Сёння ў Гетманскім зале замка Радзівілаў гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Нясвіж” адбылося ўрачыстае адкрыццё ХV адкрытага рэгіянальнага конкурсу-пленэра юных мастакоў імя Міхаіла Сеўрука “Нясвіж рознакаляровы”.
Для маленькіх мастакоў была падрыхтавана выстава работ іх папярэднікаў — удзельнікаў мінулых пленэраў.
Як распавяла загадчыца мастацкага аддзялення Нясвіжскай дзіцячай школы мастацтва Марына Канавалава, у гэтым годзе ў Нясвіж завітала больш за 40 таленавітых мастакоў.
Прыемна, што ўпершыню наш старажытны горад наведалі студыі з Брэста і Дзяржынска.
Напрыканцы цырымоніі адкрыцця для юных мастакоў была праведзена экскурсія па нясвіжскім замку.
Традыцыйна мастацкая дзея праходзіць пры падтрымцы Нясвіжскага райвыканкама, выканаўчага камітэта ДУА “Нясвіжская дзіцячая школа мастацтваў”, Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Нясвіж” і Нясвіжскага гісторыка-краязнаўчага музею.
Сваімі ўражаннямі з карэспандэнтам “НН” падзялілася адна з настаўніц мастакоў Ларыса Сакалова:
— Не ў першы раз мы прыехалі да вас з Заслаўя. Звычайна я прыязджаю са сваімі старэйшымі дзецьмі, а сёння ўпершыню прывезла малодшых. Мне вельмі падабаецца наведваць Нясвіж. І ў гэтым годзе планую атрымаць асалоду ад пленэра, натхніцца прыгажосцю горада і правесці час у асяроддзі аматараў і знаўцаў мастацтва.