26 з лішкам гадоў адпрацавала начальнікам упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Ірына Антонаўна Чэмярэўская, імя якой здаўна вядома многім жыхарам нашага раёна.
А пачынаўся яе жыццёвы і працоўны шлях з вёскі Кунаса нашага раёна. Пасля заканчэння школы адразу паступіць у інстытут народнай гаспадаркі не ўдалося, і дзяўчына па запрашэнні тагачаснага старшыні мясцовага калгаса “Світанак” А.А. Апанасіка пайшла ў гаспадарку падлікоўцай. І зараз з удзячнасцю ўзгадвае, што ёй адразу далі запаўняць галоўную бухгалтарскую кнігу, што было вельмі адказна. Яна сачыла за рабочым часам людзей, налічвала зарплату. Дзякуючы ўменню добра лічыць на лічыльніках, якое ёй перадаў бацька, што таксама быў падлікоўцам, дзяўчына вельмі добра спраўлялася са сваімі задачамі. Так добра, што старшыні стала шкада адпускаць такога надзейнага работніка і ён адгаварыў Ірыну паступаць на стацыянар. Таму яна пазней паступіла ў інстытут, пра які марыла, на завочнае аддзяленне, і сумяшчала работу і вучобу. Вядома, гэта было нялёгка, але спрыту адказнай няўрымслівай дзяўчыне было не займаць: яна хадзіла па сем кіламетраў пешшу з роднай Кунасы ў Сейлавічы і назад (у добрае надвор’е выручаў веласіпед) і не думала скардзіцца на лёс. Наадварот, старалася быць заўсёды ў гушчыні падзей — у хуткім часе ўзначаліла камсамольскую арганізацыю калгаса, а затым — у 23 гады — і партыйную.
І зараз Ірына Антонаўна з удзячнасцю ўзгадвае сваіх самых першых настаўнікаў у працы — старшыню калгаса А.А. Апанасіка, сакратара партарганізацыі В.М. Азарку, галоўных спецыялістаў Ч.В. Шыдлоўскую, Т.В. Зубовіч, Н.В. Бутрымовіч.
Актыўная грамадская праца ў роднай гаспадарцы прывяла гераіню гэтага аповеду ў райкам партыі, дзе яна стала інструктарам арганізацыйнага аддзела. Затым у райкамах сталі стварацца сельгасаддзелы, і пасля М.І. Дэмуха і А.І. Чарнабая гэты аддзел узначаліла Ірына Антонаўна.
Яе самаадданая праца на кожным давераным участку не засталася незаўважанай, і ў 1988 го- дзе І.А. Чэмярэўскую накіравалі ў Вышэйшую партыйную школу, дзе ўжо прыйшлося вучыцца два гады з адрывам ад вытворчасці.
Дарэчы, гады працы ў райкаме партыі мая суразмоўца ўзгадвае як вельмі шчаслівыя і цікавыя, і з вялікай удзячнасцю называе імёны сваіх калег па тагачаснай рабоце, якіх лічыць сапраўднымі настаўнікамі і ў працы, і ў жыцці — У.Р. Варвашэню, А.Г. Вайтовіча, Г.К. Батурыцкага, Г.І. Смоліча, Г.П. Марозаву, Э.Т. Булат. Усе гэтыя людзі назаўсёды засталіся ў яе памяці.
— Я ўсё жыццё была актывісткай, — з усмешкай узгадвае зараз свае працоўныя гады Ірына Антонаўна.
І гэта пацвярджае тое, што яе пастаянна выбіралі дэпутатам мясцовых Саветаў — сельскага, раённага і ў адным скліканні — і абласнога. Напэўна, гэта нераўнадушша да праблем людзей, сваіх землякоў і прывяло яе на месца загадчыка райсабеса (пазней — упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама). Гэту пасаду маёй суразмоўцы прапанавалі ў 1990-м годзе, пасля заканчэння Вышэйшай партыйнай школы.
