Меню
Курс $  3.31 | €  3.5 | ₽100  3.3 |
Погода -1 °C

Ён дайшоў да Берліна

Нясвіжскія навіны 7 месяцев назад 0 8

Пост опубликован: 10.05.2024

Адразу пасля вызвалення Беларусі ад фашыстаў жыхара вёскі Саска Ліпка Уладзіміра Чурылу прызначылі ахоўнікам у Квачоўскі сельскі Савет. Далі карабін і патроны. А ў жніўні 1944-га прызвалі ў армію. Навучанне ваеннай справе ён праходзіў у Бабруйску.
Потым навабранцаў перавезлі ў Калодзішчы пад Мінскам, адтуль накіравалі на фронт, у Польшчу. Уладзімір Чурыла служыў тэлефаністам-кабельшчыкам у 411-м мінамётным палку.



— На фронце ўсялякае было. Але Бог аберагаў мяне, — расказваў удзельнік Вялікай Айчыннай вайны Уладзімір Пятровіч Чурыла. — Столькі людзей загінула, столькі было параненых, а я прайшоў вайну без драпіны. Хаця шмат разоў быў на крок ад смерці. Вось, напрыклад, неяк падчас наступлення трэба было пераходзіць гару. Грузавік нас чакаў, а я з сябрам Лёнькам (ён — з горада Арцёмаўска Краснаярскага краю) адышліся, скручваючы кабель. Пачулі кулямётныя стрэлы. Вярнуліся — некалькі нашых таварышаў забітыя. Аказалася, немцы напалі з засады. Мы з Лёнем засталіся жывымі.
Або наступны выпадак. У нашым аўтамабілі прабіла кабіну і задні борт кузава, а мы сядзелі па абодва яго бакі, і нас не зачапіла. Вось як бывае.
Вызваліўшы Варшаву, прайшоўшы з баямі Польшчу, мы выйшлі да Кюстрына. Пачалася пераправа праз Одэр. Рака — шырокая, магутная. Якраз бушавала навальніца, уздымаючы высачэзныя хвалі. А нам з Лёнем трэба пракладваць сувязь. Для гэтага былі спецыяльныя лодкі, дык хвалі іх проста накрывалі. Цячэнне было такім моцным, што, каб не ўхапіліся за апоры маста, тут жа знесла б. Мінамёты з паромаў з’ехалі, у кузаве машыны — па калена вады. Але задачу сваю мы выканалі. Сувязь наладзілі, ваду з вопраткі выкруцілі, бо сушыцца не было калі і не было дзе, — і зноў у бой.
Назіральны пункт камандаванне дывізіёна абсталявала ў капцы ад бульбы ці буракоў. Але не было сувязі. Пайшлі мы шукаць парыў. На спіне — 2 катушкі з кабелем, 2 апараты, працівагаз, карабін. Чуем: “Танкі ідуць”. Супраць нямецкіх танкаў была адна наша пушка-саракапятка. Дык яна так страляла, што ствол стаў нават не чырвоным — да белага напаліўся. Танкі адступілі. А вось назіральны пункт фашысты расстралялі — разгледзелі з самалёта. Так загінуў наш камандзір дывізіёна, капітан. Другога і трэцяга камандзіраў дывізіёна мы страцілі ў Берліне. 3 дома ў дом там можна было прайсці толькі па падвалах, не па вуліцы. Дык вось ішоў капітан літаральна перада мною, толькі адчыніў дзверы ў падвал — і ўпаў. Аказалася, што ў шафе, якая стаяла побач з дзвярыма, схаваўся нямецкі салдат…

