Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, Георгію Халецкаму не споўнілася яшчэ 15 гадоў. На той час сям’я жыла ў Оршы, а нарадзіўся ён у Сенненскім раёне. У 1943 годзе, калі немцы пачалі вывозіць беларускую моладзь на работу ў Германію, юнак разам з бацькамі пайшоў у партызанскую зону, спыніліся ў вёсцы Казадоі. У лістападзе таго ж года акупанты арганізавалі карную вылазку на тэрыторыю, якая кантралявалася партызанамі. Спалілі 10 вёсак, у тым ліку і Казадоі. Жыхары вёскі паспелі сысці ў лес. Выкапалі там зямлянкі, стварылі лясны лагер. Георгій навучыўся там плесці лапці — абутак быў вельмі патрэбны жанчынам і дзецям.
У студзені 1944-га ў лагер пры- ехалі партызаны. Юнак пайшоў з імі, стаў байцом атрада імя Кутузава 1-й партызанскай брыгады імя Заслонава. Знаходзіўся ў рэзерве для папаўнення шэрагаў Чырвонай Арміі. Розныя заданні даводзілася выконваць у атрадзе. Хадзіў з хлопцамі ў разведку, патруляваў у начны час вёску, дзе размяшчаўся атрад, дапамагаў у нарыхтоўцы хлеба.
— 26 чэрвеня 1944 года партызаны сустрэліся з воінамі Чырвонай Арміі, — расказваў пазней, у мірны час, Георгій Афанасьевіч. — У ліпені Аршанскі ваенкамат мабілізаваў мяне на службу. Ваяваў з ворагам у мінамётнай роце 1-га батальёна ў 707-м Нёманскім палку 215-й гвардзейскай Смаленскай дывізіі, на III Беларускім фронце. На фронце ў снежні 1944-га ўступіў у камсамол. Быў двойчы паранены. Пасля лячэння ў шпіталі мяне залічылі ў 203-і асобны стралковы полк у мінамётны батальён. Калі быў узяты Кенігсберг, III Беларускі фронт расфарміравалі. І ў ноч з 1 на 2 мая 1945 года ў горадзе Нотэнбург наш полк быў пагружаны ў эшалон і накіраваны на Далёкі Усход. Па дарозе, у Свярдлоўску, мы пачулі пра Перамогу. Вестка была такой радаснай! Але мяне наперадзе яшчэ чакалі баі з японскімі мілітарыстамі. Ваяваў там на I Далёкаўсходнім фронце. Дэмабілізаваўся ў лістападзе 1950 года.
Пачалося мірнае жыццё. Георгій Халецкі закончыў вячэрнюю школу з сярэбраным медалём. Паступіў у Аршанскі настаўніцкі інстытут, у 1960 годзе закончыў Магілёўскі педагагічны інстытут, атрымаў прафесію настаўніка матэматыкі. З 1962 года працаваў у СШ №2 г. Нясвіжа, а затым 22 гады — у СШ №3. Як мужна змагаўся ў ваеннае ліхалецце з акупантамі, гэтак жа добрасумленна нёс веды сваім вучням. Да ваенных узнагарод — ордэна Вялікай Айчыннай вайны 1-й ступені, медалёў “За адвагу”, “За ўзяцце Кенігсберга”, “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941 — 1945 гг.”, “За перамогу над Японіяй” — дабавіліся адзнакі мірнага часу. Георгій Афанасьевіч быў узнагароджаны знакам “Выдатнік народнай адукацыі БССР” і “Выдатнік асветы СССР”.
Працоўныя Нясвіжчыны вылучалі яго дэлегатам I Усебеларускага народнага сходу, VII з’езда настаўнікаў Беларусі. Георгій Афанасьевіч быў яскравым правадніком дзяржаўнай палітыкі. Ён браў актыўны ўдзел у розных мерапрыемствах. Часта сустракаўся з вучнямі школ, навучэнцамі каледжа. Расказваў моладзі, якой цаной былі заваяваны нашы сённяшнія мірныя дні, як трэба берагчы ўсё, што зроблена старэйшым пакаленнем, ведаць гісторыю.
Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ,
заслужаны журналіст
Беларускага саюза журналістаў.