— Напачатку было цяжка, — прызнаецца Ірына Антонаўна. — Я ж не ведала ніводнага закона, трэба было ўсё вывучаць. Але па-іншаму быць не магло — трэба, значыць трэба. І я з галавой акунулася ў новую справу. І калі спачатку ў нашага аддзела было толькі два накірункі работы — прызначэнне пенсій і аказанне дапамогі ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, якіх тады было яшчэ шмат, то затым нашы абавязкі разрасліся ў геаметрычнай прагрэсіі — так многа ўвагі стала ўдзяляцца сацыяльнай абароне насельніцтва.
І сапраўды, пад кіраўніцтвам Ірыны Антонаўны прайшло нямала рэарганізацый: райсабес стаў упраўленнем, да яго далучыўся цэнтр занятасці насельніцтва, быў пабудаваны раённы тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва з вельмі шырокім спектрам дзеяння. І.А. Чэмярэўская стаяла ля вытокаў стварэння аддзялення забеспячэння кругласуточнага знаходжання для пажылых людзей РТЦСАН у Лявонавічах, а таксама пераабсталявання былога будынка КДБ на рагу вуліц Садовай і Ленінскай пад аддзяленні дзённага знахо- джання інвалідаў і пажылых лю- дзей. Укараненне адраснай сацыяльнай дапамогі, узнагароджванне Ордэнамі Маці — гэта ўсё пачыналася пры ёй.
А камп’ютэрызацыя работы! Гэта ж была сапраўдная рэвалюцыя на той час — ствараць электронныя базы, пераносіць дадзеныя з паперы ў камп’ютар — усё гэта патрабавала вялікай працы.
— І зараз памятаю наш першы камп’ютар — польскую “Мазовію”, — расказвае Ірына Антонаўна. — Як усе баяліся да яе падысці, узяцца за тую мышку. Але ж прыйшлося пераадольваць страх перад невядомым.
Узгадваючы той час, мая суразмоўца з вялікай удзячнасцю гаворыць пра сваіх супрацоўнікаў:
— Мая работа была непарыўна звязана з маім любімым калектывам, які я падабрала. Можа, мае калегі і не заўважалі гэта, але без іх я не ўяўляла свайго жыцця. І зараз, знаходзячыся на пенсіі, я ганаруся, што не памылілася ў іх. Таццяна Толсцік, Таццяна Мухлыніна, Іна Лукашова, Таццяна Скрыба, Вольга Львова, Галіна Емяльянчык і іншыя — усе яны пачыналі працаваць пры мне. Я старалася перадаць ім усе свае веды, і зараз вельмі рада бачыць, якімі дасведчанымі, адказнымі спецыялістамі яны сталі.
— І цяпер мне сніцца работа — даклады, пенсійныя справы, пасяджэнні выканкама. Я проста жыла ўсім гэтым, — зазначыла ў канцы нашай гутаркі Ірына Антонаўна.
Зараз яна ўжо восьмы год на заслужаным адпачынку, а на пытанне, што яе падтрымлівае цяпер, у вольны ад работы час, адказала коратка: зямля. Яна ўзнаўляе сілы, дадае веры ў будучыню. І зараз двор перад шматкватэрным домам па вуліцы Ленінскай, дзе жыве Ірына Антонаўна, упрыгожваюць дзве клумбы, разбітыя яе стараннямі. Там радуюць вока мясцовых жыхароў півоняпадобныя цюльпаны і іншыя кветкі, якія цвітуць там да самых маразоў. Шмат кветак і ля сядзібы яе брата ў Кунасе, дзе яна таксама часта бывае.
Хочацца спадзявацца, што так будзе яшчэ вельмі доўга — на клумбах Ірыны Антонаўны будуць палымнець кветкі, а яе душу будзе грэць радасць за сваіх калег, у рукі якіх яна перадала справу свайго жыцця.
Соф’я ЛЮБАНЕЦ.