I яшчэ адзін выпадак нагадаў мой суразмоўца: як узнаўлялі сувязь у Берліне, за што Уладзіміра Пятровіча Чурылу ўзнагародзілі медалём “За адвагу”. Знайшлі яны зручную прагаліну, правялі кабель. Але яго парвала варожым снарадам. У пошуках парыву тэлефаністы наткнуліся на варонку. Узяліся за канцы кабелю, каб злучыць іх, а тут — зноў абстрэл. Адзін снарад, другі, трэці… Салдаты схаваліся ў яму. Уладзімір Пятровіч упэўнены: проста снарады пераляталі варонку, таму і засталіся юнакі жывымі, толькі гразёю іх моцна заляпала. Кабель тэлефонны яны нарэшце злучылі і пайшлі да сваіх.
— Прыходзім — а на нас усе глядзяць са здзіўленнем і з радасцю. Думалі, што мы загінулі, — кажа Уладзімір Пятровіч. — З Лёнем мы пасля вайны па тэлефоне сувязь падтрымлівалі. Яго ўжо няма…
Успомніў мой суразмоўца, як яны “выкурвалі” фашыстаў з іх сховішчаў у Берліне:
— Гэта было, здаецца, 7 мая. Гітлераўцы сабраліся ў тупіку ля будынка і не здаваліся. Нашы паслалі парламенцёраў на мірныя перагаворы. Тыя вярнуліся ні з чым: немцы не згадзіліся капітуляваць. Тады ў дом выстралілі, снарад нанёс разбурэнні — і сталі фашысты вылазіць. Зброю — на зямлю, рукі — уверх.
Той факт, што Перамогу салдат сустрэў у Берліне, у логаве фашыз-му — гэта асаблівы радок у яго біяграфіі.

Пасля Уладзіміра Чурылу перавялі ў Магдэбург, дзе служыў на камутатары. Дэмабілізаваўся ён у 1948 годзе ўжо з савецкага горада Уладзіміра. Акрамя медаля “За адвагу”, яго грудзі ўпрыгожваюць медалі “За вызваленне Варшавы”, “За ўзяцце Берліна”, “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941 — 1945 гг.”.
Ведаючы, што Уладзімір Пятровіч быў добрым гарманістам, я пацікавілася, ці даводзілася яму іграць на фронце.
— Была такая справа. Камандзір дывізіёна ўзяў у магазіне акардэон, прапанаваў мне пайграць.
— Якія мелодыі Вам больш даспадобы?
— Многія. Асабліва — маршы. “Развітанне славянкі” любіў. Наогул, я быў вясёлым хлопцам, іграць мне вельмі падабалася.

А ў дзяцінстве колькі слёз праліў, пакуль бацька купіў яму гармонік. Так хацелася хлапчуку навучыцца іграць. I вось, нарэшце, ужо 14-гадоваму сыну бацька купіў простую двухрадку. Уладзімір хадзіў вучыцца да вясковага музыканта: “У адну нядзельку ён паказаў мне паўполькі і паўвальса. Ішлі мы з сябруком дадому (а дарога — тры кіламетры), у адной хаце вяскоўцы спраўлялі хрэсьбіны, запрасілі пайграць — і я іграў. Як умеў. А ў другую нядзелю мой настаўнік правёў яшчэ адзін урок. I я навучыўся”. Пасля Ула-дзімір Пятровіч набыў уласны інструмент. Працаваў у мясцовым клубе, шмат займаўся з дзецьмі, вечарамі ладзіў танцы для мола-дзі. Вучыўся ў Нясвіжскай музычнай школе, дзе выдатна здаў выпускныя экзамены: “Чыста, хораша іграў, выкладчыкі руку паціскалі”.
Заробак у клубе быў невялікі. А Уладзімір Пятровіч ужо меў сям’ю, трое дзяцей. Таму і пайшоў працаваць у калгасную будаўнічую брыгаду.
Яго жонка, Надзея Пятроўна, была паляводам. Жылі дружна, ставілі на ногі дзяцей. Старэйшая, Лідзія, закончыла ў Баранавічах медвучылішча, доўгі час працавала ў Квачах на ФАПе. Тамара пайшла на завод у Мінску. Малодшы, Аляксей, закончыў тэхнікум і звязаў свой лёс з грамадскім харчаваннем, з хлебапячэннем. Цяпер ужо дзеці Уладзіміра Пятровіча сталі пенсіянерамі. І Аляксей больш часу жыве ў роднай хаце, з бацькам, раз-пораз наведваючыся ў сваю мінскую кватэру. Пяць гадоў таму не стала Надзеі Пятроўны. А Уладзімір Пятровіч па-ранейшаму трымае гаспадарку: курэй, казу. Нават доіць яе сам. У 99 гадоў.

Кажуць, чалавек сам каваль свайго шчасця. Але ж, каб вярнуцца з кровапралітнай вайны дамоў нават не параненым, трэба, мусіць, мець анёла-ахоўніка. Ула- дзімір Пятровіч удзячны Богу за такі лёс. I жыве на роднай зямлі доўга і дастойна.
Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ,
журналіст.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!