новы дзень сустракае з радасцю.
Іна ВАСІЛЕВІЧ.